Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

69

Дзецям-аднагодкам вайны прысвячаецца...

08.06.2011
Пра жахлівае, жудаснае ў першыя дні вайны сённяшняя моладзь ведае з ваеннай хронікі той пары, кінафільмаў, экскурсій у музеі, сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, засталося вельмі мала. Чаму менавіта дзецям-немаўлятам, якім напярэдадні вайны было ад аднаго да шасці месяцаў са дня нараджэння, прысвячаецца мой роздум? Нараджэнне дзіцяці ў кожны гістарычны перыяд нашай краіны было знакавай, хвалюючай падзеяй, з якой сям’я звязвала найлепшыя спадзяванні і мары. Так сталася і ў сям’і маіх бацькоў Іосіфа і Гелены, якія вельмі чакалі майго з’яўлення, бо былі ўжо ў сталым узросце. Тату 34 гады, матулі – 39. У мамы гэта было другое замужжа. З першым гаспадаром Антосем, родам з вёскі Выня, Бог не дараваў дзіцятка. 14 гадоў сумеснага жыцця пражылі ў згодзе, узаемнай павазе і клопаце. Мама лічыла, прычынай, што так і не прытуліла да грудзей сваё немаўлятка, стала яе бяздзетнасць. А пасля трагічнай смерці мужа Антося, які ў 1937 годзе быў рэпрэсіраваны і расстраляны бязвінна (як стала вядома пазней), здавалася, жыццё скончылася. На шчасце ў малодшай сястры Марыі, якая жыла ў вёсцы Копань (цяпер Аножкі Капыльскага сельскага савета), нарадзіліся дзеткі-пагодкі.Іх было чацвёра: дзяўчынка Броня, хлопчыкі Эдзік, Люцік і Казік. Таму мама з радасцю адгукнулася на просьбу сястры прыехаць да яе, забыцца на гора, пабавіцца з дзецьмі. Матуля з любоўю песціла маленькіх пляменнікаў і на калгасныя палеткі калгаса “Варашылава” паспявала таксама. Вяскоўцы адразу заўважылі працавітую, прыгожую,  маладую  ўдаву.  Было ёй тады 38. Асабліва яна спадабалася Іосіфу, і ён доўга не раздумваючы (як расказвала мне мая бабуля Карнэля, яго маці) прапанаваў Гелене сваю руку і сэрца. Гелена пагадзілася не адразу, хоць малады мужчына ёй спадабаўся. Не курыў на полі, не брыдкасловіў, ды з выгляду прывабАпошняе непакоіла больш за ўсё. Лічыла, што грэх маладога хлопца пазбаўляць шчасця бацькоўства. Так і растлумачыла Іосіфу. Маўляў, сустрэнеш маладую дзяўчыну, якая будзе і жонкай, і гаспадыняй, і дзетак народзіць. Аднак не пераканала Іосіфа: вельмі настойлівы быў і моцна закаханы. Будучая свякроў таксама адобрыла  выбар сына. Не памылілася. Нявестка была працавітай, добрай, паважала свякроў, як  родную маму, бо сваю амаль не памятала (асірацела ў 5 гадоў). Свякроў шкадавала Гелену, малілася і ніколі не страчвала надзею, што і ёй пашчасціць стаць бабуляй. А тут і нявестка раптам занядужыла, нічога на душу не пускае. Маці занепакоілася і кажа сыну: “Запрагай каня, сынок, пакажы доктару сваю Гелю”. Доктар вынес радасны вердыкт: чакайце сынка ці дачушку. Роды ў маёй мамы былі цяжкія. Ёй жа было ўжо нямала год. Нарадзілася дачушка, ахрысцілі Ганнай. Радаваліся родныя, віншавалі суседзі. Хата яшчэ была недабудаваная, патрабавалася шмат працы. У калгасе таксама аралі, сеялі, касілі. Маліліся і марылі, толькі б урадзіла ўсё. Але хмары грознага 22 чэрвеня 1941 года набліжаліся. Мне ішоў трэці месяц. Мая бабуля ўспамінала: “Здавалася, здрыгануліся і зямля, і неба. Выбухі, страшэнны гул варожых самалётаў. Галасілі жанчыны, плакалі немаўляты. Матулі і бабулі, старэйшыя дзеці, якія ўжо навучыліся хадзіць і бегаць, перабягалі ад аднаго склепу да другога, прытуляючы да сэрца сваіх дзетак, брацікаў і сястрычак. Калі не паспявалі ўскочыць у склеп ці хавальнік (туды ссыпалі на зіму бульбу, хавалі ад марозу), падалі на зямлю, закрываючы дзіцятка ад нечаканай смерці.” Паступова страх у людзей пачаў мяняцца на жаданне выжыць, перамагчы страшэнную навалу. Жылі дружна сем’ямі, дзяліліся апошнім, што мелі. У майго таты быў конь, у суседзяў карова. Тата апрацоўваў агароды, каб мець з іх пажытак на зіму. Суседзі прыносілі малако для немаўляці. Маладых мужчын у Капылі амаль не засталося. Да вайны  тыя, каго прызывалі ў армію, адразу трапілі на фронт. Увесь цяжар выжывання і адказнасці за дзяцей, якія нарадзіліся ўжо без бацькі, лёг на жанчын. (Працяг будзе). Г. І. АРЛОЎСКАЯ,старшыня райсавета ветэранаў педагагічнай працы

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей