Ажыўлена было ў мінулую суботу на прыбярэжнай тэрыторыі рачулкі, якая працякае праз наш горад. Сюды высадзіўся маладзёжны дэсант, каб паспяховай працай адзначыць свята 1 Мая, а самае галоўнае, даць магчымасць рэчцы, закіданай розным смеццем, вольна ўздыхнуць і стаць сапраўдным упрыгажэннем райцэнтра.
Акцыя была арганізавана раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзелам па справах моладзі райвыканкама, райкамам грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Як расказала начальнік аддзела па справах моладзі Валянціна Балажынская, у ёй узялі ўдзел каля трох дзесяткаў маладых людзей — прадстаўнікоў 15 прадпрыемстваў і арганізацый горада. За паўдня стараннай працы яны сабралі бытавыя адходы на працягласці ад раённай бальніцы да аўтастанцыі. Смецце было аператыўна вывезена транспартам, выдзеленым КУП “Капыльская ЖКГ”.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Жогла адзначыў, што і сёлета мы павінны прадоўжыць работу па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый, якая актыўна вялася летась, у Год роднай зямлі. Аднак трэба ўлічваць, што бягучы год — Год якасці, а таму неабходна, так бы мовіць, узняцца, на новую прыступку, да кожнай справы падыходзіць больш адказна, з перспектывай на будучыню.
— Практычна ўсе арганізацыі раёна пастараліся навесці парадак на замацаваных тэрыторыях падчас раённага суботніка, — паведаміў Васіль Міхайлавіч. — Цяпер больш пільная ўвага павінна надавацца зонам адпачынку, пустуючым сядзібам і наогул населеным пунктам. Што да сённяшняй работы, то я вельмі ўдзячны нашай моладзі, што яна так актыўна адгукнулася на прапанову прывесці ў парадак рачулку. Думаю, што мы абавязкова давядзём гэту справу да канца.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии