Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

62

Беларусь помнит. Минщина гордится. Герой пера и автомата

17.06.2019
Лёс нашага земляка Лінніка Івана Ігнацьевіча вызначаўся сапраўднай гераічнасцю і шматбаковасцю. На яго асабістым жыццёвым рахунку і школьнае дырэктарства, і ўдзел у партызанскім руху, і рэдактарства ў падпольнай газеце «Калгаснік Капыльшчыны». Замест уступу.  Нядаўна да галоўнага рэдактара «Слава працы» завітаў былы настаўнік гісторыі колішняй Ляшнянскай СШ Рыгор Канстанцінавіч Несцерчык. Доўгі час паважаны педагог аддаў пошукам інфармацыі пра настаўнікаў названай установы адукацыі, што змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах Вялікай Айчыннай вайны. Вынікам пошукавай працы  стала сапраўднае даследаванне, дзякуючы якому памяць пра ратныя подзвігі настаўнікаў захаваецца, і яна кліча кожнага з нас быць дастойнымі воінскай славы. Пра аднаго з іх мы і раскажам. [caption id="attachment_77480" align="aligncenter" width="580"]■ І. Ліннік. Здымак зроблены да пачатку вайны ■ І. Ліннік. Здымак зроблены да пачатку вайны[/caption] Калі пачалася Вялікая Айчынная, Івану споўнілася 25 гадоў. Бацькі ўсё жыццё адпрацавалі на зямлі, пачынаў з сельскай гаспадаркі і Ваня. У дзяцінстве, якое прайшло ў Русаках, пасвіў жывёлу ў больш заможных гаспадароў. Але юнак ведаў: каб дасягнуць поспеху, патрэбна адукацыя. І ўпарта ішоў да вызначанай мэты: адразу скончыў пачатковую школу, потым — Старыцкую сямігодку, медрабфак і Мінскі педінстытут. У 1938 годзе першым прафесійным працоўным месцам стала пасада завуча Чкалаўскай школы Васілевіцкага раёна Палескай вобласці. 6 верасня 1939 года Іван Ліннік уступіў у рады Чырвонай Арміі, але па стане здароўя быў дэмабілізаваны са сняццем з воінскага ўліку ў сакавіку 1940 года. Мабыць, даў аб сабе знаць удзел у баявых дзеяннях у Фінляндыі. Вярнуўшыся на Капыльшчыну, Іван Ігнацьевіч узначаліў Ляшнянскую школу. На гэтай пасадзе яго і застала вайна. «Толькі паспелі адгуляць выпускны вечар, як ужо ў гадзін дзесяць раніцы ў Лешні і суседніх Кіявічах з’явіліся першыя бежанцы — сем’і партыйных, савецкіх работнікаў і афіцэраў з Брэста, — так успамінаў сакратар Капыльскага падпольнага РК ЛКСМБ Віктар Сергіеня, які  таксама настаўнічаў у Лешні. — А тут і паведамленне аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі, што прагучала па радыё ў 12 гадзін… Ужо 26 чэрвеня гітлераўцы былі на Капыльшчыне… У ваеннаслужачых, якія адступалі, удалося разжыцца пісталетам, вінтоўкай і батальённай радыёстанцыяй… У снежні наладзілі сувязь з лейтэнантам І. Тараховічам (Дунаевым)… Калі радыёстанцыя перастала працаваць, з І. Ліннікам і І. Бельскім сабралі лямпавы прыёмнік. Паведамленні, якія атрымлівалі па радыё, запісвалі і расклейвалі на слупах».   [caption id="attachment_77481" align="aligncenter" width="580"]■ Узнагародны ліст да ордэна Айчыннай вайны І ступені ■ Узнагародны ліст да ордэна Айчыннай вайны І ступені[/caption] Каб не стаць ахвярай гітлераўцаў, Іван Ліннік быў вымушаны вярнуцца ў родныя Русакі. Але заставацца ўбаку ад баявых дзеянняў доўга не мог. З восені 41-га Іван быў звязаны з падпольнай групай камуністаў, якую прыслаў штаб Заходняй ваеннай акругі для работы ў тыле ворага. Па даручэнні гэтай групы ён добрасумленна і шчыра выконваў заданні: збіраў зброю і падбіраў людзей у партызанскі атрад, заставаўся яго сувязным. Але гестапа выкрыла падпольную групу. Іван паспеў уцячы ў лес і 5 кастрычніка 1942 года ўступіў у партызаны. Гэта быў атрад імя Чапаева. Пачынаў радавым партызанам, потым стаў старшыной роты і палітруком. Ён змагаўся побач з легендарным камандзірам атрада Тараховічам І.М. (Дунаевым). Гэты час стаў па-сапраўднаму гераічным для Івана Лінніка. Не аднойчы ён здзяйсняў подзвігі, за якія быў прадстаўлены да ўрадавых узнагарод. Першы медаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені атрымаў за ўдзел у тым самым Старыцкім баі, які прагрымеў на Капыльшчыне 7 лістапада 1942 года. Падчас бітвы Ліннік знішчыў траіх немцаў. Амаль праз год, 27 верасня 1943 года, па яго непасрэднай ініцыятыве знішчаны мост у раёне шасэйнай дарогі Масква – Варшава каля в. Кіявічы, які ахоўвалі немцы, загінулі 14 ворагаў. У гэтым жа годзе Ліннік  уступіў у рады ВКП (б).  Далей Іван Ігнацьевіч рэгулярна «папаўняў» асабісты гераічны рахунак — удзел у баях з немцамі, падрыў двух ваенных эшалонаў, пяці аўтамашын, знішчэнне тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, каля 20 забітых гітлераўцаў. Таварышы і камандзіры не аднойчы адзначалі яго смеласць, адвагу і бязлітаснасць да ворагаў. Па асабістай ініцыятыве Лінніка знішчаны дзот разам з 24 немцамі, захоплены зброя і боепрыпасы. Але змагаўся Іван Ліннік не толькі аўтаматам, а яшчэ, як кажуць, і пяром. У ліпені 43-га, калі на пасяджэнні райкама было разгледжана пытанне аб выданні раённай газеты, яна атрымала другое жыццё пад той жа назвай, што і да вайны, — «Калгаснік Капыльшчыны». У маі 44-га  рэдактарам становіцца Іван Ліннік, адначасова з’яўляючыся палітруком роты. На старонках газеты шмат увагі ўдзялялася палітычнаму выхаванню партызанаў і насельніцтва. Гэта яшчэ больш дадавала аўтарытэту сярод таварышаў. Камандзір брыгады імя Чапаева Шастапалаў таксама высока ацэньваў гераізм Івана Лінніка. Як вынік — урадавая ўзнагарода — ордэн Айчыннай вайны І ступені. Перада мной пажаўцелы нумар «Калгасніка Капыльшчыны» за 26 мая 1944 года. У самым нізе другой старонкі (а было іх толькі дзве) маленькая заметка пад загалоўкам «Адправілі на той свет»: «Група партызан на чале з Іванам Л. (атрад Ч.) (упэўнена — гэта і ёсць наш герой — Аўт.) 20 мая на шашы Масква – Варшава падарвала нямецкую аўтамашыну. Забіты 5 і паранены 4 фрыцы. Яны ехалі ў вёскі хватаць людзей для адпраўкі ў Германію, але партызаны іх саміх адправілі — толькі не ў Германію, а на той свет — у зямлю». Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Іван Ігнацьевіч узначальваў раённы аддзел адукацыі, а пазней разам з жонкай Нінай Іванаўнай і двума сынамі выехаў у Баранавічы, дзе пэўны час быў начальнікам абласнога аддзела народнай адукацыі тагачаснай Баранавіцкай вобласці. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей