Здавалася, зусім нядаўна абмалацілі рапсавыя палеткі, якія сёлета далі рэкордную для гэтых мясцін ураджайнасць — 27,7 ц/га, а ўжо ўбрана і звыш чвэрці плошчаў збожжавых.
[caption id="attachment_78491" align="aligncenter" width="840"]

■ Галоўны аграном гаспадаркі Раман Бабуль (у цэнтры) з экіпажам у складзе Канстанціна і Ягора Маглышаў[/caption]
З сямі камбайнаў КЗС-1218 усе працуюць у полі. Уборачная плошча ў гаспадарцы складае 2050 гектараў. Першымі, каго сустрэлі падчас наведвання сельгаспрадпрыемства, быў экіпаж лідараў у складзе братоў Канстанціна і Ягора Маглышаў, якія рабілі першыя заезды на жытнім полі за вёскай Праснакі на мяжы са Слуцкім раёнам. Калі для Ягора гэта першае жніво, то для Канстанціна ўжо пятае.
[caption id="attachment_78494" align="aligncenter" width="840"]

■ Новы зернесушыльны комплекс у аг. Камень[/caption]
— Тут мы ўбіраем жыта — гібрыд нямецкай селекцыі. Летась яно паказала добрую ўраджайнасць, нягледзячы на засуху, сёлета таксама, мяркую, будзе не горшая. Сёння трэба абавязкова гэтае поле здаць «пад ключ», тым больш што следам ідуць трактары, якія прасуюць салому, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Раман Бабуль. — Стараемся канцэнтраваць тэхніку ў адным месцы і адразу выконваць увесь неабходны фронт работ. Так прасцей і ў плане кантролю, і пажарнай бяспекі. Своечасовае харчаванне можна наладзіць, машыне з абедамі не даводзіцца калясіць па дзясятку палёў. Вось тут убяруць, перакінемся крыху далей, праз дарогу. Там збажына таксама ўжо паспела. Выдатнае поле. Цэнтнераў пад 40 абавязкова будзе!
[caption id="attachment_78493" align="aligncenter" width="840"]

■ Аператары ЗСК Алег Дзямідчык і Эдуард Шалупкін[/caption]
І вось, як па заказе, загарэлася лямпачка над бункерам камбайна дадзенага экіпажа. Значыць, трэба выгружаць намалочанае. Пад’ехаў на аўтамашыне МАЗ Аляксандр Рабко. Пакуль лілося залатое зерне ў кузаў, перагаварылі з працаўнікамі. Рабочыя ўсім забяспечаны, камбайны ўкамплектаваны, паліва хапае. Падвозіцца двухразовае харчаванне. Працуюць у полі да таго часу, пакуль, як прызналіся механізатары, раса не прагоніць. Таксама і з раніцы надвор’е дазваляе весці работы, як падсохне ніва, хутка і без страт. Кантроль за ходам работ ажыццяўляюць адказныя асобы ад гаспадаркі, наведваюцца і адказныя асобы з арганізацый раёна. Словам, усё робіцца для таго, каб уборку правесці ў сціслыя тэрміны і без страт.
[caption id="attachment_78492" align="aligncenter" width="840"]

■ Вадзіцель Аляксандр Рабко[/caption]
— Кожная хвіліна на ўліку, сёння абяцалі дождж. Пакуль ён да нас не прыйшоў, трэба мабілізавацца па поўнай, — адзначае Раман Бабуль.
Раман Анатольевіч настроены аптымістычна. Ураджайнасць значна вышэйшая за леташнюю (пакуль што 36,6 ц/га), людзі працуюць з ахвотай. У полі яшчэ стаіць добры хлеб, так што валавы намалот будзе багатым.
Намалочанае збожжа ў сельгаспрадпрыемстве адвозіцца на дасушку на збожжасушыльны комплекс у Праснаках і нядаўна ўзведзены ў Камені. Іх абслугоўваюць добра падрыхтаваныя, надзейныя спецыялісты. Напрыклад, у Камені мы пазнаёміліся са зменай, якая складаецца з Эдуарда Шалупкіна і Алега Дзямідчыка.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии