Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Крок у дарослае жыццё

17.06.2011
Упершыню на плошчы Леніна ў Капылі 11 чэрвеня адбыўся агульнагарадскі выпускны баль. Доўгіх адзінаццаць гадоў крок за крокам набліжаліся гэтыя юнакі і дзяўчаты да самага хвалюючага і запамінальнага дня ў іх жыцці. Гэтае свята — толькі лёгкае і нядоўгае паслабленне паміж школьнымі іспытамі і далейшым паступленнем у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы. Урачыстым маршам да месца асноўнага дзейства ў цэнтры плошчы перад шматлікімі жыхарамі, гасцямі райцэнтра прайшлі калоны выпускнікоў трох навучальных устаноў горада, якія ўзначальвалі дырэктары і класныя кіраўнікі віноўнікаў свята. Многія з юнакоў і дзяўчат на працягу 11 школьных гадоў праявілі сябе самастойнымі, самасвядомымі, рознабакова развітымі асобамі. Сярод іх – удзельнікі раённых, абласных, рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, актывісты культурнага жыцця раёна, вобласці, мерапрыемстваў патрыятычнага выхавання. Павіншаваць выпускнікоў горада з іх святам прыйшлі ганаровыя госці – старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, намеснік старшыні Ала Раеўская, начальнік аддзела адукацыі Аляксей Абросімаў, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі, вядучы спецыяліст аддзела культуры Любоў Дубовік, старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі, благачынны цэркваў Капыльскай акругі айцец Сергій. Не забываць сваіх настаўнікаў, школьных сяброў, рабіць усё, каб стаць прагрэсіўнымі, таленавітымі, годнымі людзьмі сваёй малой Радзімы, роднай Беларусі, – гэтыя пажаданні сталі лейтматывам кожнага выступлення, якое гучала для выпускнікоў са сцэны цэнтральнай плошчы. Аляксей Абросімаў пад апладысменты прысутных уручыў пяці выдатнікам вучобы залатыя медалі, а спартсмены, удзельнікі ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў, самадзейныя артысты  атрымалі граматы і памятныя падарункі ад аддзела фізкультуры, спорту і турызму, РАС ДТСААФ, аддзела культуры. Шмат прыгожых песень прагучала ў выкананні выпускнікоў гарадскіх школ. Але сапраўдным сюрпрызам для прысутных стала выступленне фіналіста дзіцячага Еўрабачання-2009 Юрыя Дземідовіча. Запамінальнымі сталі хвіліны, калі над плошчай Капыля ўзляцелі дзясяткі рознакаляровых шароў з сімвалічнымі белымі галубамі. Яны доўга яшчэ прыцягвалі позіркі ўдзельнікаў свята, пакуль увогуле не зніклі ў блакіце нябёс. Пад гукі вальса адны за другімі выходзілі выпускнікі гарадскіх адзінаццацігодак, дэманструючы разнастайныя “па” прыгожага танца.  З цікавасцю капыляне сачылі за гэтым дзействам і адорвалі школьныя пары шчодрымі і заслужанымі апладысментамі (варта толькі здагадвацца, колькі часу патрацілі юнакі і дзяўчаты, каб пасля сучасных дыскатэк навучыцца вальсу. – С. Л.). Амаль паўтары гадзіны ўрачыстасці праляцелі, як адно імгненне. Свята юнакі, дзяўчаты, іх бацькі і настаўнікі працягвалі ўжо ў сценах родных школ. Але дзейства на цэнтральнай плошчы  горада для выпуску-2011  у далейшым бясспрэчна стане адным з лепшых успамінаў пра цёплы чэрвеньскі вечар. Сяргей ЛАЗОЎСКІ НА ЗДЫМКАХ: 1. Развітальны вальс на плошчы Капыля; 2. Госці свята; 3. Для выпускнікоў спявае Юрый Дземідовіч. Фота аўтара 

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей