Сустрэўшы на газетнай паласе «Слава працы» прозвішча свайго даўняга, чулага сябра-першакласніка, сына маёй першай настаўніцы з Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага Марыі Сцяпанаўны Семяновіч, узгадаў і пра другую выхавальніцу, сейбіта разумнага, вечнага. Праз свой жыццёвы шлях яна несла іншым усё тое каштоўнае, што падарылі ёй бацькі, якія нарадзіліся і жылі ў мястэчку Цімкавічы.
[caption id="attachment_78781" align="aligncenter" width="840"]

■ Ніна Міхайлаўна Валькоўская[/caption]
След на зямлі
Тэлеграму, якая прыйшла на яе імя, зачытаў старшыня:
— Ніна Міхайлаўна, сардэчна віншуем! Ваш вучань, Уладзімір Васільевіч Кавалёнак, — у космасе!
Актавая зала літаральна ўзарвалася апладысментамі. Удзельнікі сходу горача віталі гэтае паведамленне, віншавалі настаўніцу.
У адказ яна сціпла ўсміхалася: «А мяне за што?»
Пад небам Зачысця
…У той жнівеньскі дзень 57-га года Ніна Валькоўская, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, з чамаданчыкам у руцэ, у якім змясціліся стосік кніг ды няхітрае дзявочае ўбранства, па бездарожжы на спадарожнай машыне дабіралася да месца будучай працы ў Зачысце. Ішоў дождж. І толькі калі разбітая дарога вырвалася з лесу ды машына пабегла да бачнай непадалёк вёскі, хмары разышліся, выглянула сонца. Тут жа зашлёпалі па лужынах босыя ногі гарэзлівых вясковых хлапчукоў, якія чародкай выпырхнулі з-пад даху калгаснага свірна. Звінелі дзіцячыя галасы. Ці загоніш іх цяпер у хату! Светла на душы ў Ніны ад думкі, што вось ідзе яна па гэтай зямлі да сваёй мары, дыхае паветрам з прысмакам аскомістага палыну. Што будзе яна вучыць і вось гэтых жэўжыкаў, панёсшыхся зараз за грузавіком.
З таго часу мінула 20 гадоў. І вось сёння яна ўзгадала такі выпадак. Чацвёра вучняў дзявятага класа, у тым ліку і Валодзя Кавалёнак, спазніліся на палову яе ўрока. Яна ўжо крыху асвоілася з роляй настаўніцы. Прыкмеціла, што за Валодзем цягнуцца хлапчукі не толькі з 9-га, але і з яе 8-га класа. Дык вось гэта чацвёрка «вылучэнцаў» сядзіць перад ёю. Тры з Зачысця — «мясцовыя». А Кавалёнак з Белага. Сем кіламетраў да вёскі.
— Ніна Міхайлаўна, ды не наўмысна мы спазніліся. У більярд загуляліся на дварэ. У заклад гулялі, — баязліва апраўдваюцца.
Можа, і не да канца шчыра казалі хлапчукі, дык хіба недавер яе навучыць іх сумленнасці? Не. Яна толькі пакіне ў іх сэрцах пачуццё крыўды. І тады яна пачала казаць вучням аб іх будучыні, аб тым, што яны стануць будаваць гарады, пракладваць новыя дарогі, вучыць самалёты лётаць, адкрываць таямніцы светабудовы, сеяць хлеб, пісаць вершы. Доўга гаварыла. Гэта была яе першая сур’ёзная размова, якая раскрыла перад вучнямі яе педагагічныя ды чалавечыя якасці.
Мінуў год. Летам яе выклікалі на працу ў Мінск.
Памяць сэрца
Непадалёк вакзала, за чыгуначным палатном, у ціхім квартале размясціўся навучальны корпус другога Мінскага медыцынскага вучылішча. Заходжу ў аўдыторыю. Уладкоўваюся за сталом ля акна. Праз некалькі хвілін паяўляюцца дзяўчаты-першакурсніцы ў беласнежных халатах. Шумліва рассаджваюцца.
Ад знаёмства з Валькоўскай я чакаю аднаго: знайсці адказ, чаму ёй, настаўніцы «некасмічнага прадмета» — літаратуры, — аддаў сваю любоў, павагу, удзячнасць лётчык-касманаўт У. Кавалёнак, як ёй удалося заваяваць уладу над яго пачуццямі. Мільёны тэлегледачоў, відаць, памятаюць інтэрв’ю журналістаў з экіпажам «Саюза-25». На пытанне «Каго б вы хацелі бачыць у гэтыя хвіліны перад стартам у космас?» Уладзімір Васільевіч адказаў: «Маю настаўніцу Ніну Міхайлаўну Валькоўскую».
Настаўнік… У нашых дзіцячых вачах ды паняццях — гэта вяршыцель лёсу, эталон паводзін, узор для пераймання. Меркаванне яго — самая дакладная ісціна, яго пахвала — найвышэйшая ўзнагарода, яго папрок — гарчэйшая непрыемнасць.
Ніна Міхайлаўна ўвайшла ў клас ціха. Звыкла апусціла на стол журнал. Бліснула шкло акуляраў, твар кранула адкрытая ўсмешка.
— Сёння мы працягнем вывучэнне творчасці беларускага паэта Аркадзя Куляшова, — сказала нягучна ды павяла аповед аб паэзіі. Гаварыла аб прыгажосці беларускай зямлі, яе непаўторнай прыродзе, аб лю-дзях, якія аддалі свае жыцці за яе свабоду. Я слухаў яе, а перад вачыма праплывала шырокае жытнёвае поле, паўставалі вогненныя малюнкі ваеннага часу. Расказ захопліваў, уражваў. Гляджу на яе пышныя светлыя валасы, праменныя вочы, слухаю мяккі голас. Не трапіць пад гіпноз яе вачэй, слоў ды дзеянняў было немагчыма: у гэтыя хвіліны здавалася, што няма на свеце лепшага прадмета, чым літаратура. Званок, як і заўсёды бывае ў такіх выпадках, прагучаў нечакана. Перапынак. Мы сядзім з Валькоўскай у настаўніцкай. Размова, на шчасце, наладзілася адразу.
— Бацькі? Тата і матуля нарадзіліся на Капыльшчыне ў мястэчку Цімкавічы. Пра іх маладыя гады крыху даведалася з успамінаў у друку былой настаўніцы Цімкавіцкай школы Надзеі Іванаўны Карповіч (Дамені). У 1972 годзе яна, на той час адзіная з удзельнікаў самадзейнага драмгуртка 1917
–1922 гадоў, жыла ў Мінску. Пры сустрэчы з заслужанай настаўніцай БССР Зінаідай Іосіфаўнай Раманенкай яна расказала: «У той час у Цімкавічах было шмат маладых настаўнікаў і студэнтаў, якія вучыліся ў Слуцку, Нясвіжы, Раманаве, а летнімі вакацыямі актыўна ўдзельнічалі ў культурна-асветніцкай рабоце. У наш самадзейны калектыў уваходзілі настаўнікі Цімкавіцкай школы Іван Несцеравіч і Кацярына Паўлаўна Лаўрэцкія, Марыя Іосіфаўна Ляхоўская (мая мама ў дзявоцтве), Мікалай Іларыёнавіч Раманоўскі, Іван Наркевіч, Зінаіда Кірылаўна Грынёва, Марыя Іванаўна Маліноўская і іншыя. У пастаноўках і канцэртах удзельнічалі Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны), семінарыст Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі; Міхаіл Рыгоравіч Валькоўскі (будучы мой тата), студэнт Слуцкага камерцыйнага вучылішча; Іосіф Фенюк, навучэнец Раманаўскага вучылішча; я і мае сёстры Марыя, Аляксандра, Елізавета, якія займаліся ў Слуцкай гімназіі».
У 1923 годзе бацькі пераехалі ў Мінск. Тата скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і працаваў у Наркамземе рэспублікі. У гады часовай акупацыі бацькі заставаліся ў горадзе па заданні Цэнтральнага штаба партызанскага руху. У той дзень, калі раніцай да нас у дом прыйшлі пераапранутыя ў цывільнае фашысцкія агенты, таты дома не было. Агледзелі пакоі, спыталіся, дзе гаспадар, і пайшлі. Бацька працаваў на невялікай тытунёвай фабрыцы. Для нарыхтоўкі сыравіны яму быў выдадзены пропуск, які дазваляў выезд з горада. Гэта было зручна для пастаяннай сувязі з партызанскім атрадам. Калі тата вярнуўся (ён ездзіў у Рудзенск), мама яму ўсё расказала. Непадалёку нас жыла сям’я яшчэ адной сувязной. «Схадзі, маці, даведайся, як у яе справы», — сказаў бацька. Дамоў мама вярнулася ў суправаджэнні агентаў. Бацькоў павезлі ў закрытай чорнай машыне. Пазней мы з бабуляй даведаліся, што ў доме сувязной была засада.
Ніна Міхайлаўна прыпыніла свой расказ, адвяла вочы ў бок расчыненага акна.
— Да гэтага часу ў памяці апошняя сустрэча з маці, — працягвае яна. — Разам з іншымі палоннымі яе вадзілі на работу ў горад. Мама валодала нямецкай мовай, яна да вайны працавала настаўніцай. І калі я прыбягала, яна прасіла вартаўніка мяне прапусціць. Не заўсёды, але такое здаралася. І мы некалькі хвілін былі разам. І на гэты раз матуля ўгаварыла высокага немца з аўтаматам у руках. Быў невялікі перапынак, ля нас сядзела немаладая жанчына. Яна ціхенька маме шэпча: «Чула? Нашы пад Оршай наступаюць». Мама ўзрадавалася: «Хутка прыйдуць нашы, дачушка!», — і пачала цалаваць мяне. У гэты час да нас наблізіўся нямецкі афіцэр. Гаркнуў штосьці вартаўніку. Мама адхіліла мяне, захвалявалася. Раптам бачу — твар хусцінкай закрыла, усхліпвае. Не было такога за ёю раней. Я да яе прытулілася, супакойваю. А яна — ні слова. Потым схамянулася, загаварыла хутка, блытана: «Ідзі, Ніначка! Ідзі, дачушка, слядочак ты наш жывы». Больш я маму не бачыла. За тры дні да вызвалення Мінска ад фашыстаў яе павезлі ў Трасцянец.
У фае Міністэрства сельскай гаспадаркі ёсць гранітная дошка. Побач з іншымі прозвішчамі загінуўшых высечана: «Міхаіл Рыгоравіч Валькоўскі». Калі было яе адкрыццё, шмат гаварылі пра бацьку. Расказвалі тыя, з кім разам працаваў, змагаўся. І гучала для мяне гэта, як легенда. — Ніна Міхайлаўна спынілася. Задумалася. Глядзеў на яе — думаў: «Легенда… Легенда аб подзвігу — гэта таксама помнік. З самага даўгавечнага матэрыялу — людской памяці».
Калі я выйшаў на вуліцу, ішоў дробны, не па-чэрвеньску халодны дождж. Шамацелі цёмным лісцем дрэвы. Я думаў аб Валькоўскай, аб сотнях, тысячах, мільёнах дзяцей, якія згубілі сваіх родных і блізкіх у ліхалецці вайны.
Радасці скупыя тэлеграмы
У Валькоўскай было шмат вучняў, самая вялікая радасць — атрымліваць ад іх пісьмы. Беражліва захоўваюцца яны ў сямейным архіве Ніны Міхайлаўны. Часта праглядае іх, учытваецца ў словы, напісаныя ў розныя гады дзіцячай, юнацкай і ўжо зусім дарослай рукой.
Пісьмы, паштоўкі, тэлеграмы. З розных месц ідуць яны ў яе кватэру. Адно пісьмо асабліва дарагое Ніне Міхайлаўне. Прыйшло яно з Байканура ад Уладзіміра Кавалёнка.
«Да старту засталося два дні. Мае сябры адправяць гэтае пісьмо з касмадрома ўжо тады, калі мой «Саюз» пачне адлічваць віткі вакол планеты Зямля, — паведамляе Уладзімір. — Аднаму мне вядома, што Вы зрабілі, каб сёння я быў на касмадроме. І цяпер я зноў і зноў прыношу Вам, Ніна Міхайлаўна, сваю шчырую ўдзячнасць за тое, што выклікалі ў маёй душы гэтую неадольную цягу да пазнання прыгожага, якая не пакіне мяне ніколі».
Праз 33 гады пасля таго, як я занатаваў апошнія словы настаўніцы касманаўта Уладзіміра Кавалёнка, мы ізноў сустрэліся з ёю ў сталічнай двухпакаёвай кватэры. Блізіўся 70-гадовы юбілей У. Кавалёнка. Было аб чым пагаварыць. Былы вучань, калі прыязджаў у Мінск, заўсёды прыпыняўся ў гасцінных гаспадароў. У час апошняй сустрэчы Ніна Міхайлаўна ўзгадала пра сваю даўнюю паездку ў Цімкавічы. З любоўю, вялікай павагай казала пра Зінаіду Іосіфаўну Раманенку. Перажытае і гады цяжка адгукнуліся на здароўі.
— Вы прабачце, — сказала ціха, — мне цяжка размаўляць. Хвароба. Перанесла інсульт. Але не губляю аптымізму. Кожнаму дню, кожнаму ўсходу сонца рада. Вельмі хвалюе лёс нашай моладзі. Як дапамагчы ёй знайсці патрэбны кірунак, каб новае пакаленне не растрэсла набытыя продкамі каштоўнасці? Каб захоўвала любоў да сваёй Бацькаўшчыны, да роднага куточка, у якім чалавек з’явіўся на свет? Я ганаруся сваімі выхаванцамі. Успаміны пра іх дапамагаюць адольваць хваробу.
Уладзімір МАРОЗ,
г. Мінск
Комментарии