63
осеменаторы
10.10.2019
У жывёлагадоўлі ўсе прафесіі важныя, але тэхнік-асемянатар — на асаблівым рахунку. Па сутнасці, гэта выток, аснова жывёлагадоўчай галіны.
У тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адданыя сваёй справе тэхнікі-асемянатары, як правіла, на высокім узроўні пастаўлена праца па ўзнаўленні статка. Там заўсёды ёсць паспяховыя расцёлы, высокая захаванасць маладняку, ёсць малако і мяса, а ў канчатковым выніку, і высокі ўзровень эканомікі гаспадаркі, яе дабрабыту.
Падчас традыцыйнага раённага конкурсу-атэстацыі, які праводзіўся пад эгідай Капыльскага філіяла РУСП «Мінскае племпрадпрыемства», вызначылі самых кваліфікаваных тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы.
Трэба адзначыць, што сёлета лідары конкурсу прафесійнага майстэрства змяніліся. Можна сказаць, што вярнуліся тыя, якія былі прызнаны лепшымі ў папярэднія гады. Такім чынам, пераможцай прызнана Зоя Сяргей з УП «ПІК-Лясное», другое месца заняла Наталля Вішнеўская, а трэцяе — Марына Бельская (абедзве — з ААТ «Ціміразеўскі»).
— Падобныя конкурсы праводзяцца з мэтай не толькі ўдасканалення майстэрства і вызначэння лепшых у запатрабаванай у эканоміцы прафесіі, але і штогадовай атэстацыі тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, — адзначыў член су-дзейскай калегіі, галоўны спецыяліст па біятэхналогіі, ветурач Мінскага племпрадпрыемства Фёдар Курловіч. — Ключавую ролю адыгрывае павышэнне паказчыкаў узнаўлення статка. Будзе статак — будуць у гаспадарцы малако і мяса, а значыць, і грошы. Калі тэхнік-асемянатар дрэнна спрацуе, па няведанні або ў сілу іншых прычын, то за адзін год ён можа давесці гаспадарку да эканамічнага крызісу. Для спецыялістаў гэтай прафесіі патрабуюцца спецыфічныя навыкі і веды, акрамя таго, неабходна вельмі любіць жывёлу, клапаціцца пра яе, весці за ёй штодзённыя назіранні, а таксама планаваць сваю работу (па кожнай карове) на некалькі месяцаў наперад. Менавіта ад эфектыўнай працы асемянатараў напрамую залежыць падтрыманне каровы ў «рабочым стане» (калі яна дае шмат малака).
— Стабільных вынікаў цяжка дабіцца без сумеснай працы ўсіх зоаветспецыялістаў гаспадаркі, — лічыць лідар конкурсу Зоя Сяргей. — Мы, можна сказаць, не проста выконваем кожны сваю справу, але стараемся дапаўняць адзін аднаго. Заўсёды гатовы даць слушную параду і дапамагчы пры ўзнікненні нейкай праблемы і работнікі раённых зоаветэрынарных службаў.
Сёлета на раённым конкурсе былі ўшанаваны і тыя, чый прафесійны стаж у галіне налічвае звыш 30 гадоў. Яны моцна «парадніліся» з любімай справай і разітвацца з ёй не збіраюцца. Сярод іх — Таццяна Сянькевіч з УП «ПІК-Лясное», Наталля Юрчэня — з ААТ «Скабін», Валянціна Юшкевіч — з КСУП «Доктаравічы», Наталля Валога — з ААТ «Капыльскае» і Алена Ціманава з ААТ «Семежава».
Пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, аграпрамысловага саюза, а кожны ўдзельнік конкурсу — падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Сяргей КОЗЕЛ
Поделиться
Комментарии