Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Дзецям-аднагодкам вайны прысвячаецца... (CMigrator copy 1)

14.06.2011
(Працяг. Пачатак у № 42) У Капылі з’явілася новая ўлада – прыслужнікі фашыстаў. Адразу ўстанаўлівалі свае парадкі, агітавалі да сябе на службу. Ніхто з мужчын не спакусіўся на іх прапановы. Пад прымусам застаўлялі працаваць. Пагражалі расправай. Асабліва палявалі на мужчын да 30 гадоў. Такі лёс спасціг маладую сям’ю Шкурынскіх, Аляксандра і Амілю — нашых добрых суседзяў. Тата параіў ім: бярыце з сабой дзяцей, самыя неабходныя пажыткі і далей ад Капыля. Дамовіліся з ім аб сустрэчах у лесе ў пэўныя дні. Ён перадаваў дзядзьку Сашу цёплую вопратку, харчы, навіны з Капыля. Тата наглядаў і за хатай суседзяў, агародам. Шкурынскія жылі ў вёсцы Астрэйкі пад апекай міласэрных людзей Франца і Настассі Ярмалінскіх. Здавалася, усё ціха, пагроза мінавала. Ды не зусім. Адзін з паліцаяў даведаўся, што Шкурынскія пакінулі хату не без дапамогі майго таты. Дапытваўся, куды і чаму тата па начах на кані ездзіць. Не даў веры, што тата выганяе каня на начлег. Чуткі аб тым, што па вёсках мужчыны гуртуюцца ў партызанскія атрады, наводзілі жах на паліцаяў, падазрона глядзелі на ўсіх і на тату таксама. “Ты ведаеш, дзе Шкурынскія. І я ведаю. У партызанах. А ты ім дапамагаеш”, — настойваў паліцай. Запатрабаваў, каб тата забаранаваў узбярэжак Грэбелькі. Гэта было самае глыбокае месца ў цячэнні рэчкі Каменкі. Да вайны жыхары Капыля там адпачывалі, купаліся, лавілі рыбу. А цяпер туды ні нагой. З’явіліся новыя гаспадары. Тата адразу не зразумеў, навошта трэба баранаваць узбярэжжа. Паліцай лічыў, што яго замініравалі партызаны. Гэта быў жывёльны страх, а яшчэ большая помста чалавеку, які быў яму ворагам. Гразіў паліцай, што, калі бацька не выканае загад, забярэ каня, а самога адправіць на допыт ва ўчастак. Тата шкадаваў каня і не збіраўся марна рызыкаваць жыццём сваім. Але, як расказваў маме, перад вачыма была я, безабароненае дарагое сонейка. Запрог каня, нацягнуў доўгія лейцы і пайшоў на ўзбярэжжа Грэбелькі. Вада ў ёй была халодная, бо надвор’е ў красавіку мокрае. Сам хадзіў у вадзе халоднай па падбародак, конь з баронкай на ўзбярэжку. Як высветлілася, мін на ім не было. Але паліцаю хацелася паздзеквацца больш, патрабаваў гэта рабіць кожны дзень. Тата вельмі застудзіў горла, моцна захварэў на ангіну. Хатнія лекі не дапамаглі. Бацька памёр. Пахавалі яго 10 красавіка 1943 года. Мне было два гады. Не памятаю тату, успамінаю па фотаздымку, які вісіць над маім ложкам, па добрых вачах, расказах родных і суседзяў. Зноў аўдавела мама, асірацелі мы з бабуляй. Увесь цяжар да канца вайны лёг на матуліны плечы. Бабуля была і мамай, і бабуляй. Увесь хатні парадак быў за ёю, да яго прывучала і мяне. Пра дзяцінства сваё памятаю добра з 3 – 4 гадоў. Вайна скончылася. Вясеннія сонечныя дні. Мы  — дзеці-аднагодкі — бегалі, скакалі. Раптам дзіцячая радасць замяняецца на страх. Пачулі гул самалёта. Інстынктыўна падаем на зямлю, закрываем галовы рукамі. Дарослыя супакойваюць нас. Маўляў, цяпер не трэба баяцца. “Свае” не будуць бамбіць, а “чужакоў” болей не пусцяць. Яшчэ доўга гэты страх мучыў нас. Прыйшоў час ісці ў школу. Дзіцячы страх змяніўся на прыемныя клопаты… Гляджу на здымак 1949 года. Мы — дзеці суровага 1941 года — ужо скончылі першы клас. Нас было амаль трыццаць першакласнікаў. На здымак адважыліся не ўсе. Вясною большасць у школу хадзілі босымі, не мелі абутку, не было за што купіць. А калі і быў у каго-небудзь, то абувалі на свята. Усё ж адна дзяўчынка адважылася і села ў першы рад, бо вельмі хацелася паказаць абнову: блузку, спаднічку і галаўны ўбор, які ёй вельмі да твару. На жаль, імя і прозвішча гэтай дзяўчынкі не памятаю, бо ў другім класе яна з намі не вучылася. Назавём яе проста Света. І ўсё ж, хто яны, мае першыя школьныя сяброўкі і сябры?.. Першы рад: (злева направа) Зінка Іваноўская, Томка Шкілевіч, Валька Сеўрук, першая настаўніца Аляксандра Рыгораўна Маліноўская, Аня Гардзіевіч (аўтар нарыса), Света. Другі рад: (злева направа) Шура Каваленя, Марат Кунцэвіч, Валера Хартановіч, Лёня Новік, Лілька Шкурынская. Сярод нас, сямігодак, было шмат пераросткаў (так называлі дзяцей, якія ў вайну не змаглі наведваць школу). Аляксандра Рыгораўна клапацілася, каб мы былі дружнымі, шчырымі адзін да аднаго. Не хапала падручнікаў, даставаўся адзін на дзесяць вучняў. “Русанкаўцы” бралі на дзве гадзіны “Роднае слова”, перадавалі нам – “варашылаўцам”. А задачнікамі першымі карысталіся мы і ў тэрмін перадавалі на Русанкі. Пісалі алоўкамі на чым папала, бо сшыткаў не было. Аляксандра Рыгораўна падбадзёрвала нас, гаварыла, як добра цяпер без вайны. Вучыліся мы добра, стараліся. Як бы ні было цяжка ў матэрыяльных адносінах, пакаленне дзяцей вайны старалася абавязкова атрымаць сярэднюю адукацыю, а затым і вышэйшую. Ганна  АРЛОЎСКАЯ, старшыня райсавета ветэранаў педагагічнай працы (Працяг будзе)

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей