Паштовае аддзяленне ў аграгарадку Цімкавічы сярод іншых лічыцца на добрым рахунку, бо працуюць там сапраўдныя прафесіяналы.
[caption id="attachment_81625" align="aligncenter" width="840"]
■ Ала Акінчыц, Валянціна Янкіна, Вольга Баркоўская і Аксана Марозава[/caption]
Згадзіцеся, сучаснае аддзяленне паштовай сувязі ў вёсцы — гэта месца, дзе не толькі можна аформіць падпіску на любімыя перыядычныя выданні, але і набыць прадукты харчавання і рэчы штодзённага попыту, ажыццявіць неабходныя плацяжы і разлікі. Але галоўнае, што прываблівае жыхароў, — магчымасць пагутарыць, даведацца пра мясцовыя навіны. Менавіта так, гасцінна і добразычліва, сустракаюць кліентаў у аддзяленні паштовай сувязі аграгарадка Цімкавічы, а яго начальнік Вольга Баркоўская заўсёды з разуменнем выслухае і дапаможа, прапануе выпісаць газету ці часопіс.
— За працай паштальёна я назірала з дзяцінства, бо мая мама Ганна Мікалаеўна Сапешка адпрацавала ў гэтай арганізацыі 34 гады, — расказвае Вольга Віктараўна. — Свой асабісты прафесійны шлях на пошце я пачала з 1994 года. Быў невялікі перапынак, але ўсё ж такі вырашыла вярнуцца сюды, таму што ведаю асаблівасці гэтай работы, і яна мне падабаецца. І не шкадую. Тым больш што побач са мной сапраўдныя прафесіяналы: ветэран працы аператар Валянціна Янкіна, паштальёны Ала Акінчыц і Аксана Марозава. Калектыў у нас склаўся добры, разумеем адзін аднаго і дапамагаем. Дарэчы, супрацоўнікі нашага аддзялення паштовай сувязі ўжо станавіліся прызёрамі конкурсу, які пастаянна аб’яўляе рэдакцыя газеты «Слава працы».
На раёнку, па словах Вольгі Баркоўскай, цімкаўляне падпісваюцца з ахвотай, нават самі, калі надыходзіць час, нагадваюць і тэлефануюць у аддзяленне. І паштальёны спяшаюцца выканаць кожны запыт, нягледзячы на тое, што ўчастак у кожнага вялікі: населеныя пункты Цімкавічы і Чарнагубава. таму прыходзіцца рабіць каля 300 заходаў, каб абысці адзначаную тэрыторыю. Акрамя карэспандэнцыі і газет з часопісамі супрацоўніцы аддзялення прапаноўваюць вяскоўцам прадукты харчавання ці тавары штодзённага попыту, тым больш што ўсё, як кажуць, з дастаўкай на дом. Людзям сталага ўзросту гэта вельмі зручна, бо не кожны зможа па стане здароўя сам дайсці да аддзялення паштовай сувязі або ў магазін.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии