Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Падранкі вайны

29.04.2010
Дзеці вайны. Яны рана сталі дарослымі. У іх, бадай што, не было дзяцінства, бо яно было абпалена вогненным ліхалеццем. Нездарма іх яшчэ называюць падранкамі вайны. Як расказала мая бабуля Ніна Рыгораўна Праташчык, калі пачалася вайна, ёй было 7 гадоў. У вёсцы Вострава, дзе жыла яна, немцы былі ўжо ў аўторак, 24 чэрвеня. Прыехалі яны на матацыклах з каляскамі. Для дзяцей гэта было вялікім дзівам, бо яны не бачылі нават веласіпеда. Дзетвара выбегла з хат, абкружыла матацыклы. Немцы рагаталі, кідалі ў натоўп цукеркі і гергеталі: — О! Кіндэр, гут, гут! Такія лагодныя адносіны да дзяцей і ўвогуле да насельніцтва былі толькі ў першыя дні вайны. Потым пачаліся прымусовыя работы, здзекі. Немцы адбіралі птушку, яйкі, малако. За два кіламетры ад Вострава праходзіла шаша Масква - Брэст. Людзей з вёскі выганялі туды на працу: капаць траншэі, правяраць, каб не было мін. У адзін з дзён арыштавалі цётку бабулі за тое, што на ўчастку, дзе яна працавала з іншымі жанчынамі, быў перарэзаны кабель. Жанчын адразу адправілі ў турму горада Слуцка. Але віну сваю яны не прызналі, трымаліся цвёрда, і іх выпусцілі. — Самае страшнае, — успамінае бабуля, — было тады, калі пачыналіся абстрэлы. Шашу бамбілі круглыя суткі, страшна гулі самалёты. Калі ж пачыналася бамбёжка, дзеці хаваліся ў доце, які быў пабудаваны напярэдадні вайны. А аднойчы, каб пагрэцца, распалілі касцёр, падкідвалі галлё, а потым кінулі нешта белае. Раздаўся страшны трэск, полымя ляцела ў розныя бакі (як высветлілася потым, гэта быў порах). Аднаму з хлапчукоў параніла руку, а другому трапіла ў вока... Наогул, успаміны пра вайну для бабулі вельмі балючая тэма, бо ў 1945 годзе ў горадзе Кібартай загінуў яе тата Грыша, а ў партызанскім атрадзе – яго брат Пятрок. Іх фотаздымкі я бачыў у нашай школе ў музеі «Памяць». Я вельмі ганаруся імі. Свае ўспаміны бабуля закончыла такімі словамі: «Няхай ніколі не будзе такога гора, каб ніколі яно не паўтарылася. А ў дзяцей было шчаслівае дзяцінства”. Максім СКРЫПІНСКІ, вучань 9 “А” класа СШ №2  г. Капыля, член кружка “Проба пяра”

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей