Чарговы семінар па жывёлагадоўлі адбыўся на базе адкрытых акцыянерных таварыстваў “Суворава-Агра”, “Праснакі” і дзяржаўнага прадпрыемства“Грозава-агра”. Галоўныя заатэхнікі і ветэрынарныя ўрачы гаспадарак раёна на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Ірынай Кісляк і першым намеснікам начальніка райсельгасхарчу Віталем Ракевічам пабывалі на аб’ектах названых сельгаспрадпрыемстваў, пазнаёміліся з ходам нарыхтоўкі кармоў.
Добрыя ўражанні засталіся ад наведвання ААТ “Суворава-Агра”. Літаральна за месяц у гаспадарцы адбыліся значныя зрухі ў лепшы бок: наведзены парадак на фермах, на прылягаючых тэрыторыях, зроблена дэзінфекцыя, пабудовы пастаянна абкошваюцца. Напрыклад, як адзначыла Ірына Кісляк, калі раней на МТФ “Камень” цялушкі амаль што патаналі ў гноі, то цяпер зусім іншая сітуацыя. Чаго нельга сказаць пра некаторыя іншыя гаспадаркі. Статак у “Суворава-Агра” доіцца ў перасоўных даільных устаноўках, падзенне ўзроўню малака не дапускаецца, а наадварот, назіраецца “плюс” прыкладна 1 кг да ўзроўню мінулага года (разам з імі “плюсуюць” толькі “Капыльскае” і “Жыліхава”). Таксама ўдзельнікі семінара азнаёміліся з летнім лагерам для жывёлы і з за-кладкай шматкампанентных пашаў у в. Карачоўшчына.
У ААТ “Праснакі” была паказана закладка сянажнай ямы (дарэчы, як гэтага не трэба рабіць). Яма павінна закрывацца максімальна за пяць дзён. А на момант наведвання яна ўжо закладвалася больш чым тыдзень. Да таго ж, не была падрыхтавана (абкошана толькі з аднаго боку). Тэмпература сенажу ў некалькі разоў перавышала дапушчальныя нормы. А вось у якасці станоўчага прыкладу адзначана свінатаварная ферма “Жукі”, дзе наведзены неабходны парадак.
Зусім іншая сітуацыя па закладцы сенажу ў ДП “Грозава-агра”. Закрываецца яма за два-тры дні, маса добрая, захоўваецца тэмпературны рэжым. На МТФ “Папоўцы” было бачна, што аб’екты рыхтуюцца да зімовага перыяду, наводзіцца парадак на прыфермскіх тэрыторыях.
На пленарным пасяджэнні ў першую чаргу была звернута ўвага на скарачэнне знаходжання кароў на гарачыні, змяншэнне загонак на пашах, недапушчэнне пасьбы на перарослых травах, арганізацыю падкормкі сакавітай зялёнай масай і г. д.
Таксама былі падведзены вынікі работы галіны за пяць месяцаў. Як адзначыў Віталь Ракевіч, радавацца няма чаму. У гаспадарках раёна катастрафічна падае ўзровень надояў малака, тое ж можна сказаць і пра прывагі па вытворчасці мяса. Асаблівы папрок быў зроблены за колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы. У большасці гаспадарак, за выключэннем “Мажы-Агра”, “Скабіна”, “Прагрэса-2010”, “Старыцы-Агра”, “Доктаравіч”, “Бабоўні” і “Прамяня”, назіраецца змяншэнне пагалоўя. І гэта адна з прычын падзення малака. Таму выказана патрабаванне да канца гэтага года выйсці на мінулагодні паказчык.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии