Вераломны напад фашысцкай Германіі на мірныя гарады і вёскі прынёс смерць і гора савецкім людзям. Але наш народ не скарыўся. На абарону сталі таксама мірныя жыхары. Ваяваць з ворагам рыхтаваліся і дарослыя, і нават падлеткі. Яны збіралі ў лясах, балотах зброю, якая засталася пасля адступлення Чырвонай Арміі, а затым нямецкіх войскаў, каб затым ісці з ёю ў партызаны. І ваяваць разам з дарослымі.
Пра такіх смелых падлеткаў мы ведаем з кіно і кніг, але мне ўспомніліся землякі — жыхары Бабавенкі і суседніх вёсак.
І на фронце патрэбны жаночыя рукі
Скончыўшы 7 класаў, Вікторыя Рымашэўская і Лёня Шпакоўская паехалі ў Магілёў і паступілі на курсы медсясцёр. І раптам — вайна… Лёня вярнулася праз два дні дадому, а Вікторыя пайшла ў ваенкамат і папрасілася на фронт. Але яе спачатку не ўзялі, паколькі не хапала гадоў. Аднак Вікторыі ўдалося дабіцца таго, каб яе залічылі ў якасці медыцынскай сястры на санітарны цягнік. Там яна і служыла аж да самай Перамогі. Была ўзнагароджана медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Адзін з 18 загінулых
Франц Клімовіч быў дома з маці і меншымі сястрычкамі, калі ў лясах з’явіліся партызаны, ён думаў, што і яго тата там. Аднойчы ён павёз з маім бацькам сена і авёс у навасёлкаўскі лес партызанскім коням. Там Франц пайшоў да камандзіра і папрасіў узяць яго ў атрад. Камандзір распытаў яго пра дом і не адмовіў хлопцу. Франц часта хадзіў у разведку і загінуў у час Лаўскага бою з фашыстамі ў складзе 18 адважных партызан узвода Вікенція Драздовіча.
[caption id="attachment_79512" align="aligncenter" width="840"]
М. Савіцкі "Лаўскі бой" 1957 г.[/caption]
Як Шура напалохаў фашыста
У Печуранах з боку асіповіцкай гравійкі, што цягнецца з Шышчыц, з’явілася нейкая тылавая фашысцкая часць. Яна размясцілася каля лесу. У палявой кухні варылася ежа, некаторыя немцы хадзілі па дварах: у кагосьці забралі свінню, курэй, яйкі. У хату Стэфкі Пятровіч зайшоў немец з аўтаматам. Цётка спалохалася, спужана глядзелі на няпрошанага «госця» яе сын-падлетак Шурык і суседскі хлопчык Толя Каструбай. Фрыц нешта «прагергетаў» на сваёй мове, а потым паказаў на люстэрка, маўляў, хоча пагаліцца. Цётка зразумела і наліла яму ў міску цёплай вады. Фашыст распрануўся, паклаў на стол партупею, пісталет і бліскучы гадзіннік.
Хлопчыкі крыху адышлі ад страху, селі ля стала і пазіралі, як мужчына намыльваецца і голіцца. Але яшчэ больш іх цікавілі рэчы, што ляжалі на стале. І калі немец у наступны раз намыліў твар, Шурык хацеў бліжэй разгледзець гадзіннік і за спінай Толі працягнуў руку да стала. Аднак немец заўважыў, схапіў хлопца за каўнер і пацягнуў да дзвярэй. Маці ўгледзела і загаласіла, але фрыц моцна закруціў Шурыка за вуха і пхнуў на двор. Шуру вельмі балела вуха, і ён ад гневу пабег у сваю схованку, узяў вялікі патрон, паклаў ля дзвярэй на каменны парог, падняў з зямлі камень і ўдарыў ім па патроне. Раздаўся такі моцны стрэл, якога не чакаў нават хлапчук. Ён пабег за хлеў і схаваўся ў высокай лебядзе.
Пачуўшы выстрал, немец з пісталетам у руках выскачыў на вуліцу і з крыкам «Шыссэн кінд!» пабег вакол хаты. А маці бегала за немцам і лемантавала: «Паночку, не чапайце! Ён жа малы!» Пад вечар немец ізноў прыходзіў і пытаўся строга: «Во іст дэр юнге?» А маці знайшла сына і наказала не паказвацца ў хату. Пад вечар прынесла яму паесці і цяплей апрануцца, каб той мог пераначаваць на вуліцы. Раніцай немцы паехалі…
Як Толя адзін дзень быў партызанам
Гэту гісторыю падчас нашага знаёмства расказаў мне Анатоль Калевіч з Цялядавіч.
Яго бацьку Валерыя ў вёсцы добра ведалі. Час быў трывожны, часта па вёсцы шнырылі паліцаі. Але заходзілі і партызаны. Яны з бацькам пра нешта перагаворваліся. І бацька, хаваючыся ад чужога вока, шыў ім цёплае адзенне, маскхалаты з парашутаў. Толя запомніў, як аднойчы да іх зайшоў партызан і нешта сказаў бацьку. Той запрог каня, паклаў клунак на сані, пасадзіў сына і ранішнім змрокам яны ўсе разам рушылі ў Крыніцу, дзе стаяў партызанскі атрад. Бацька разам з партызанам пайшоў да камандзіра, а Толю было цікава паглядзець, як жывуць народныя мсціўцы. Яго паклікалі на кухню, накармілі, нават далі панасіць партызанскую шапку з чырвонай лентай наперадзе. Гэта быў гонар для сямігадовага хлопчыка. Дамоў вярнуліся прыцемкам.
Былі ў вёсках і іншыя здарэнні. Напрыклад, 15-гадовы Лёня Жучкевіч з Думіч збіраў гранаты, выплаўляў з іх тол і аддаваў партызанам. Яны рабілі самаробныя міны для падрыву нямецкіх цягнікоў на чыгунцы. Але аднойчы па неасцярожнасці граната ўзарвалася ў руках і параніла хлопца.
Уладзімір КОЎШ,
пазаштатны карэспандэнт,
в. Бабавенка
Комментарии