Сям’я Волкавых з аграгарадка Семежава па выніках VII абласнога фестывалю сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсе ў згодзе» ўзнагароджана Дыпломам за прапаганду і папулярызацыю традыцый сямейнай мастацкай творчасці і ўдзел у фестывалі.
[caption id="attachment_77477" align="aligncenter" width="580"]

■ Сям’я Волкавых - Таццяна, Раман і Святлана[/caption]
Сёлетні фестываль, што прайшоў у горадзе Маладзечне, аб’яднаў 26 сямейных калектываў з 14 рэгіёнаў вобласці. Сярод іх — як маладыя сем’і, так і цэлыя творчыя дынастыі, а таксама сямейныя аматарскія калектывы мастацкай творчасці, якія прадставілі разнастайнасць жанраў аматарскай дзейнасці і розныя віды дэкаратыўна- прыкладной творчасці. Мерапрыемства, арганізаванае Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці, прайшло ў рамках ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019», а таксама культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў.
На сямейнай выставе Волкавых прысутныя маглі пазнаёміцца з тканымі вырабамі, карцінамі з салёнага цеста, якія зрабіў сын Раман. А ўмельцы не шкадавалі часу на майстар-класы. Дарэчы, матуля Таццяна Мікалаеўна праводзіла майстар-клас па ткацтве пояса «на ніту», а сын Раман — на кроснах. А тым часам на пляцоўцы бабуля Святлана Анатольеўна частавала гасцей свята сваёй хатняй выпечкай і ліпавым чаем з мёдам.
Разнастайныя выставы, гульні і іншыя забавы не давалі сумаваць ні дарослым, ні дзецям — настрой ва ўсіх сапраўды быў святочным. Было бачна, што сем’яў, аб’яднаных агульнымі захапленнямі, у вобласці шмат.
Таццяна БОХАН
Комментарии