У канцы ХІV стагоддзя ўтварылася ўдзельнае Капыльскае княства са сталіцай у г. Капылі. Ім валодалі старэйшы брат польскага караля Уладзіслава ІІ Ягайлы Уладзімір Альгердавіч і яго нашчадкі — род Алелькавічаў (па імені сына Уладзіміра Алелькі). Гэта быў праваслаўны княжацкі род, які ўспрыняў беларускую культуру. Капыльскае княства цягнулася на 30 міль у даўжыню і шырыню ад вытокаў Нёмана да ўпадзення Случы ў Прыпяць і далей на ўсход. Тут было некалькі невялікіх гарадоў і шмат сельскіх паселішчаў. Да сталіцы княства Капыля вялі дарогі з блізкіх гарадоў і са сталіцы Беларуска-Літоўскай дзяржавы — Вільні.
Капыль з’явіўся на карце раней, чым Слуцк ці Мінск
Горад Капыль быў вядомы ў Еўропе. Знакаміты картограф Себасцьян Мюнстэр на карце 1540 года абазначыў Капыль (Копиль). На карце Гедройця, змешчанай у геаграфічным атласе Абрагама Артэліуса 1574 года, таксама паказаны Капыль, хоць Слуцка і Мінска там няма.
Каго ў Капылі называлі мяшчанамі
У ХV стагоддзі насельніцтва гарадоў Беларусі называецца мяшчанамі (ад слова «места» — горад). Мяшчанамі ў ХV–ХVІ стагоддзях называліся і жыхары Капыля. Гэта былі рамеснікі, гандляры і гараджане, якія займаліся сельскай гаспадаркай.
Капыль рабавалі татары
30 жніўня 1502 года крымскія татары разрабавалі Капыль, захапіўшы перад гэтым Слуцк. Насельніцтва было часткова знішчана, а часткова ўзята ў палон. Такі ж лёс напаткаў насельніцтва вёсак. Выратаваліся толькі тыя, хто паспеў уцячы і схавацца ў лясах. Татары дайшлі да Клецка, які спалілі, да Нясвіжа і Ішкаладзі (у 50 км ад Наваградка). Гэтак жа імкліва, як прыйшлі, крымскія татары адышлі і «в цэлости з земли вышли» ў Крым.
Яшчэ два разы крымчакі рабілі налёты на Капыльшчыну — у 1503 і 1505 гадах. Падчас апошняга набегу Капыль быў спалены дашчэнту.
У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя ў Капылі было 20 рамесніцкіх прафесій
Паводле рэестра рамеснікаў у Капылі 1737 года сярод майстроў пералічаны 1 слесар, 10 кавалёў, 1 бондар, 3 млынары, 30 ткачоў, 40 краўцоў, 16 шаўцоў, 6 кушняроў, 2 залатых спраў майстры, 9 калеснікаў. Асобна адзначана, што цэхмістрам кравецкага цэха быў Васіль Залатарэвіч, а ключнікамі — Пётр Чарнышэвіч і Лук’ян Кавелка. Акрамя іх у цэху было 30 майстроў.
Права валодання Капылём аспрэчвалі Радзівілы і Сапегі
10 сакавіка 1695 года атрад войска віленскага ваяводы і вялікага гетмана Казіміра Яна Сапегі ў баявым парадку ўварваўся на тэрыторыю Капыльскага княства, заняў горад і рэзідэнцыю Радзівіла. Афіцэры і салдаты сталі на пастой у дамах гараджан і ў кароткай сутычцы выбілі з горада людзей Радзівіла. У сваю чаргу Караль Станіслаў Радзівіл сабраў узброены атрад і 14 мая 1695 года ўступіў у Капыль. Бой у горадзе адбываўся больш за дзве гадзіны. Атрад Радзівіла быў разбіты. І толькі пасля ўмяшальніцтва караля польскага, вялікага князя літоўскага і рускага Яна Сабескага, князі Сапегі адмовіліся ад сваіх прэтэнзій на Капыль і Слуцк, атрымаўшы ад Радзівіла 2 мільёны злотых.
Паводле артыкула А.П. Грыцкевіча «У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай». «Памяць. Капыльскі раён»
Комментарии