Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

А хацелася перамог і …

08.06.2011
Аматары футбола,  нягледзячы  на  спякотнае  надвор’е, прыйшлі ў нядзелю, 5 чэрвеня, на стадыён фізкультурна-аздараўленчага комплексу, каб убачыць прыгожую і захапляльную гульню другой лігі Чэмпіяната Мінскай вобласці паміж футбольнымі клубамі “Капыль” і “Беразіно”. Перад пачаткам матча начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі ўручыў граматы і памятныя падарункі за асабісты ўклад у развіццё футбола ў раёне Аляксандру Міхайлоўскаму і Аляксандру Семяновічу. Гэты факт эмацыянальна настроіў балельшчыкаў і, мяркую, каманду капылян толькі на станоўчы вынік. Што тут казаць – хацелася відовішчнай і пераканаўчай перамогі нашых футбалістаў.  Але склалася, на жаль, не зусім так, як разлічвалі і капыльскія балельшчыкі, і сама каманда. Дзясяты нумар Аляксандр Бранавіцкі з ФК “Капыль” на 6–й хвіліне першага тайма адкрыў лік, фактычна ў адзіночку разабраўшыся з бярэзінскімі абаронцамі. Зразумела, што капыльскія футбалісты разлічвалі атрымаць камфортны перавес ужо ў першай палове матча. Таму яшчэ некалькі разоў цяперашні лепшы бамбардзір турніру Аляксандр Бранавіцкі пасля перадачы сваіх калег паказваў выдатную індывідуальную тэхніку ў штрафной сапернікаў, але мяч, як зачараваны, пастаянна ляцеў прама ў рукі галкіперу гасцей. Калі ты не забіваеш, табе забіваюць – ак-сіёма футбола, якая спрацавала і на гэты раз. Ужо на 32-й хвіліне пасля нескладанага ўдара сапернікаў з-за лініі штрафной капыльскі варатар даставаў мяч са сваёй сеткі варот. З лікам 1:1 каманды пайшлі на перапынак. Другая палова пачалася штурмам варот каманды “Беразіно”, які працягваўся каля 10 хвілін. Ізноў тут вызначаўся дзясяты нумар капылян. На гэты раз умела дзейнічаў бярэзінскі галкіпер, які пару разоў выратаваў сваю каманду ад стопрацэнтнага гола. Гульня пакрысе страчвала тэмп і відовішчнасць. А другі ўдар (за ўвесь гульнёвы час!) на 66-й хвіліне сустрэчы  ў створку варот нашай каманды ўвогуле прымусіў засумнявацца балельшчыкаў у яе поспеху, таму што лік быў ужо 1:2 не на карысць ФК “Капыль”. Нават праведзеныя замены не прынеслі жаданага выніку. Да канца матча лічбы на табло так і не змяніліся. Дамашні матч ФК “Капыль”, хацелася б верыць, стане выключэннем з правілаў, бо наперадзе ў каманды яшчэ 10 гульняў. Трэба перамагаць, тым больш што стаўкі і планы даволі высокія – выхад у першую лігу. А для гэтага неабходна заняць першае або другое месца. Сяргей ЛАЗОЎСКІ НА ЗДЫМКУ: момант штурму варот ФК “Беразіно” капыльскімі футбалістамі. Фота аўтара

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей