Сям’я Андрэя і Таццяны Станкевічаў з вёскі Душава заняла трэцяе месца ў абласным этапе штогадовага рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі-2019».
[caption id="attachment_81065" align="aligncenter" width="840"]
■ Таццяну і Андрэя Станкевічаў падтрымлівалі «Лоцвінскія ўдалухі»[/caption]
За званне лепшай, працавітай і маладой сельскай сям’і змагаліся 17 сем’яў з розных куткоў Міншчыны. Удзельнікі крэатыўна прадставілі сваю гаспадарлівасць і гасціннасць у конкурсе абароны падвор’яў і візітных картак «Вітаем па-беларуску», сячэнні і складзіраванні дроў (конкурс «Дрывасекі»), прафесіяналізм у вырабе лавачак (конкурс «Спрытнякі»), прайшлі сельскую спартыўную эстафету на лепшы час. Таксама кожная сям’я паўдзельнічала ў інтэлектуальнай віктарыне на лепшае веданне сваёй малой радзімы (конкурс «Інтэлектуалы вёскі»).

У групе Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» «Моладзь Міншчыны» прайшоў анлайн-конкурс відэаролікаў «Вось маё!», дзе ўдзельнікі абласнога этапа праекта прадэманстравалі свае падвор’і і лад жыцця сучаснай вясковай сям’і. Дарэчы, ролік нашых землякоў прызнаны адным з самых крэатыўных.
Калі пазнаёміцца з сям’ёй Станкевічаў крыху бліжэй, то даведаемся, што Андрэй працуе станочнікам у цэху дрэваапрацоўкі Капыльскага вопытнага лясгаса, Таццяна зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Выхоўваюцца ў маладой сям’і двое дзяцей — Улад і Алёна. Нядаўна набылі ў Душаве дом, цяпер займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Выступленне нашых землякоў не было б такім яскравым, калі б не падтрымка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, райкама ГА «БРСМ» і аматарскага аб’яднання «Лоцвінскія ўдалухі».
На другім месцы — прадстаўнікі Нясвіжчыны Аляксандр і Ксенія Рацкевічы, а пераможцамі прызнаны Вольга і Пётр Мячкоўскія з Маладзечанскага раёна.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии