Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

83

Яго паклікала мастацтва

14.06.2011
Вядомы вучоны-мастацтвазнаўца, цікавы публіцыст Сяргей Астапавіч Пятровіч пайшоў з жыцця маладым. Думаў адзначыць сваё 50-годдзе, і журналіст райгазеты «Слава працы» Усевалад Канстанцінавіч Гурыновіч на старонках выдання зычыў сябру шмат гадоў жыцця і творчых поспехаў. Яшчэ раніцай Сяргей чакаў гасцей, ды сэрца раптам спынілася, і ўжо запрошаныя на юбілей сядзелі за жалобным сталом. Мабыць, на здароўі адбілася цяжкае дзяцінства. Нарадзіўся таленавіты хлопчык 12 красавіка 1931 года на вуліцы Садовай у Капылі. Рана застаўся без бацькі і разам з сястрычкамі Зінай і Аляксандрай спазнаў цяжкую працу. Маці выхавала ў іх дысцыплінаванасць і працавітасць, і таму дзеці лепш за суседскіх былі прыстасаваны да жыцця. Ды і настаўнікі СШ №1 Капыля вучылі паважаць старэйшых, прывівалі дзецям любоў да Айчыны. Вучыўся Сярожа на “4” і “5”. Разам з Раманам Малюковічам, Георгіем Харытановічам, Сяргеем Пасюкевічам удзельнічаў у школьным драмгуртку. Творчае гарэнне было ва ўсіх аднакласнікаў. Не злічыць, колькі за гады вучобы ў школе яны паставілі спектакляў па п’есах Крапівы, Купалы, Гогаля. Сцэнічную дзейнасць арганізавала піянерважатая Соф’я Контусь. Яна і сёння з цеплынёй успамінае сваіх таленавітых артыстаў, асабліва Сяргея Пятровіча. Творчы школьны вопыт дапамог юнаку лёгка паступіць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Сяргея Астапавіча лёс спачатку закіне ў рэспубліканскі тэатр юнага гледача. I тут, на больш высокім прафесіянальным узроўні, яму давядзецца паўтарыць ролі, якія выконваў у роднай школе, а таксама іграць у п’есах-казках “Горад майстроў”, “Прыгоды Чыпаліна” і іншых. У 1962 годзе ён абароніць кандыдацкую дысертацыю па мастацтвазнаўстве. Даследуе творчасць выдатных рэжысёраў Міровіча, Платонава, Галубка, вывучае тэатральную творчасць. 3- пад яго пяра выходзіць шматтомная праца “Народныя тэатры Беларусі” (1966). У кнізе даследуюцца аматарскія драматычныя калектывы рэспублікі, значнае месца адведзена Цімкавіцкаму народнаму тэатру, якім кіруе таленавіты рэжысёр Зінаіда Іосіфаўна Раманенка. Сяргей Астапавіч часты госць у цімкаўлян, ён заўсёды з задавальненнем глядзіць іх спектаклі. Не забываў Сяргей Пятровіч родны Капыль, наведваў яго нават з кампазітарам Ігарам Лучанком. У час гэтых візітаў са сцэны РДК задушэўна гучалі песні пра Капыль, напісаныя Пятровічам і пакладзеныя на музыку Лучанком. Яшчэ ў школьныя гады Сяргей палюбіў паэзію Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, і яна прабудзіла ў хлопчыка любоў да паэтычнага слова. У вершаваных радках ён апяваў хараство родных ваколіц, пісаў пра родны гарадок, пра каханне. Тонкая лірыка хлопчыка друкуецца ў райгазеце, яе з задавальненнем чытаюць капыляне. А колькі вельмі цікавых гістарычных матэрыялаў пад прозвішчам С.Пятровіч можна і сёння знайсці ў падшыўках “Слава працы”. Гэта і пра ўладальнікаў Капыля князёў Алелькаў, і пра старажытную архітэктуру нашага гарадка. Разам з капыльскім гісторыкам Барысам Багдановічам Сяргей Пятровіч выдасць кнігу “Капыль”, у якой ёсць шмат пра мінулае і сённяшняе нашага райцэнтра. Сяргей Астапавіч шмат гадоў працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Затым, як ён лічыў, пяць доўгіх гадоў займаў пасаду намесніка міністра культуры. Пры сустрэчы ў рэдакцыі райгазеты ён нам гаварыў, што высокая пасада адабрала ў яго лепшыя гады для творчасці, ды і нерваў шмат страціў. Негледзячы на занятасць, прыязджаў у школу на сустрэчы з аднакласнікамі. Паспеў напісаць яшчэ шмат вершаў і кніг (“Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі”, “Дзіцячы тэатр БССР”, “Якуб Колас і беларускі тэатр”), нямала манаграфій і артыкулаў у розныя беларускія энцыклапедыі. Яго багатая спадчына дапамагае людзям, узбагачае іх духоўна. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль НА ЗДЫМКУ: Сяргей Астапавіч Пятровіч.

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей