Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

70

Незабыўнае

04.05.2010

Некалькі дзён аддзяляюць нас ад надзвычай дарагой і хвалюючай падзеі – 65-й гадавіны з Дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Кожны трэці з загінуўшых капылян і тыя нямногія франтавікі і партызаны, хто вярнуўся дамоў, набліжалі Дзень Перамогі. Сярод абаронцаў Айчыны, каму пашчасціла вярнуцца з гэтай жудаснай вайны, былі мае настаўнікі пасляваеннай капыльскай сярэдняй беларускай школы. Гэты артыкул прысвячаю ім.

1 верасня 1948 года мяне, 7-гадовую дзяўчынку, прывяла мама ў драўляны дом №21 па вуліцы Карла Маркса (цяпер Жылуновіча), які быў маёй першай школай. Гэта быў як бы філіял “вялікай” школы, як мы, дзеці, яе называлі. Ён знаходзіўся ў цэнтры Капыля, дзе цяпер працуе раённы метадычны кабінет настаўнікаў.

На дворыку каля школкі было шмат дзетвары – маіх аднагодкаў і намнога старэйшых за нас. Усе гаманілі, хваляваліся. Гоман спыніўся, калі з будынка выйшла настаўніца – маладая прыгожая жанчына. Прывіталася гучна і запрасіла ўсіх у клас. Звалі настаўніцу Алена Антонаўна Карнейчык. У класе стаялі доўгія, пафарбаваныя ў чорны колер парты. Мы селі за парты і ўважліва слухалі. Алена Антонаўна запісвала нас у 1 “А” і 1 “Б” класы. Паведаміла, каго яна назаве, пойдуць разам з ёю ў 1 “А”, які знаходзіўся за дашчатаю перагародкай, астатнія застануцца на месцы. Гэта будзе 1 “Б”, іх будзе вучыць Аляксандра Рыгораўна Маліноўская. Я засталася з Аляксандрай Рыгораўнай, вельмі маладой і прыгожай, маёй першай настаўніцай. Праўда, праз год яна змяніла месца жыхарства, выйшла замуж, але памяць пра яе жывая, бо вельмі любіла яна нас, радавалася кожнаму нашаму поспеху. Працаваць з намі ёй было нялёгка. Сярод нас, сямігодак, было шмат “пераросткаў” (так называлі дзяцей, якія ў вайну не змаглі наведваць школу). Аляксандра Рыгораўна клапацілася, каб мы былі дружнымі, шчырымі адзін да аднаго. Не хапала падруч-нікаў, даставаўся адзін  на дзесяць вучняў. “Русанкаўцы” бралі на дзве гадзіны “Роднае слова”, перадавалі нам — “варашылаўцам”. А задачнікамі першымі карысталіся мы і ў тэрмін перадавалі на “Русанкі”. Пісалі алоўкамі на чым папала, бо сшыткаў не было. А калі мама купляла іх у каго-небудзь ці выменьвала на харчы (яйкі, сала), была вялікая радасць. Аляксандра Рыгораўна падбадзёрвала нас, гаварыла, як добра цяпер без вайны. Пазней мы даведаліся, што Аляксандра Рыгораўна, як і Алена Антонаўна Карнейчык былі ў партызанскім атрадзе сувязнымі. Цяжкія выпрабаванні выпалі на іх долю. Блуканне па лясах і балотах, часта без ежы і цёплай вопраткі, але з вялікім пачуццём адказнасці за справу, якую ім давяралі камандзіры.

У 2-м класе вучыла нас Лагвіненка Алена Іосіфаўна, былая сувязная партызанскага атрада імя Шчорса брыгады №27 імя Чапаева. Сваіх дзяцей у яе не было. Алена Іосіфаўна пра нас, дзяцей вайны, клапацілася, як пра сваіх родных. Мы прадаўжалі вучыцца ў тым самым доме №21 на вуліцы Карла Маркса, але ўжо за драўлянай перагародкай. Клас быў многа меншы, ды за партамі сядзелі па двое. Зімой было вельмі холадна, адна грубка  не паспявала абагрэць два класы. Алена Іосіфаўна сагравала нашы замерзлыя рукі сваім цёплым пяшчотным дыханнем, усіх нас на перапынку прыціскала да сябе. Правярала, як былі апрануты і абуты. Які цудоўны быў у яе почырк! І яна вельмі клапацілася, каб мы пісалі прыгожа, і радавалася, калі хто пісаў не толькі граматна, але і прыгожа. Часцяком прычынай кляксаў у сшытках былі нашы шкляныя чарнільніцы, якія мы насілі з дому ў торбачках накшталт партфеляў. Праўда, праз год за выдатную вучобу бабуля купіла мне сапраўдны партфель, і чарнільніца прывязвалася звонку да партфеля ў мяшочку накшталт “табакеркі”. Цяпер наш 3 “Б” вучыўся ўжо ў “вялікай” школе, але ў другую змену. Пісалі мы драўлянымі ручкамі з мудрагелістым пяром. Гэтыя пёры дапамагалі выконваць патрэбныя націскі. Літары атрымліваліся круглыя, прыгожыя. Настаўніца радавалася. А якая шчаслівая яна была, калі пераводныя экзамены ўвесь 4 “Б” здаў паспяхова! Такая вось мудрая, добрая, патрабавальная была наша Алена Іосіфаўна Лагвіненка.

1952 год. У нас ужо многа настаўнікаў. Хваляваліся, безумоўна. Асабліва, калі даведа-ліся, што геаграфію будзе выкладаць сам дырэктар – Аляксандр Пятровіч Дземідовіч. Але хутка зразумелі, што нам вельмі пашанцавала. Мы не толькі добра арыентаваліся на карце. Дзякуючы настаўніку-франтавіку, мы добра зразумелі, чаму нашы бацькі аддалі сваё жыццё за  нашу краіну. Даведаўшыся, што ў большасці з нас бацькі загінулі на вайне, дырэктар не прамінаў пацікавіцца ў кожнага, як мы жывём, дзе працуе матуля, ці дапамагаем мы ёй, ці любім вучыцца, ці ўсё атрымліваецца. Нам было вельмі добра ад клопату. Думалася, вось такім быў бы мой тата, якога я нават не памятаю, бо было мне толькі 3 месяцы, як пачалася вайна. З новых прадметаў, якія выкладаліся ў пятым класе, была нямецкая мова. “Чаму нямецкая?” – пыталіся мы адзін у аднаго.  – Гэта ж мова ворагаў нашых!” Гэтае пытанне больш не ўзнікала, калі на ўрок прыйшла маладая, з блакітнымі прыгожымі вачыма і локаністай прычоскай Вольга Захараўна Маркоўнік. Яна адразу растлумачыла, чаму трэба ведаць нямецкую мову. Многія савецкія разведчыкі, дзякуючы валоданню гэтай мовай, прыбліжалі перамогу над ворагам у гады вайны. Па-другое, гэта мова не толькі фашыстаў. Па-нямецку размаўлялі Роберт Кох, Ёзаф Рэнтген, Альберт Эйнштэйн, Дызель. Зразумела, мы нічога не ведалі пра гэтых вучоных. Але пазней, у старэйшых класах, неаднойчы сустракаліся з іх вялікімі адкрыццямі ў медыцыне, тэхніцы. Яна і пра сябе расказвала, што веданне нямецкай мовы дапамагло ёй ужо пасля вайны ўладкавацца на працу справаводам у адну з вайсковых часцей у Германіі, дзе служыў яе муж Васіль Андрэевіч Гарашчэня, афіцэр Савецкай Арміі. Скончыўшы службу ў часцях Савецкай Арміі, сям’я Гарашчэняў вярнулася ў Капыль. Васіль Андрэевіч абараняў Маскву, Сталінград, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступенні, медалямі. Вольга Захараўна, яго жонка, таксама актыўная абаронца Айчыны. Была сувязной у партызанскім атрадзе імя Кутузава брыгады імя Лявонава. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІІ ступені, многімі медалямі.

Пасляваеннае жыццё абодвух было звязана з нашай школай. Гэта былі вельмі адукаваныя, тактоўныя настаўнікі, у якіх заўсёды хапала часу ўдзяліць патрэбную ўвагу кожнаму вучню. Вольга Захараўна ў старэйшых класах выкладала рускую мову і літаратуру. Дапамагчы дзіцяці, у якога былі хібы ў рускай мове, для Вольгі Захараўны было, як само сабой зразумелае. Васіль Андрэевіч з 1961 па 1979 г. да выхаду на пенсію ўзначальваў нашу школу і пакінуў аб сабе самыя добрыя ўспаміны як мудры, высакародны кіраўнік і вельмі ўважлівы да кожнага настаўніка.

Ішоў 1953 пасляваенны год. Нашага дырэктара Аляксандра Пятровіча назначылі загадчыкам аддзела адукацыі. Цікава, якім будзе наш новы дырэктар. Мы ўжо – шасцікласнікі: навучыліся аналізаваць школьныя падзеі. Даведаліся, што пакуль замяняе дырэктара завуч Аляксандр Антонавіч Зянько. Ён выкладаў гісторыю ў старэйшых класах. Яго вельмі паважалі старшакласнікі, бо ён быў высокаадукаваны, справядлівы і патрабавальны. Цаніў дысцыпліну і парадак у школе, бо суровыя франтавыя гады навучылі вялікай мудрасці таленавітага педагога.

Сакавік 1953 года. У школе новы дырэктар Галіноўскі Пётр Ніканавіч. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны да 1953 года ўсё жыццё яго было звязана з абаронай Айчыны ад фашысцкай нечысці. Пётр Ніканавіч вызваляў Варшаву, выконваў адказныя заданні ў органах дзяржаўнай бяспекі. У 1952 годзе працаваў начальнікам Капыльскага райаддзела бяспекі. Таму і ў школу на працу прыходзіў спачатку ў шынялі, афіцэрскіх ботах і галіфэ. Нам, падлеткам, было вельмі цікава, як вітаць дырэктара. Але хутка ўсё стала на свае месцы. Пётр Ніканавіч быў з гумарам, уважлівы да ўсяго, што дзеецца ў школе. Быў вельмі строгі да курыльшчыкаў. Можа, таму ў нашым “Б” класе юнакі не курылі. Пятру Ніканавічу не падабаліся ўмовы, у якіх мы вучыліся, хоць гэта была ўжо “вялікая” школа па тым часе. Мы вучыліся ў другую змену. На апошніх уроках запальвалі свечкі, бо электрасвятло часта давала збой. Школа была перапоўнена. Да нас прыходзілі вучні з навакольных вёсак: Рымашоў, Бабоўні, Выні, Нізкавіч, Дусаеўшчыны і іншых. На адной са школьных лінеек дырэктар аб’явіў радасную навіну: распачата будоўля новай школы. Але і ў нашай “цеснай” школе бурліла цікавае жыццё. У школе працавалі таленавітыя настаўнікі, маладосць якіх была апалена вайной, але не патухла патрэба любіць і радавацца жыццю.

Цікава было арганізавана ў 50-х гадах супрацоўніцтва камсамольцаў-старшакласнікаў з камсамольцамі-настаўнікамі. Сумесна рыхтавалі яны канцэрты мастацкай самадзейнасці для бацькоў і жыхароў навакольных вёсак. Асабліва актыўнымі былі Шыманскі Сяргей Вікенцьевіч – былы партызан і франтавік, ваенны кіраўнік у школе, Лучыновіч Ірына Кандрацьеўна – партызанка-разведчыца. У школе яе празвалі “варашылаўскім стралком”, бо на спартыўных спаборніцтвах  лепш за яе ніхто не трапляў у мішэнь. Цяжка было паверыць, што гэтыя настаўнікі не так даўно на сваіх плячах вынеслі жудаснае ваеннае ліхалецце. Дубоўскі Канстанцін Іванавіч – настаўнік фізікі — з 1941 г. у складзе 1-й лыжнай брыгады І ударнай Арміі ваяваў на Заходнім фронце, затым абараняў Маскву. Мароз М. С. з 1941 г. ваяваў на Заходнім, Данскім, Беларускім франтах. Узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”. Такім мужным, самаадданым патрыётам быў і Гарэлікаў Анатоль Герасімавіч. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За абарону Кіева”, “За абарону Сталінграда”. Мароз М. С. і Гарэлікаў А. Г. пэўны час працавалі ў школе ваеннымі кіраўнікамі. Менавіта яны падрыхтавалі ў вышэйшыя ваенныя вучылішчы лепшых нашых выпускнікоў. Яны сваім выхаванцам-дапрызыўнікам прывівалі гонар і павагу да воінскай службы.

Незабыўную, добрую памяць пра сябе па-кінуў надзвычай таленавіты настаўнік Сяргей Вікенцьевіч Шыманскі. З 1938 па 1941 гады – камандзір узвода ў складзе 207 стралковага палка Паўднёвага і Бранскага франтоў. Полк трапіў у акружэнне. Наш мужны зямляк выйшаў з акружэння, вярнуўся на радзіму, далучыўся да партызанскага атрада імя Чапаева, які злучыўся з часцямі Савецкай Арміі. На Заходнім фронце ваяваў камандзірам узвода і батарэі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”. Пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі ў 1947 г. вярнуўся да любай настаўніцкай справы. Цяжка нават уявіць, чым не валодаў Сяргей Вікенцьевіч. Выкладаў маляванне ў 5-6 класах, гэтыя ўрокі былі на-дзвычай любімымі. Спытаеце, чаму? З крэйдай у руцэ ён на дошцы расказваў, маляваў, як яго байцы бралі “языка”. Перад вачыма ўзнікалі акопы, бліндажы. Адна замалёўка змяняла другую. Мужныя байцы пераадольвалі ўсе перашкоды.

Не менш цікавымі былі ў старэйшых класах яго ўрокі сельгаспрацы і хіміі. На гэтыя ўрокі Сяргей Вікенцьевіч браў з сабою фота-апарат. Найбольш трапныя моманты дазваляў нам фатаграфаваць. Фотаздымкі рабілі самі з настаўнікам, бо ён у нас вёў фотагурток. Пад яго кіраўніцтвам пісаўся летапіс школы. А які цудоўны стэнд медалістаў быў у школе! На фотаздымку кожнага медаліста красаваўся медаль адпаведнага колеру. Уявіце сабе: без камп’ютэра гэта мог выканаць ў 50-я гады толькі ён, А. С. Шыманскі, рэдкі фантазёр і непаўторны фатограф.

Вельмі цёпла ўспамінаюць выпускнікі 50-70-х гадоў настаўніка матэматыкі Сапешку Вітольда Андрэевіча. Настаўнік-франтавік вызваляў Беларусь, Варшаву, Усходнюю Прусію. Вярнуўшыся з фронту інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, ніколі не страчваў гумару, умеў падбадзёрыць кожнага на ўроку, хто не быў з матэматыкай на “ты”.

Уявіць нашу школу пяцідзесятых без Корневай Марыі Аляксандраўны і Сергіені Людмілы Сцяпанаўны проста немагчыма. Менавіта гэтыя жанчыны былі асабліва знакавымі асобамі ў педкалектыве. Спытаеце, чаму? Людміла Сцяпанаўна з 1959 да выхаду на пенсію ў 1977 годзе – нязменны старшыня прафсаюзнай арганізацыі ў школе. А гэта — клопат пра кожнага члена педкалектыву, пра яго турботы і радасці. У школе было вельмі многа добрых традыцый: не забыць павіншаваць з днём нараджэння, наведаць маладую маму ў роддоме, парадавацца разам з нагоды нараджэннем маладой сям’і. Менавіта ў гэты час бур-ліла культурна-масавае жыццё ў школе. Людміла Сцяпанаўна  арганізоўвала выязныя канцэрты ў калгасы, асабліва напярэдадні вялікіх дзяржаўных свят. У школе выкладала беларускую мову і літаратуру і спецкурс кройкі і пашыву адзення для дзяўчынак у старэйшых класах. Прайшло шмат гадоў з гэтага часу. Былыя выхаванкі Людмілы Сцяпанаўны, ужо сталыя жанчыны, з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць яе ўрокі кройкі і пашыву. У яе  талент эстэта і стыліста. Але гэтага мала для настаўніка. Галоўнае, што ўмееш сама, — навучы іншых. І гэта ўмела Людміла Сцяпанаўна. Менавіта за гэта ўдзячны ёй усе, хто прайшоў яе школу выхавання. Між іншым, дзіцячыя і маладыя гады яе былі суровымі. Расла сіратою, усяму вучылася ад старэйшых сясцёр. Падчас вайны пайшла ў партызаны, была разведчыцай у складзе спецгрупы Генеральнага Штаба Савецкай Арміі. Узнагароды Айчыны дарагія: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За Перамогу над Германіяй”, “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені, “Выдатнік народнай асветы”.

А якім неардынарным чалавекам і педагогам была Марыя Аляксееўна Корнева! Былая сувязістка партызанскага атрада імя Чапаева, а затым 27-й брыгады імя Чапаева. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені. Яна вельмі добра ведала, як пранікнёна перадаць падзеі ваенных гадоў на сцэне. Адным словам, настаўніца з Вялікай літары і да мозгу касцей улюбёная ў сваю настаўніцкую прафесію. Вось такой бачыцца мне Марыя Аляксееўна з погляду вучаніцы сёмага класа, у якім выкладала беларускую мову і літаратуру. Але не толькі за непрадказальнае на ўроках паважалі мы яе. У кожным з нас Марыя Аляксееўна імкнулася ўбачыць своеасаблівыя сцэнічныя зоркі. Рамантык па характары, яна вучыла нас марыць. Яе драматычны гурток запомніўся мне на ўсё жыццё. Спектаклі, якія мы ставілі з Марыяй Аляксееўнай, і цяпер своеасаблівы радасны ўспамін аб школьным жыцці. Асабліва ў памяці кранаючыя ўрыўкі з “Маладой гвардыі”. Мая сяброўка і аднакласніца Зінка Іваноўская, яна ж Любка Шаўцова, і цяпер, як жывая. На жаль, яе ўжо даўно няма сярод нас. Сярожа Цюменін – Адась Кулікоўскі, на жаль, і яго няма ўжо з намі. Святлана Лабкова – Валя Борц, жыве ў Санкт-Пецярбургу,  Мікалай Бялко – Алег Кашавы – звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, Аня Гардзіевіч – Ульяна Громава – аўтар гэтых успамінаў, настаўніца-пен-сіянерка, такая ж няўрымслівая, як яе настаўніца Марыя Аляксееўна. Вельмі хочацца памятаць і быць удзячнымі тым, хто нас абараняў і вучыў разумнаму, добраму, вечнаму.

Блізіцца Дзень Перамогі, самы добры і гуманны дзень. На жаль, толькі чацвёра паважаных ветэранаў з 13, пра якіх я расказала ў гэтым артыкуле, будуць святкаваць 65-годдзе Вялікай Перамогі. Жыць яшчэ доўга і радасці жадаю вам, дарагія нашы ветэраны, Марыя Аляксееўна Корнева, Людміла Сцяпанаўна Сергіеня, Алена Антонаўна Карнейчык, Анатоль Герасімавіч Гарэлікаў. Многіх няма ў жывых. Але будзем памятаць пра іх заслугі, бо ніхто не забыты, нішто не забыта.

Г. І. АРЛОЎСКАЯ,

старшыня ветэранскай арганізацыі гімназіі №1 г. Капыля і райсавета ветэранаў педагагічнай працы


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей