Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Яны прыходзілі на дапамогу

20.06.2011
Гады ідуць спешна, і ўсё менш і менш застаецца сведак таго страшнага часу, якія змагаліся з гітлераўскай навалай. А тым, хто жыве, напамінаюць шматлікія раны. Перад імі ажываюць малюнкі жорсткіх баёў і помняцца твары санітараў, медсясцёр, урачоў, якія выцягвалі іх, параненых, залітых крывёю, з самага пекла. Ім нават не верыцца, як кволыя, маладыя дзяўчынкі, не зважаючы на пікіруючыя нямецкія бамбардзіроўшчыкі і  кулямётную траскатню, выцягвалі з поля бою іх з перабітымі нагамі, без памяці. Аб подзвігу медыкаў Капыльшчыны, якія выратавалі шмат байцоў і нават генералаў, пойдзе аповед. А пачыналася гэтая дарога да подзвігу на пачатку вайны вельмі цяжка. Неба было чорным ад варожых самалётаў. Яны неслі смерць і пажары. Варожыя дэсанты перакрывалі шляхі для адступлення нашых войск, і першы перыяд вайны для краіны Саветаў быў самы страшны. Менавіта медыкі не панікавалі, а першымі кідаліся на дапамогу да параненых байцоў. Вось як успамінала выдатніца аховы народнага здароўя ўрач Старыцкай бальніцы Зінаіда Іванаўна Маскалевіч. 3 байцамі Беластоцкага гарнізона яна адна з першых убачыла самазадаволеныя твары гітлераўцаў з закасанымі рукавамі, але трапныя чэргі нашых кулямётаў і яе аўтамата прымусілі гэтых пачвараў павярнуць назад, але і нашых байцоў іх «шмайсеры» каго забілі, каго паранілі. Так яна адчула подых смерці. Наша зямлячка аказала дапамогу параненым салдатам. Тут яна пазнаёмілася з будучым камандзірам партатрада Шастапалавым, што будзе дзейнічаць на Капыльшчыне. Другая атака немцаў была больш масіраванай, з мінамётным і артылерыйскім абстрэлам, пасля якой засталіся лічаныя байцы. Нейкім цудам санітарная машына з параненымі і іх камандзірам вырвалася з «абдымкаў» ворага. «Неяк праскочылі Слуцк і, калі прыбліжаліся да Мінска, дарогу перарэзалі нямецкія дэсантнікі», — успамінала Маскалевіч. Лёгкараненыя байцы хутка выскачылі з машыны і лясамі, балотамі пайшлі на ўсход, а цяжка параненыя аказаліся ў палоне фашыстаў. Яны загадалі вадзіцелю адвезці ўсіх у лагер для ваеннапалонных у Слуцк. У Шышчыцах вяскоўцы накармілі пасажыраў «санітаркі» і параілі ехаць у Грэскую бальніцу. Ваенфельчар Маскалевіч знайшла ў грэскіх медыкаў падтрымку. Тут яна разам з імі хутка паставіла на ногі 15 салдат, якія пайшлі ў рады народных мсціўцаў. Зінаіда Іванаўна ўвайшла ў падпольную групу і не раз рызыкавала сваім жыццём, ратуючы ад смерці партызан і падпольшчыкаў. Нямецкая арда цясніла нашы часці, якія адступалі па Капыльскім раёне. У баях многія гінулі, а параненых ратавалі вяскоўцы. Вялешынец Антон Раманавіч Валога, па прафесіі ветфельчар, не думаў не гадаў, што давядзецца аказаць меддапамогу двум савецкім афіцэрам. Па дарозе Бабоўня-Шышчыцы адступалі з баямі часці генерала Русіянава. Кулямётная чарга з нямецкага танка параніла ў грудзі аднаго афіцэра, другому пашкодзіла нагу, іх давялося лячыць, прамыў раны чырвонаармейскім камандзірам і перавязаў. У аднаго з іх часта ішла кроў з горла і раны і таму вясковы выратавальнік адвязе афіцэра ў Капыльскую бальніцу як свайго сваяка і аддасць у рукі ўрача Івана Лепяцілы. Зразумела, рызыкаваў сваім жыццём Валога, рызыкаваў і Лепяціла, які выратаваў шмат салдат і афіцэраў, што не змаглі вырвацца з варожага акружэння. Бо за патрыятычныя дзеянні немцы штодзённа вешалі ратавальнікаў у Капылі. А выратавалі Валога і Лепяціла будучага Героя Савецкага Саюза камандзіра партбрыгады «Буравеснік» Міхаіла Глебавіча Мармулева. Антон Валога пасля вызвалення Беларусі будзе ў дзеючай арміі санінструктарам, а Іван Лепяціла галоўным урачом партызанскага атрада. Медыкі выратуюць шмат воінаў. Падраздзяленні Русіянава дадуць бой каля вёскі Старыца, і будуць адступаць у бок Масквы, праславяцца ў абароне сталіцы. Адступаючыя байцы не змаглі падабраць усіх параненых, але тыя не засталіся ў бядзе, іх забралі жыхары Старыцы і прылеглых вёсак. Асабліва вызначылася прыгожая дзяўчынка-камсамолка Алена Забела разам з сяброўкай Лідзіяй Красноўскай. Прыцемкамі, калі вораг пачаў драмаць, адшукалі першага параненага, перавезлі, пераапранулі яго ў цывільнае адзенне. Хаваўся ён у невялічкім свірні на ўскрайку вёскі. Затым, калі ўзыходзіла сонейка, знайшлі сярод канюшыны яшчэ аднаго салдаціка, які стагнаў ад болю. Дапамог яго адвесці ў названы свіран Рыгор Горбач, які падбіраў траву і вёз дадому. У суседа Луцэвіча сцякалі крывёю тры воіны. Яна іх хуценька перавязала і пабегла да ўрача Віктара Плявакі ў Грозаўскую бальніцу. I хоць там ужо гаспадарылі  гітлераўцы, яна з ім дамовілася, як скрытна прывезці параненых  у бальніцу. Вечарам іх адвёз ужо названы Іван Луцэвіч, а затым яна забрала акрываўленых байцоў у іншых жыхароў і завезла ў Грозава. Урач выратаваў ад смерці ўсе 18 чырвонаармейцаў, якіх даставіла яму Алена. Адны з іх пасля выздараўлення пайшлі ў партызаны, а іншыя дабраліся да сваіх часцей. Вось так, рызыкуючы жыццём, паўсюль на Капыльшчыне патрыёты дапамагалі стаць у строй нашым воінам. Вядома, Алена Аляксандраўна Забела - цётка акадэміка А. Кавалені, здзейсніла вялікі подзвіг і пра гэта нікому не расказвала,  лічачы, што кожны савецкі чалавек мог здзейсніць такі ўчынак. Але яе сяброўка Красноўская думала, што Лена заслугоўвала самай высокай узнагароды, ды і Плявака таксама. Іван ІГНАТЧЫК (Працяг будзе)  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей