Падчас яго адкрыцця міністр культуры Юрый Бондар зачытаў тэкст прывітання ўдзельнікам фестывалю ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч.
Сярод гледачоў, якія трапілі на ўрачыстае адкрыццё фестывалю, былі і прадстаўнікі Капыльскага раёна. У Летнім амфітэатры яны з цікавасцю назіралі за цырымоніяй узнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Дарэчы, Гран-пры фестывалю і спецыяльны прыз атрымала Яна Мармыш з Мінскай вобласці. 18-гадовая пераможца вучыцца на трэцім курсе Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і іграе на фартэпіяна.
Сёлетні фестываль, які адбыўся ўжо ў дзевятнаццаты раз, быў прысвечаны Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Традыцыйным стала выступленне падчас святочнай імпрэзы заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. Артысты вынеслі на суд гледачоў сваю новую праграму «Песні вайны»
(на здымку). Завяршыўся фестывальны дзень святочным салютам.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии