15 мая адбылася IV раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Акрамя дэлегатаў (прысутнічалі 93 са 100 чалавек) на мерапрыемства былі запрошаны кіраўніцтва раёна і ганаровыя госці.
На парадак дня былі вынесены некалькі пытанняў: справаздача аб дзейнасці райкама ГА “БРСМ” за 2008 – 2011 гг. і далейшых перспектывах, выбранне новага райкама, кантрольнай камісіі, дэлегатаў на абласную канферэнцыю і прыняцце звароту дэлегатаў раённай канферэнцыі “БРСМ”.
З дакладам перад прысутнымі выступіла першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, якая падрабязна расказала аб асноўных кірунках работы арганізацыі за апошнія тры гады. За гэты час маладзёжны рух Капыльшчыны дасягнуў добрых поспехаў у сваёй дзейнасці. Шматлікія праекты, акцыі, валанцёрскі рух, спартыўныя мерапрыемствы і шэраг іншых збіралі ініцыятыўных, творчых, самасвядомых юнакоў і дзяўчат. Нездарма па выніках работы за 2008 год райкам ГА “БРСМ” быў прызнаны лепшым у вобласці і атрымаў грант на закупку абсталявання для дзіцячай пляцоўкі. Але гэта была не апошняя прыемная навіна. Дзякуючы двум цудоўным выступленням маладых сем’яў Пыкаў (в. Папоўцы) і Калыханаў (в. Душава) у рэспубліканскім сельскагаспадарчым праекце “Уладар вёскі” ў 2009 і 2010 гадах капыляне яшчэ раз падкрэслілі, што ў нас на вёсцы ёсць працавітыя, гаспадарлівыя, таленавітыя людзі. Акрамя гэтага, моладзь актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, многія з’яўляюцца дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў. “Але каб пастаянна ісці ў нагу з часам, неабходна больш шырока прымяняць інавацыйныя формы і метады работы. Патэнцыял любой маладзёжнай арганізацыі невычарпальны, – адзначыла напрыканцы Наталля Рыгораўна. – Важна толькі накіраваць яго ў патрэбнае русла, падтрымаць і эфектыўна выкарыстаць у выхаваўчых мэтах”.
Пасля некаторых арганізацыйных момантаў з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся начальнік аддзела па справах моладзі Валянціна Балажынская, член прэзідыума райсавета ветэранаў Часлава Грыгаровіч, намеснік дырэктара Слабадакучынскай СШ Барыс Дзенісюк і юныя члены раённай арганізацыі РГА “БРПА”.
Удзельнікі канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі ГА “БРСМ” здавальняючай, абралі новы склад райкама, раённай кантрольнай камісіі, а таксама дэлегатаў на справаздачна-выбарную канферэнцыю Мінскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ”. На пленуме, які адбыўся ў той жа дзень, першым сакратаром РК ГА “БРСМ” адзінагалосна зноў абрана Наталля Гарбацэвіч.
Затым да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, якая адзначыла, што работа “БРСМ” прыкметная і значная для нашага раёна. У той жа час, падкрэсліла яна, неабходна рухацца далей, ставіць перад сабой пэўныя і выразныя задачы. Ад раённай арганізацыі “Белая Русь” Ала Марксаўна і Наталля Рыгораўна ўручылі падарункі самым актыўным памочнікам арганізацыі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКАХ: 1. Н. Гарбацэвіч; 2. Дэлегаты канферэнцыі.
Фота аўтара
Комментарии