Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

Как в Копыле встретили первый день войны

22.06.2011
У асноўным капыляне даведаліся, што пачалася вайна, у першы дзень, калі па радыё ў 12 гадзін выступіў народны камісар замежных спраў Молатаў. А вось супрацоўнікі райгазеты даведаліся раней, што фашысты рухаюцца па нашай зямлі. Валянціна Мікалаеўна Паўлюшчык аддрукавала ноччу апошні нумар газеты і толькі легла дома падрамаць, як прыбег рэдактар Іван Кучук: «Уставай, Валя! Вайна!» Усе супрацоўнікі — Яўген Жылка, Васіль Наркевіч, Ганна Гурыновіч, Валя Паўлюшчык і сам рэдактар — хаваюць і дакументы, і абсталяванне. У райкаме таксама стараюцца схаваць спіскі партыйнага актыву. У калгасах і сельсаветах раёна нават спальвалі некаторыя дакументы, якія маглі пашкодзіць людзям. — Свяціла ласкава сонейка, весела шчабяталі птушкі, а пчолкі з жужаннем садзіліся на лугавыя кветкі. Я закрыў вочы і з задавальненнем удыхаў кветкавы водар, — распавядаў мне Аляксандр Архі-павіч Татарынчык, якому тады было 15 гадоў. — Мыкнула карова, якая пасвілася на так званых маргах (гэта былы аэрадром). Я адкрыў вочы і ўбачыў каля далёкіх кустоў мільганулі і прапалі чорныя постаці. І раптам адтуль раздалася аўтаматная чарга. Непадалеку пасвіў сваю карову 50-гадовы Зімель Пікус. Ён упаў у траву, і я ўпаў, і над намі ўжо нізка праляцелі трасіруючыя кулі. Крышку паляжаўшы, мы падняліся, ніхто больш не страляў. Пікус падышоў да мяне і сказаў: «Саша, напэўна, пачалася вайна!» Я з ім пагадзіўся, бо раней ён мне гаварыў, што на свеце вось-вось штосьці ўзарвецца...» У барацьбу з ворагам Аляксандр уключыцца пазней, пазмагаецца ў партызанах, а затым — на фронце. А яго брат Аляксей, лётчык штурмавой авіяцыі, дасць дыхту немцам, а загіне ў баі праз 2 гады пасля пачатку вайны. 26 чэрвеня Саша ўбачыць, як па вуліцах Капыля будуць ехаць нямецкія абознікі. Яму запомніліся іх моцныя коні з кароткімі хвастамі. Татарынчыкі жылі на вуліцы Садовай (зараз Пралетарская), і яе жыхары бачылі, як немцы спыніліся каля калодзежа, абліваліся вадою і весела гергеталі. Дарэчы, абознікі доўга ў Капылі не затрымаліся, а паехалі падсілкоўваць свае перадавыя часці правіянтам і боепрыпасамі. Жандармерыя і нямецкая адміністрацыя акупіруюць Капыль пазней і пачнуць вешаць і караць нашых людзей. А вось як успамінаюць пачатак вайны вяскоўцы. Былы мой сусед Іосіф Камяк (з яго сынам Віктарам я вучыўся ў школе) расказваў: «Быў сонечны чэрвеньскі дзень, і менавіта ў гэтую радасную цеплыню ўварвалася бяда. Я не ведаў пра гэта і ўстанаўліваў у Орліку рухавік для леснікоў. А калі вярнуўся на Борка-Бялевіцкую МТС, сустрэў там Аляксандра Фёдаравіча Баруцкага, свайго сябра, які расказаў, што разам з дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР Сямёнам Сыманам яны паслухалі радыёпрыёмнік і даведаліся, што сёння пачалася вайна. Фашысты азвярэлі і руйнуюць з самалётаў нашы гарады і вёскі. Актывісты МТС раздалі збожжа і фураж жыхарам вёсак Садавічы, Жабчава, Боркі, каб не дасталося ворагу. Камяк і Баруцкі разам з іншымі эмтээсаўцамі ўліліся ў партызанскую групу камандзіра-пагранічніка Васіля Аляксеевіча Васільева. Наладжвалі засады на немцаў, узрывалі чыгунку на ўчастку Бастынь-Масква. Баруцкі па радыёпрыёмніку запісваў зводкі Савінфармбюро і распаўсюджваў лістоўкі сярод вяскоўцаў. А крыху далей, у суседняй весцы Лютовічы, Аляксандр Біч і Іван Грыгаровіч, пачуўшы пра вайну, вырашылі арганізаваць падпольную групу для барацьбы з ворагам. I трывога была небезпадстаўнай, бо вечарам былі заўважаны фашысцкія дэсантнікі, якія беглі на аўтамагістраль. У  хляве  Біча ўстанавілі радыёпрыёмнік і распаўсюджвалі сярод насельніцтва Бучацінскага сельсавета зводкі Савінфармбюро, прамовы Молатава і Сталіна. У групу падпольшчыкаў уступілі Іван Холад, Мікалай Цяльпук, Іван і Аляксандр Саніковічы. 3 іх дапамогай дарогу ў лес знайшлі камандзіры і байцы Чырвонай Арміі. Цікавы лёс выпускнікоў СШ №2 Капыля. 21 чэрвеня 27 чалавек атрымоўваюць атэстаты. Былыя дзесяцікласнікі танцуюць на выпускным балі, усю ноч ходзяць з песнямі па вуліцах пасёлка, і калі па-святлела, радуюцца новаму дню і новым планам. Яны яшчэ не ведаюць, што адны загінуць, а для іншых мары адкладуцца надалей. Яны з радасцю сустракаюць заранку і не ведаюць, што праз Буг наступаюць на нашу краіну фашысты. Яны яшчэ паспеюць трапіць у рады Чырвонай Арміі. А праз сорак гадоў менш за палову з іх сустрэнецца ў актавай зале школы. У іх ліку В. І. Валынец, В. М.  Кудрэйка,  С. А. Пінус, А. А. Змудзяк, К. І. Загрыва, Я. Г. Лотвін, І. А. Базыльчык, Х. В. Каваленчык, Я. Р.  Эпштэйн, Т. С.Рачкоўская, Б.  І. Сапешка, З. І. Сцяпура. Яфім Рыгоравіч Эпштэйн з гэтай кагорты, як і ўсе сябры-выпускнікі перажыў і бамбёжкі, і атакі на фронце. Абараняў Маскву, быў цяжка паранены і ў 1943 годзе дэмабілізаваны. Франтавік страціў нагу, але не страціў уменне працаваць і на адным з ваенных заводаў інжынер забяспечваў выпуск ваеннай прадукцыі. Іван Лаўрэнцьевіч Макаранка 22 чэрвеня таксама сустракаў світанак з выпускнікамі Грозаўскай дзесяцігодкі. Як ён гаварыў: «Світанак быў ружаваты, быццам прадказваў небяспеку. А праз  два дні хмары нямецкіх самалётаў прынеслі смерць і плач людзям». Яго сябра Іван Місючэнка загіне ў адным з партызанскіх баёў, а вось Яўген Бабарэка дойдзе да Берліна. Сам Лаўрэнцьевіч будзе змагацца ў радах партызан атрада імя Шчорса. Іван ІГНАТЧЫК, член Беларускага саюза журналістаў, г. Капыль    

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей