Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

55

Умовы аднолькавыя, а людзі — розныя

25.06.2011
У раёне практычна закончылася нарыхтоўка кармоў з траў першым укосам. У сянажныя траншэі пакладзена звыш 100 тысяч тон сенажу, на захоўванні знаходзіцца каля 9000 тон сена. Вядома ж, надзея на добрую атаву застаецца, а значыць кармавыя запасы папоўняцца. Аднак не менш важнай справай з’яўляецца захоўванне ўжо нарыхтаваных кармоў. Гэта праблема была адной з тых, што браліся пад увагу падчас сумеснага рэйду, у ходзе якога былі наведаны гаспадаркі-суседкі — ААТ “Мажа-Агра” і ААТ “Піянер-Агра”. Акрамя таго, у поле зроку рэйдавай групы трапілі некаторыя дойныя статкі названых гаспадарак, звярталася ўвага на ўмовы ўтрымання маладняку і парадак на прыфермскіх тэрыторыях. Аб’езд тэрыторыі ААТ “Мажа-Агра” ажыццяўляўся з непасрэдным удзелам дырэктара таварыства Мікалая Гурыновіча і галоўнага ветурача Сяргея Аўтушкі, у ААТ “Піянер-Агра” нас суправаджаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Канаваленка. Для таго, каб зрабіць заключэнне аб стане спраў у абодвух прадпрыемствах, не трэба быць вялікімі знаўцамі асаблівасцей вядзення сельскай гаспадаркі. Дастаткова толькі ўбачыць і параўнаць. У нашым выпадку — паглядзець на фотаздымкі, дзе адлюстраваны аднолькавыя па сваім функцыянальным прызначэнні аб’-екты. Толькі вось выглядаюць яны па-рознаму. Калі ў ААТ “Піянер-Агра” сянажная траншэя, згодна з патрабаваннямі, абгароджана, накрыта зверху саломай, мае адпаведны пашпарт, то ў ААТ “Мажа-Агра” ў якасці ўкрыўнага матэрыялу чамусьці вырашылі выкарыстаць… будаўнічае смецце. Ва ўсякім разе ўзнікае такое ўражанне. І толькі пасля нашага прыезду і выказанай заўвагі кіраўнік гаспадаркі аддаў загад тэрмінова накіраваць да сянажнай траншэі аўтамабіль, людзей, і работа закіпела… (Невялічкая рэмарка да вышэйсказанага — ля траншэі прымацавана таблічка, на якой ёсць подпіс галоўнага ветурача, як сведчанне таго, што кармы прыняты, а значыць — тут усё ў поўным парадку…). Яшчэ больш дыяметральна супрацьлеглыя ў названых гаспадарках ўмовы ўтрымання маладняку. Возьмем, да прыкладу, цялятнік у вёсцы Усава (ААТ “Мажа-Агра”) (здымак 1), дзе знаходзяцца цялушкі злучнога ўзросту. Не палічыце за перабольшванне, але ўзнікае ўражанне, што ў іх хутка перапонкі на капытах вырастуць, паколькі небаракам даводзіцца амаль пастаянна знаходзіцца ў вадзе. І якую карысць у дадзеным выпадку прыносяць гэтыя прагулкі на свежым паветры?! Не лепшая сітуацыя і з цялушкамі на ферме “Мажа”, якія таксама месяць гразь у доржніку. А думаеце лепшыя ўмовы для кароў у летнім лагеры? Ніяк не лепшыя, калі не горшыя! Тая ж гразь па калена, а то і вышэй. Бедалагам, каб ускараскацца на дойку, трэба прыкласці нямала намаганняў, а можа і атрымаць не адзін удар (ні для кога не сакрэт, што і такое мае месца). Ды і ўмовы працы для саміх даярак вельмі добрымі не назавеш. Прадстаўнікі гаспадаркі спасылаліся на тое, што, маўляў, дождж ідзе, таму і гразь. Нават у двары самага лепшага гаспадара, калі там многа жыўнасці, у такое надвор’е не праехаць, не прайсці. Аднак, навошта кідаць камень у двор нейкага там абстрактнага гаспадара? Дастаткова праехацца ў суседнюю гаспадарку і наведаць тутэйшыя цялятнікі і выгульныя двары, якія засланы саломай (здымак 2). Як могуць упэўніцца чытачы газеты, сітуацыя тут іншая. А можа, у Ванелевічах дажджы не ідуць? Нейкім дзівосным чынам абходзіць непагадзь гэту гаспадарку? А выпасванне дойных статкаў? Гэта таксама тэма для асобнай размовы. У той жа Мажы, непадалёку ад птушніка, каровы паразыходзіліся на такой плошчы, што нават і размовы няма пра нейкую там франтальную пасьбу ці папярэджвальнае падкошванне пашы. Жывёле, каб дабрацца да бочкі з вадой, трэба прайсці не адну сотню метраў (добра, што трава мокрая, пасля дажджу, не так піць хочацца). Не ўбачылі мы і ніводнага пастуха. Можа, ім было брыдка за сваю работу і яны хаваліся недзе ў кустах?! Пра які прырост малака тут можна гаварыць? Зусім іншае ўбачылі ў “Піянеры-Агра”. Міжволі ўзнікае пытанне: “У чым жа тут справа?” Відаць, усё-такі ў людзях, іх імкненні рабіць сваю справу як мае быць, з разуменнем важнасці сённяшняй сітуацыі, калі нават на дробязях можна мець станоўчы рэзультат. У рэйдзе бралі ўдзел: Леанід ПАЛЯШЧУК, галоўны ветурач Капыльскага раёна; Маргарыта САКОВІЧ, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Слава працы” Фота Маргарыты САКОВІЧ

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей