Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

67

В районе презентовали книгу «Традыцыйныя стравы Капыльшчыны»

13.08.2019
Аб традыцыях харчавання, якое з'яўляецца важнейшай этнавызначальнай часткай культуры любога народа, вялася гутарка падчас семінара-практыкума, які адбыўся на Капыльшчыне з удзелам спецыялістаў па рамёствах і ахове нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны з суседніх раёнаў Мінскай вобласці. У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі «Традыцыйныя стравы Капыльшчыны», выдадзенай па заказе ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці». [caption id="attachment_79292" align="aligncenter" width="840"] ■ Галіна Гурло падчас прэзентацыі кнігі[/caption] — Беларуская кухня ― гэта вельмі важная частка той багатай нацыянальнай спадчыны, якую пакінулі пасля сябе нашы продкі, — адзначыла падчас прэзентацыі кнігі вядучы метадыст па народных рамёствах і промыслах ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» Наталля Сухая. — Яна складалася на працягу не аднаго стагоддзя і мае свае адметнасці: гісторыю, традыцыі, асаблівасці, прыкметы, нормы, правілы і ўнікальнасць. Усё гэта неабходна захаваць, зберагчы і данесці ў спрадвечным выглядзе да нашчадкаў. Яшчэ існуюць на Капыльшчыне ўнікальныя вёскі, у якіх, дзякуючы неўміручым традыцыям і абрадам, што беражліва захоўваюць і перадаюць будучаму пакаленню іх старэнькія носьбіты, можна ўбачыць усе мясцовыя звычаі і каларыт. А сведчаннем таму з'яўляецца багацейшы матэрыял, сабраны падчас разнастайных экспедыцый, якія праводзіліся ў Капыльскім раёне на працягу дзесяці гадоў. Нашай зямлячкай, дырэктарам раённага Цэнтра традыцыйнай культуры  Галінай Гурло і начальнікам аддзела абласнога цэнтра народнай творчасці Вольгай Хачковай былі сабраны мясцовыя рэцэпты штодзённых страў і тых, якія гатаваліся на святы з традыцыйнымі абрадавымі дзеяннямі ад моманту прыгатавання да іх спажывання. Кніга складаецца з 11 раздзелаў: стравы з бульбы, рыбныя, крупяныя, мясныя, малочныя (тварог, сырнікі, зацірка і інш.), мучныя стравы (выпечка хлеба, бліноў, хрушчоў, печыва, бісквітаў, макароны і інш.), засолкі, агародніна, садавіна, ягады, грыбы, напоі, а таксама супы і халаднікі. Спіс страў, якія знаходзіліся на стале амаль кожнага беларуса, вызначаўся багаццем і разнастайнасцю. Склад іх залежаў ад свята, якое набліжалася па народным календары, сезона года, эканамічнага стану сям’і, наяўнасці ворыўных зямель, лясных масіваў і іншых значных фактараў. Вядома, сучасная кухня вельмі адрозніваецца ад старажытнай. 3’явіліся новыя прадукты харчавання, змяніліся ўмовы жыцця. Але традыцыйныя стравы (асабліва ў вёсках) і да гэтага часу захоўваюць нацыянальную самабытнасць. — Гаспадыні яшчэ памятаюць і выкарыстоўваюць бабуліны рэцэпты разнастайных полівак, запяканак, бліноў, аладак, — дзеліцца Галіна Аляксандраўна. — У вялікай пашане знаходзіцца чорны хлеб, з якім ядуць і першыя, і другія стравы. Таксама круглы год не сыходзяць са стала бульба і іншая агародніна. Шырока ўжываюцца малочныя прадукты. Падчас сустрэч з інфарматарамі было выяўлена, што ежа ў асноўным складалася з раслінных прадуктаў харчавання. Большую частку года ішлі пасты перад вялікімі рэлігійнымі святамі, калі перавага аддавалася расліннай ежы, у асаблівасці абрадавай. Кожнае свята суправаджалася сваімі адметнымі стравамі. — Карэнных жыхароў сельскай мясцовасці Капыльскага раёна можна ахарактарызаваць як людзей цікавых, добрых, працавітых, якія маюць багатую самабытную культуру, — працягвае размову Галіна Аляксандраўна. — Яны на самай справе паважаюць продкаў і вельмі шануюць тыя веды, якія ім пакінулі. Выхоўваюць сваіх дзяцей у добрых традыцыях старэйшых пакаленняў, вучаць іх усім рамёствам і ўменням, якімі валодаюць самі. Робяць яны гэта дзеля таго, каб зберагчы, захаваць і перадаць нашчадкам сваю спадчыну. Несумненна, атрыманыя даныя па кулінарнай спадчыне можна актыўна выкарыстоўваць пры стварэнні кулінарнага турызму ў раёне. У вёску можна арганізоўваць невялікія туры з мэтай азнаямлення з беларускай культурай, вясковым бытам, звычаямі, фальклорам, традыцыямі харчавання. Рэцэпты, спосабы прыгатавання ежы актыўна могуць выкарыстоўвацца ў кафэ і рэстаранах, якія прапагандуюць нацыянальную кухню, а таксама гаспадынямі аграсядзіб, што жадаюць пачаставаць сваіх гасцей сапраўднымі беларускімі прысмакамі. Мы часта марым пакаштаваць замежную кухню. А між іншым і замежнікам ёсць чаму ў нас павучыцца, а нам з вамі — чым ганарыцца.
Рэцэпты з кнігі «Традыцыйныя стравы Капыльшчыны» Сыр «вараны» Інгрэдыенты: 3 л малака, тварог (1 кг), соль, сода, 200 г сметанковага масла. Спосаб прыгатавання: паставіць на газ ці ў печ малако ў каструлі, каб закіпела. Калі закіпіць, дабавіць лыжку солі з верхам. Тварог давесці да кіпення. Выліць на друшляк, пасля размяшаць драўлянай лыжкай, як цеста, дабавіць соду. Перакінуць у іншую міску, якую перад гэтым змазаць алеем. Вынесці на холад для застывання. в. Лоцвіны   Поліўка з маладой бульбай Інгрэдыенты: 15 маладых бульбін, 2 ст. лыжкі сметанковага масла, 300 г курынага мяса, пятрушка, кроп, цыбуля, соль. Спосаб прыгатавання: з курыцы прыгатаваць прыварак (булён). Маладую бульбу зварыць у невялікай колькасці гэтага прыварку. Туды ж дадаць сметанковага масла, пятрушкі, кропу і цыбулі. Кавалачкі курыцы і бульбы раскласці па талерках, заліць прываркам, зверху пасыпаць свежымі кропам, пятрушкай і цыбуляй. Запісана са слоў Н.Я. Цівунчык, 1954 г.н., аг. Быстрыца.   Абаранкі Інгрэдыенты: пшанічная мука, вада або малако, цукар, соль. Спосаб прыгатавання: замясіць цеста з вады або малака і пшанічнай мукі. Дабавіць цукар, крыху солі. Зрабіць абаранкі дыяметрам 10 см, пакласці іх на лапату і трымаць на лапаце ў печы, каб трохі запякліся. Дастаць, перавярнуць, потым апырскаць вадою з цукрам і зноў запякаць. Гатовыя абаранкі нанізаць на вяровачку і падвесіць сушыцца. Запісана са слоў Г.І. Войцік, 1940 г.н., аг. Семежава.   Кісель з сушаных яблыкаў Інгрэдыенты: сушаныя яблыкі, вада, цукар (на смак). Спосаб прыгатавання: варыць як кампот, пасля дабавіць крухмал, замешаны з вадой (на 200 г вады разводзіцца 2 ст. лыжкі бульбянога крухмалу і ўліваецца ў гэты вар), давесці да кіпення, разліць па місках. Ужываўся як дэсерт на ўсе святы.   Студзень (студзіна) з рыбных галоў Інгрэдыенты: рыбныя галовы, соль, перац, лаўровы ліст, крухмал. Спосаб прыгатавання: рыбныя галовы варыць з прыправамі (соль, перац, лаўровы ліст), потым дастаць. Атрыманы булён падкалаціць крухмалам, пасля разліць па талерках. Можна дабаўляць кавалачкі рыбы.   Тушаная капуста Інгрэдыенты: капуста, морква, бульба, яблыкі, памідоры, грыбы, мяса, соль, перац. Спосаб прыгатавання: усё вышэйпералічанае заліць соусам (як для галубцоў) і тушыць у печы да гатоўнасці. аг. Цімкавічы Падрыхтавала Таццяна БОХАН

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей