У адрозненні ад папярэдніх, семінар, які адбыўся на мінулым тыдні, сабраў не толькі кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, але і старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў. На ім падымаліся надзвычай актуальныя пытанні, якія можна паспяхова вырашыць толькі пры ўдзеле абодвух зацікаўленых бакоў.
Нарадзе папярэднічаў аб’езд ДП “С “Лясное” і РСУП “Бабоўня”. Леанід Станіслаўчык, кіраўнік першай з названых гаспадарак, расказаў і паказаў, як у сельгаспрад- прыемстве выходзяць са становішча, калі неабходна рэканструяваць жывёлагадоўчыя памяшканні, а вялікіх грошай на гэта няма. Запрошаныя наведалі МТФ “Колы”, дзе сваімі сіламі вядзецца рэканструкцыя кароўніка — тут будзе абсталявана даільная зала для раздою цялушак. Добрую справу зрабілі і ў цялятніку ў Восаве, дзе даўно ўжо небходна было вывесці маладняк са старых пабудоў. Правялі рэканструкцыю былой фермы, належным чынам яе абсталявалі, і цяпер там, у добрых умовах, жывёла адчувае сябе выдатна.
Падчас аб’езду тэрыторыі гаспадаркі ўвага звярталася не толькі на жывёлагадоўчыя аб’екты, але, вядома ж, на палеткі і культуры, якія там растуць. Было адзначана, што сёлета не вельмі радуюць капуста і морква, а вось цыбуля, па ўсім відаць, будзе добрая (на здымку).
Са станам спраў у РСУП “Бабоўня” ўдзельнікаў семінара пазнаёміў яго кіраўнік Міхаіл Крукоўскі. Канстатаваўшы, што ўжо з лютага бягучага года гаспадарцы давялося карміць жывёлу, што называецца, з колаў, Міхаіл Васільевіч расказаў, як яны спланавалі работу, каб такая сітуацыя больш не паўтарылася. Было пасеяна 300 га аднагадовых культур, з якіх ужо распачалі нарыхтоўку сенажу, закладзена каля 70 га шматкампанентных пашаў, на 200 га зрабілі перазалужэнне, заклалі каля 100 га семяннікоў шматгадовых траў. Вя-дзецца ў гаспадарцы рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, у прыватнасці, пераабсталявалі цялятнік у Засцеб’і, куды паставілі на раздой першацёлак. Ёсць і іншыя задумкі.
Пленарнае пасяджэнне распачалося з размовы пра навядзенне парадку як у населеных пунктах, так і на вытворчых аб’ектах. Старшынёй раённага Савета дэпутатаў Марыяй Сандрозд былі пастаўлены канкрэтныя задачы: працягваць барацьбу з баршчавіком, больш прадукцыйна працаваць па захоўванні састарэлых будынкаў і фундаментаў, не забывацца пра падкошванне і імкнуцца, каб усе аб’екты, што знахо-дзяцца на тэрыторыі сельсаветаў, былі не проста чыстымі, але і прыгожымі. Дарэчы, паколькі семінар праходзіў у Бабаўнянскім сельскім Савеце, то за адмоўнымі прыкладамі далёка хадзіць не трэба, усе яны былі заўважаны ўдзельнікамі мерапрыемства падчас аб’езду.
Меркаванне старшыні райсавета падтрымаў і кіраўнік раённай “вертыкалі”. Анатоль Жданеня нагадаў, што пытанням навядзення парадку апошнім часам надаецца вельмі вялікая ўвага, яны ставіліся ў шэраг галоўных нават на апошніх пасяджэннях Мінаблвыканкама. Ён заклікаў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, пакуль уборачная кампанія не набрала тэмп, зрабіць пераразмеркаванне тэхнікі і рабочай сілы з тым, каб ліквідаваць заўвагі па добраўпарадкаванні тэрыторый.
Вельмі сур’ёзная размова пайшла пра вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў раёна за першае паўгоддзе бягучага года. Нягледзячы на тое, што ўдалося выйсці на 100-працэнтны паказчык па валавой вытворчасці, пазіцыі, па якіх у многіх гаспадарках “мінус”, застаюцца. Лічба, якая трывожыць больш за ўсё, — гэта аднаўленне статкаў: няма цялят — няма ні малака, ні прываг. Тут папрокі гучаць і ў адрас асемянатарскай службы, і ветэрынарнай, і заатэхнічнай. Недапрацоўкі кожнай урэшце рэшт выліваюцца ў агульны правал. Аднак ніхто не здымаў адказнасці з кіраўнікоў, якія, па вялікім рахунку, адказваюць за ўсё і павінны кантраляваць ход работ ва ўсіх напрамках дзейнасці гаспадаркі.
Звярталася ўвага прысутных і на нізкую якасць малака, з-за чаго гаспадаркі губляюць свае грошы. Так, за І паўгоддзе толькі 15 % малака прынята гатункам “экстра”, 62 % — вышэйшым, 21 % — І гатункам і 2 % — ІІ. Па падліках, па гэтай прычыне за чэрвень страты па раёне склалі 205 млн рублёў (ад вышэйшага гатунку).
Падводзячы вынікі нарады, старшыня райвыканкама нагадаў яшчэ раз пра выканальніцкую дысцыпліну і кантроль за дакладным выкананнем усіх патрабаванняў тэхналогіі.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии