Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

24

Н. Я. Гарашчэня – народны майстар Беларусі

21.06.2011
Жыццё кожнага чалавека ацэньваецца яго працай, яго дасягненнямі, яго нашчадкамі. Пра Ніну Яўгенаўну Гарашчэню можна сказаць адназначна - усё гэта яна мае. Выхавала двух сыноў і дачку, мае цудоўных унукаў. Сваё жыццё звязала з культурай, дзе працуе і сёння. Любае захапленне перарасло ў любую працу, якая дае адчуванне задавальнення. А карпатлівасць, старанне, майстэрства паднялі на прыступку значнага дасягнення. Нарадзілася Ніна Яўгенаўна ў вёсцы Ванелевічы. У 1967 годзе закончыла Ванелевіцкую сярэднюю школу. Працавала загадчыцай Ляшнянскага сельскага клуба. 3 1972 па 2005 год — загадчыцай Ляшнянскай сельскай бібліятэкі. Працу ў бібліятэцы сумяшчала з вучобай у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Працуючы на пасадзе бібліятэкара, яна вяла гурток па вышыўцы «Чароўная іголачка», а затым яшчэ і гурток па ткацтве «Су- квецце» пры Ляшнянскім СДК. 3 2006 года Ніна Яўгенаўна працуе майстрам-метадыстам творчай майстэрні раённага Цэнтра ткацтва пры Ляшнянскім СДК. Для Ніны Яўгенаўны занятак за кроснамі ці вышыўка — гэта не толькі адкрыццё свайго творчага патэнцыялу, выражэнне сваёй фантазіі і выдумкі. Гэта, перш за ўсё, успаміны дзяцінства, калі яна, маленькая дзяўчынка, дапамагала маці па гаспадарцы, а ў вольную хвіліну садзіліся разам за кросны ці вышывалі. Гэтае захапленне засталося на ўсё жыццё. У сваім рамястве Ніна Яўгенаўна выкарыстоўвае мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, надаючы  вырабам адметныя рысы сучаснасці. Працуючы майстрам-метадыстам Цэнтра ткацтва, займаецца выпускам сувенірнай прадукцыі. Вырабляе сурвэткі, ручнікі, ходнікі. Але самае каштоўнае і галоўнае яе дасягненне — навучанне дзяцей народнаму мастацкаму ткацтву. Старэйшая яе навучэнка Даша Рудзеня — дыпламантка рэгіянальных святаў «Матчыны кросны» (2008 г. Старыя Дарогі), «Млечны шлях ад рук бабулі»(2009 г. аг. Семежава). У 2010 годзе дзяўчынкі, удзельніцы гуртка «Суквецце» прымалі ўдзел у І рэгіянальным свяце-конкурсе дзіцячай творчасці «Калыска талентаў» (г. Клецк). Ніна Яўгенаўна атрымала дыплом лаўрэата за арганізацыю пераемнасці і перадачу мясцовых традыцый падрастаючаму пакаленню. Лаўрэатам стала яе вучаніца Алеся Шчэглік. Хрысціна Кавалеўская і Алеся Каражанец атрымалі дыпломы свята ў намінацыі за зберажэнне і творчае развіццё традыцый ткацтва. Ніна Яўгенаўна — удзельніца выставы «Горад майстроў» на абласным свяце «Зажынкі-2009». Прымала ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Вясновы букет» (2007, 2008 гг.). З’яўляецца дыпламантам раённага свята-конкурсу па вышыўцы «Сем колераў вясёлкі» (2009, 2010 гг.). Узнагаро- джана дыпломам абласной выставы «Традыцыйнае ткацтва Міншчыны». У кожнага майстра свой узор, свой стыль. Але вынік адзін — прыгажосць, якую ствараюць іх рукі і сэрца. Руплівасць, старанне, майстэрства даюць свае вынікі. Саюз майстроў Беларусі высока ацаніў працу і майстэрства Ніны Яўгенаўны. У 2011 годзе ёй прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі». Гэта трэцяя ткачыха ў нашым раёне, якая атрымала такое званне. Наталля ХОЛАД, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва НА ЗДЫМКУ: Н. Я. Гарашчэня перадае сакрэты свайго майстэрства. Фота Наталлі Царковай  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей