Адразу два элементы з агульных 12, прадстаўленых на выставе-прэзентацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны», якая працуе ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці, прадстаўляюць родную Капыльшчыну.
[caption id="attachment_80962" align="aligncenter" width="840"]
■ Экспазіцыя, прысвечаная абраду «Цары»[/caption]
Гэта шырока вядомыя нават за межамі Беларусі закладное ткацтва з Семежава і калядны абрад «Цары», які ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Пра закладное ткацтва расказваюць чырвона-белыя ручнікі і паясы, якія прадэманстраваны на стэндах. А падчас адкрыцця дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава правяла майстар-клас і паказала, як ткалі нашы продкі. На пытанні, што ўзнікалі ў гасцей выставы, адказы давала дырэктар Капыльскага раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло.
А вось пра абрад «Цары» можна даведацца з выставы фотаздымкаў, зробленых падчас яго правядзення, і на свае вочы пабачыць касцюмы ўдзельнікаў — Мамая, Максімільяна і аднаго з «цароў». Больш дакладную інфармацыю пра абрад, яго гісторыю можна адшукаць у тут жа прадстаўленай метадычнай літаратуры і буклетах.
А наогул з экспазіцыі цікава даведацца пра элементы, унесеныя ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны, на тэрыторыі Мінскай вобласці. Гэта розныя каляндарныя абрады, спеўныя стылі, рамёствы і нават абрад выклікання дажджу, што здзяйсняецца… з дапамогай каменя.
Выстава працягнецца да 13 кастрычніка ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Зала знаходзіцца ў будынку Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна (вул. Гікалы, д. 4).
Да ведама
Беларускі Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны вядзецца адпаведна Канвенцыі UNESCO 2003 года. Такой спадчынай могуць лічыцца тэхналогіі гатавання традыцыйнай ежы, традыцыйная медыцына, традыцыйныя рамёствы, абрады, святы, цырымоніі, гульні, выканальніцкія мастацтвы, веды і звычаі, што адносяцца да светапогляду людзей, якія прызнаюцца супольнасцямі (у некаторых выпадках індывідамі) у якасці іх культурнай спадчыны і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. На практыцы кожная краіна выбудоўвае ўласную палітыку адносна нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии