На мінулым тыдні капыльская зямля ўпершыню прымала ўдзельнікаў міжрэгіянальнага этапа штогадовых маладзёжных ваенна-патрыятычных гульняў “Бастыёны мужнасці”, якія прысвячаліся 66-годдзю Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Такое мерапрыемства пад эгідай адпаведных структур Мінаблвыканкама праводзіцца з мэтай ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, падрыхтоўкі дапрызыўнікоў да вайсковай службы, навучання навыкам выжывання ў надзвычайных сітуацыях, папулярызацыі ваенна-прыкладных відаў спорту, прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў і дзіцячага траўматызму.
Арганізатарамі міжрэгіянальнага этапа выступілі аддзелы па справах моладзі, адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, Капыльскі раённы ваенны камісарыят, раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, РК ГА “БРСМ”, раённы савет ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. На плошчы Леніна горада сабраліся каманды Клецкага, Капыльскага, Стаўб- цоўскага, Нясвіжскага, Дзяржынскага і Уздзенскага (мінулагодні чэмпіён) раёнаў.
Па ўмовах першага конкурсу правяраўся знешні выгляд “байцоў”, дзеянні камандзіра, выкананне атрадам страявых прыёмаў і страявой песні. У склад каманды па ўмовах мерапрыемства ўваходзілі шэсць юнакоў і чатыры дзяўчыны ва ўзросце 14 – 17 гадоў. Што цікава: некаторыя з атрадаў узначальвалі менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва і на фоне будучых абаронцаў Айчыны, юнакоў, выглядалі яны зусім не горш, рапартуючы аб гатоўнасці да гульняў “Бастыёны мужнасці” ваеннаму камісару Капыльскага раёна Сяргею Барташэвічу, трапна аддаючы каманды атраду.
Другім этапам спаборніцтваў стала ваенізаваная эстафета з выкананнем нарматываў баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі. Удзельнікі гульняў пераадольвалі ўмоўную водную перашкоду па бервяне, апраналі агульнавайсковы ахоўны камплект, “размініравалі” ўчастак мясцовасці, закідвалі вучэбнымі гранатамі тры “кулямётныя гнязды” ўмоўнага праціўніка, разбіраліся ў воінскіх званнях, ставілі палатку, пераадольвалі паўзком мышалоўку, аказвалі першую медыцынскую дапамогу і транспарціравалі “параненых”. Паралельна эстафеце праходзілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, а таксама віктарына па гісторыі Беларусі. Пасля некалькіх гадзін упартай барацьбы вызначыліся лідары спаборніцтваў. Па выніках усіх этапаў “Бастыёнаў мужнасці” перамагла каманда “Перамога” Капыльскага раёна і тым самым атрымала пуцёўку на абласны этап ваенна-патрыятычных гульняў “Бастыёны мужнасці”. Другая прыступка п’едэстала гонару дасталася Клецкаму і трэцяя – Уздзенскаму раёнам.
Пераможца і прызёры атрымалі дыпломы, граматы, падзячныя лісты, памятныя падарункі райваенкамата, аддзела па справах моладзі райвыканкама.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКАХ: 1. На пытанні віктарыны адказваюць капыляне; 2. Устаноўка палаткі; 3. Страявая падрыхтоўка.
Фота аўтара
Комментарии