Лета – пара водпускаў, адпачынку на прыродзе, канікул дзяцей. Але лета – гэта таксама адказная, гарачая і клапатлівая праца вяскоўцаў, дачнікаў, пенсіянераў, інвалідаў на прыся- дзібных сотках і агародах.
Здаўна вядома: вясенні і летні дзень людзей увесь год корміць, бо ў магазіне, на базары не вельмі накупляешся. Так што малазабяспечаным, пенсіянерам і інвалідам патрэбна мець сваю бульбу, капусту, памідоры, гуркі і іншую гародніну. А тут з імі часта ўзнікаюць розныя праблемы.
Некаторую дапамогу і парады вяскоўцам аказваюць знаўцы кнігі — бібліятэкары раёна. Нядаўна нашу невялікую вёсачку на сваім аўтобусе з кнігамі (бібліёбус), часопісамі на любы густ наведала дырэктар ЦБС Таццяна Серая са сваімі работнікамі. Яны выслухалі пытанні пенсіянераў, некаторыя запісалі. Затым прапанавалі кнігі, часопісы для агульнага кругагляду, вольнага часу і адпачынку, але больш на сельскагаспадарчыя тэмы, дзе ёсць адказы, парады на пытанні. Так, гараджанка Марыя М. узяла 1 часопіс “Домашний очаг», 3 — “Приусадебное хозяйство”, Зіна Шпакоўская запісала на сябе 5 часопісаў “Крестьянка” і 2 — “Приусадебное хозяйство”, Анатоль Сяўрук узяў 3 альманахі “Рыболов-спортсмен”, Алена Мароцкая – 2 часопісы “Лена”, адну мастацкую кнігу. Ветэран, аўтар гэтай заметкі, папрасіў бібліятэкараў знайсці Пастанову ці Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб льготах інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам вайны, работнікам тылу і фронту, людзям, вывезеным на работу ў Германію, дзецям, якія атрымалі інваліднасць ад наступстваў вайны.
Бібліятэкары паабяцалі прыехаць у наступны раз з новай інфармацыяй і адказамі. І ўсё гэта бясплатна, з дастаўкай на дом.
Уладзімір КОЎШ,
в. Бабавенка
Комментарии