Гісторыя населеных пунктаў Капыльскага раёна багатая і разнастайная. Адны згадваюцца з падзеямі мінулага, другія — з нараджэннем знакамітых людзей. А ёсць паселішчы, якія засталіся толькі ў памяці народа. Адно з такіх — Скіп’ёўскае Пераброддзе.
Некалькі стагоддзяў таму, непадалёку ад вёсачкі Доўгае існаваў фальварак Скіп’ёва, пазней — пасёлак у Вялікараёўскім сельсавеце. Пра гэтыя мясціны ўзгадвае класік баларускай літаратуры Кузьма Чорны ў аповесці «Скіп’ёўскі лес»: «Усе дваццаць дзве хаты Скіп’ёўскага Пераброддзя паабрасталі вішняком і арабінкамі. За хатамі спеюць антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры, і да самых замаразкаў вісяць ў голлі чырвонабокія «цыганкі»....3 канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня і па селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак... Дык якое дзіва, што вяндлярны дым па добрыя тры месяцы на год перабівае пах смалы, што шырокай хваляй вечна плыве з густых хвояў Скіп’ёўскага лесу». На жаль, гэты твор вядомы пісьменнік закончыць так і не паспеў...
[caption id="attachment_10800" align="alignleft" width="324" caption="Капыльскі раённы краязнаўчы музей"]

[/caption]
Скіп’ёва ўзнікла дзесьці ў 14-15 стст. У інвентары фальварка Скіп’ёва і Скіп’ёўскай воласці ад 28 ліпеня 1638 г. не гаворыцца аб складзе сем’яў, што жылі ў фальварку і воласці, але сустракаюцца звесткі аб павіннасцях і гаспадарцы. Тут жа прыводзіцца і інвентар пабудоў панскага двара. Тагачасны ўладальнік пан Трыбушка (прозвішча ў нечым сімвалічнае) жыў няблага: прасторны гаспадарскі дом, садок, гасцёўня, шмат пабудоў гаспадарчага прызначэння. Ды і жыўнасці было нямала: 6 кароў, 38 авечак, 6 свіней, 15 падсвінкаў і г.д.
Каля дома знаходзілася сажалка з плацінай, быў пабудаваны млын... Адным словам, усе ўмовы для таго, каб жыць, працаваць і адпачываць. Вось толькі адпачынак дасягаўся за кошт працы іншых. Спіс павіннасцяў Скіп’ёва сведчыць, што сяляне жорстка эксплуатаваліся. 3 «чыншавай засеянай валокі» плацілі 3 капы літоўскіх грошай, 1 бочку жыта і 1 бочку аўса. Акрамя таго, 12 разоў на год выходзілі талакой на сенакос і жніво.
У лепшым становішчы знаходзіліся ўладальнікі «чыншавых незасеяных валок». Яны плацілі толькі з кожнай валокі па 4 капы літоўскіх грошай, вызваляліся ад цяглавай павіннасці. 3 кожнай жа «цяглавай валокі» ўстанавілі такую павіннасць: зімой і летам па тры дні ехаць «куды загадаюць», чацвёрты дзень па чарзе несці так званую вартавую павіннасць і ездзіць з падводамі. Калі ў сялян меліся пчолы, мёд-сырэц дзяліўся папалам: адна частка — уладальніку, другая — панскаму дому. Неабходна дадаць, што пан Трыбушка ўсе падаткі па квітанцыях перадаваў цімкавіцкаму старасце, астатняе пакідаў сабе. Інакш кажучы, Трыбушка быў зацікаўлены, каб любым спосабам пабольш сабраць з сялян.
У 1830 г. у Скіп’ёва была пабудавана Спаса-Праабражэнская царква ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Пазней на сродкі святара Феафіла Наркевіча перабудавана і павялічана. У 1873 г. прыхаджанамі прыбудаваны прытвор са званіцай. На жаль, сёння мала хто можа ўзгадаць што-небудзь і пра гэту царкву, і пра Скіп’ёва. Настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы ў 1930 г. быў рэпрэсіраваны, а будынак царквы разабраны.
Маштабныя планы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя па ўзбуйненні населеных пунктаў вымусілі сем’і, якія засталіся ў Скіп’ёве, перасяліцца. І падаліся былыя скіп’ёўцы — хто куды. Некаторыя пераехалі жыць у суседняе Доўгае, іншыя пасяліліся ў Капылі.
3 1966 г. пасёлак Скіп’ёва, як населены пункт, не існуе.
Таццяна Варанцова,
старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Капыльскі раённы краязнаўчы музей»
Комментарии