Гаспадаркі раёна завяршаюць першы ўкос траў. Гэтаму спрыяе добрае надвор’е, забяспечанасць сучаснай магутнай тэхнікай і, бясспрэчна, працавітасць сельгасработнікаў. Сёлета, як і ў мінулыя гады, правафланговымі на жніве з’яўляюцца аграрыі ААТ “Старыца-Агра”.
Умела арганізаваны працэс, добрасумленныя адносіны да даручанай справы працаўнікоў з года ў год дазвалялі гаспадарцы быць адной з лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Неаднойчы старыцкія механізатары станавіліся пераможцамі абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сярод іх – Сяргей Дубовік. Вось і ў бягучым годзе ён на энерганасычаным “Фэндце-930” з агрэгатам КПР-9 задае тон на кашэнні траў. А вось яго маладзейшы калега Анатоль Шнітко на “Нью-Холандзе” з’яўляецца бясспрэчным лідарам па нарыхтоўцы сянажнай масы. Яшчэ адзін старыцкі працаўнік, вадзіцель МАЗа-5551 Сяргей Мысліцкі, упэўнена трымае лідарства на адвозцы зялёнай масы.
Усе трое працаўнікоў занесены на Дошку гонару ў раённай газеце. Таму невыпадкова ў сельгаспрадпрыемства завіталі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Алена Міхайлоўская і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Татарыцкі. Яны выказалі ўдзячнасць перадавікам за выдатныя поспехі на “зялёным жніве”, пажадалі ім усяго самага найлепшага, а таксама ўручылі маланкі-падзякі старшыні райвыканкама, пераможныя вымпелы і грашовыя прэміі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) А. Татарыцкі, А. Шнітко і А. Міхайлоўская.
Фота аўтара
Комментарии