25
На “Капыльскіх пацехах” сумна не будзе
01.06.2011
25 чэрвеня бягучага года вось ужо ў чацвёрты раз у Капылі пройдзе абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі». Асноўнымі арганізатарамі яго выступілі Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Капыльскі райвыканкам і раённы аддзел культуры. Аб тым, што чакае капылян падчас абласнога свята і як плануецца яго адзначыць, нашым чытачам расказвае загадчык аддзела культурна-масавай работы РЦК Любоў ГАЛУБОВІЧ:
— Аднойчы прафесар БДУКіМ, загадчык кафедры рэжысуры народных свят і абрадаў П. А. Гуд падаў ідэю, якая заключалася ў наступным: “На такога кшталту фестывалі патрэбна, каб гуляў кожны куточак горада”. Па гэтым сцэнарыі пайшлі і капыляне, і 25 чэрвеня бягучага года арганізатары плануюць ажыццявіць асноўныя задачы гумарыстычнага свята: паказаць вялікую гульнёвую разнастайнасць, дзе кожны ўдзельнік свята абавязкова прыме ўдзел у розных гульнёвых праграмах і атракцыёнах.
— Любоў Пятроўна, скажыце, калі ласка, а як гэта ўсё плануецца ажыццявіць?
— Усё вельмі проста. Увесь цэнтр Капыля ператворыцца ў гульнёвы горад. На цэнтральнай пляцоўцы каля РЦК будуць выступаць болей за 20 калектываў і індывідуальных выканаўцаў гумарыстычных твораў з усёй Мінскай вобласці. Акрамя гэтага, запрошаны і гасцявы калектыў з Брэсцкай вобласці — тэатр народнага гумару “Спораўскі акалот”. Народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі» рыхтуецца прадставіць сваю тэатралізаваную гульнёвую праграму «На грышчы ў Агаты», на аснове баек К. Крапівы, прысвечаную 115-й гадавіне яго нараджэння. I ўвогуле ўвесь фестываль прысвячаецца гэтай памятнай даце. Гонар нашага раёна таксама будзе абараняць гумарыстычны дуэт з Лотвінскага СДК на чале з В. Шыманскай і С. Цвіркам.
— Думаю, цікава будзе даведацца нашым чытачам і пра асноўныя моманты свята?
— На гандлёвай плошчы размесціцца і другая канцэртная пляцоўка, на якой будуць выступаць самадзейныя калектывы нашага раёна. Плануецца таксама арганізаваць святочную танцавальную праграму. Насупраць канцэртнай пляцоўкі размесціцца шырокі продаж кулінарных і кандытарскіх вырабаў.
У горадзе майстроў разгорнецца шырокая выстава сялянскага побыту і выстава-продаж ганчарных, драўляных, саламяных і іншых вырабаў і сувеніраў. Насупраць цэнтральнай пляцоўкі будзе працаваць так званы «Пацешны шпіталь», дзе ўдзельнікі і госці свята змогуць паласавацца стравамі беларускай кухні і адначасова «палячыцца» ад суму і дрэннага настрою.
— Ці прадугледжаны ў фестывалі гульні і гумару адпачынак менавіта для дзяцей?
— Адзначым, што сквер за РЦК ператворыцца ў горад дзяцінства з 4 гульнёвымі пляцоўкамі, дзе маленькія ўдзельнікі свята нагуляюцца ў гульні, прымуць удзел у атракцыёнах і змогуць зрабіць здымак на памяць з казачнымі героямі.
— Акрамя культурна-масавых мерапрыемстваў, што яшчэ запланавана ў сцэнарыі свята?
— Якое ж свята гульні без спартыўных гульняў? Так што ўсе прыхільнікі дартсу, перацягвання каната, гіравога спорту таксама змогуць знайсці сабе занятак. Плануем арганізаваць святочную латарэю і розыгрыш супер-прыза. А якім ён будзе, пакуль што сакрэт.
Аднак, хочацца адзначыць, што сумна нікому не будзе, бо цэлая алея гульнёвых атракцыёнаў парадуе сваіх наведвальнікаў цікавымі забавамі з шыкоўнымі і гумарыстычнымі прызамі. Упершыню будуць арганізаваны і «парасячыя бегі». Таму ўжо зага- дзя запрашаем усіх капылян рыхтавацца да вялікага гумарыстычнага свята. Спадзяёмся, што на ім будзе цікава і весела як дарослым, так і дзецям.
— Дзякуй за размову.
Падрыхтавала Таццяна БОХАН
Поделиться
Комментарии