Святкаване Тройцы на Беларусі прыпадае ў асноўным на першую палову чэрвеня. Яно адзначаецца на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня. У народзе Тройцу яшчэ называюць Сёмуха, Сёмік – сёмы тыдзень пасля Вялікадня.
Гэтае свята мае хрысціянскае паходжанне і святкавалася яно ў гонар сашэсця Святога Духа на апосталаў, якім суджана было несці ў народ праўду пра вучэнне Ісуса Хрыста і хрысціянскую рэлігію. Менавіта Бог-бацька, Бог-сын і Святы Дух і ўтвараюць святую тройцу. У народзе захаваліся і іншыя назвы гэтых дзён – Зялёныя святкі, Зелянец, Граная “нядзеля” – ад слова грань, мяжа пераходу ад вясны да лета.
Зялёныя святкі (Тройца) маюць асаблівую цікавасць, паколькі гэта лічыцца ўласна жаночым святам. Дзяўчаты, маладзіцы не толькі здяйсняюць абрадавыя рытуалы, выконваюць іх вербальную частку — траецкія песні, — але і самі па сабе з’яўляюцца рытуальнай складаючай абрадавых дзеянняў, г. зн. аб’ектам рытуалаў. Цэнтральная падзея свята – паход дзяўчат з песнямі ў лес з абрадавай ежай (абавязкова з яечняй), завіванне і развіванне вянкоў з маладых бярозак і абрад кумавання: звіўшы вершаліны дзвюх суседніх бярозак, дзяўчаты парамі тройчы праходзілі пад створанай такім чынам аркай, затым цалаваліся, пасля чаго ўжо лічыліся “кумкамі-сястрыцамі”. Бярозкі ўпрыгожвалі каляровымі стужкамі, яркімі хусцінкамі. Гэтае дрэва надзяляецца рысамі адухоўленай асобы, бо рытуальніцы заклікаюць яе радавацца таму, што “красны дзевіцы” нясуць святочныя падарункі (магчыма, гэты рытуал – анахранізм ахвярапрынашэнняў свяшчэннаму татэму ў часы язычніцтва).
Вядома, што на Зялёныя святкі ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі (на Палессі) ва ўпрыгожванні хаты перавагу аддавалі клёну, хаця выкарыстоўвалі і бярозавыя галінкі і галіны іншых дрэў. Чаму ж абрад завівання і развівання вянкоў адбываўся на бярозе? Адказ трэба шукаць у натуральных спецыфічных уласцівасцях гэтага дрэва. У малодой бярозкі ствол белы, прыгожы, прамы і гнуткі, крона багатая, з павіслымі, доўгімі, мяккімі галінкамі, лісточкі дробныя і пяшчотныя. Прыбіраць яе па-святочнаму стужкамі і хустачкамі вельмі лёгка і зручна для дзяўчат. Вакол прыбранага дрэва вадзілі карагоды, спявалі. Згодна з песеннымі тэкстамі, у абрадзе кумавання прымалі ўдзел і маладыя замужніцы. Кумаванне, паводле ідэі абраду, забяспечвала роднасць душ тых, хто яго выконваў. Дзяўчаты, пакуміўшыся, станавіліся сёстрамі па духу (па царкоўных канонах кум і кума – духоўныя брат і сястра).
Звычай кумавання на Тройцу меў важнае пазітыўнае псіхалагічнае ўздзеянне на маладую замужніцу, якая апынулася сярод новага, нязвыклага асяроддзя: у чужой сям’і, у незнаёмай вёсцы. Кумаванне для яе – гэта прыём у агульную вясковую творчую сям’ю дзяўчат і маладзіц, што разам выконвалі каляндарна-абрадавыя традыцыі сельскай абшчыны і спалучалі ў адзін хор свае спевы. У гэтым хоры гучнеў, мацнеў, рабіўся больш упэўненым і голас новай замужніцы.
У абрадах траецкага цыкла ёсць і звычай багатага эстэтычнага напаўнення: на Тройцу дзяўчаты плялі вянкі і пускалі іх на раку (варажылі пра свой лёс і лёс мілага, пра будучае замужжа). Буйны росквіт прыроды на мяжы вясны і лета, раскошная зеляніна, лугі і палі ў квецені – хіба ж не найлепшая пара для дзяўчат, каб радавацца і цешыцца хараством наваколля, каб сплятаць рознакаляровыя кветкі і зялёныя галінкі дрэў у вянкі і ўпрыгожвацца імі. Калі ж вянкі для варажбы апускалі на ваду і яны павольна плылі па рацэ, дзяўчаты спявалі траецкія песні. Можна сабе ўявіць, як хараство запаўняла ўсю прастору святкавання: па-святочнаму прыбраных дзяўчат у вянках з рознакаляровых кветак, люстэрка ракі, пышны зялёны ўбор яе берагоў, вясковы люд, таксама па-святочнаму прыбраны, што прыйшоў палюбавацца прыгожым дзействам. І ў саміх абрадавых песнях народ заўсёды чэрпаў вялікую эстэтычную асалоду, паколькі меў чуйны слых да прыгажосці паэтычнага слова.
Зялёныя святкі – гэта водгалас праславянскага культу расліннасці. Мантычныя абрады-варожбы на Тройцу на вянках пра будучае дзяўчыны з’яўляюцца адметнай рысай свята. Ідэя стварэння новых сем’яў з’яўлялася не толькі лёсавызначальнай для вясковай моладзі, але была ўвасабленнем народнай маралі. Сям’я ўсведамлялася як галоўная ячэйка сельскага соцыума, як аснова маральна-духоўнага ўладкаваня асабістага лёсу чалавека.
Антон Гурскі,
кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР
На снимке: А. Гурский
Комментарии