Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Николай Иосифович и Зинаида Александровна Езерские из Трояново отметили золотую свадьбу

27.07.2019
50 гадоў сумеснага жыцця, залатое вяселле… Гэта каштоўная спадчына, якой валодаюць двое — муж і жонка. Пражыць столькі часу разам у каханні і згодзе выпадае не кожнаму. Мікалай Іосіфавіч і Зінаіда Аляксандраўна Язерскія з в. Траянава захавалі клятву вернасці, дадзеную паўстагоддзя таму. [caption id="attachment_78615" align="aligncenter" width="840"] ■ Мікалай Іосіфавіч і Зінаіда Аляксандраўна Язерскія[/caption] І сёння, азіраючыся на пражытае, могуць з упэўненасцю сказаць: яны не прагадалі. Нягледзячы на выпрабаванні і перашкоды, гэтыя ўжо немаладыя па ўзросце мужчына і жанчына (абое маюць пад 80 гадоў), падтрымліваючы, дапамагаючы, падбадзёрваючы і моцна кахаючы адзін аднаго, пражылі цудоўныя гады. За вернасць, цярпенне, любоў жыццё ўзнагародзіла іх ладам, парадкам у доме. На думку паўвекавых «маладажонаў», галоўнае іх багацце — дзеці і ўнукі. Мікалай Іосіфавіч і Зінаіда Аляксандраўна нарадзілі і выхавалі дзвюх дачок, дапамагаюць паставіць на ногі чатырох унукаў. Дочкі Наталля і Алёна жывуць у Нясвіжы, працуюць: адна — у філіяле «Белтэлекама», другая — у дзіцячым садку. Старэйшая ўнучка Аліна вый-шла замуж і жыве за мяжой. Нягледзячы на адлегласць, даволі часта наведвае сваю малую радзіму, у тым ліку і бабулю з дзядулем. Унук Паша сёлета папоўніў рады беларускай арміі, служыць ва ўнутраных войсках у Мінску. Унучка Жэня жыве са сваёй сям’ёй у Нясвіжы, працуе ў Цэнтры дзіцячай творчасці, а малодшы Сашка — шасцікласнік. Бесклапотным, шчаслівым летам ён часцяком прыязджае да родных у Траянава. …А вось іх дзяцінства, на жаль, было апалена вайной. Бацька Зінаіды Аляксандраўны загінуў на фронце, і пяцярых дзяцей падымала на ногі адна маці. Мікалаю Іосіфавічу давялося гадавацца пры мачасе, у сям’і было сямёра дзяцей. На плечы нашых герояў рана леглі шматлікія клопаты па гаспадарцы, а таму дзесьці вучыцца не было магчымасці. Каб неяк пратрымацца, трэба было ісці працаваць у калгас. — Я больш чым чвэрць стагоддзя адпрацавала на «штаце», у асноўным свінаркай, — дзеліцца Зінаіда Аляксандраўна. — Няпростая гэта была работа, пераважна ручная. Мабыць, і хваробы цяпер ад яе. — А я вось 45 гадоў і два з паловай месяцы правёў за рулём аўтамабіля, — можна сказаць, з нейкім гонарам далучаецца да размовы Мікалай Іосіфавіч. — Не адмаўляюся ад працы і зараз: магу воз падрамантаваць, абкасіць, калі папросяць. Абое атрымалі званне ветэранаў працы. І яны гэтага сапраўды дастойныя: углядзіцеся ў іх твары, маршчыны на якіх сведчаць пра тое, што працаваць давялося ў розных умовах, зведаць няпростыя моманты, але ўсё вытрымаць. … Не атрымалася ў маладых адсвяткаваць як след вяселле. Адзначылі, так бы мовіць, звычайнай сямейнай вячэрай. Але праз пяць дзясяткаў гадоў родныя і блізкія людзі не забыліся пра гэту значную дату і завіталі ў іх траянаўскую хату, каб павіншаваць з залатым юбілеем. Мікалай Іосіфавіч і Зінаіда Аляксандраўна могуць смела сказаць, што жыццё пражылі недарэмна. Яны ўклалі ўсю душу ў сваіх дзяцей і ўнукаў. Шчырай працай заслужылі павагу і аўтарытэт сярод былых калег, суседзяў і знаёмых. Можна з упэўненасцю сказаць, што сапраўдным золатам сталі тыя 50 гадоў, якія яны душа ў душу пражылі разам. Сяргей КОЗЕЛ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей