Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

«Слава працы» на Міжнароднай выставе

30.05.2011
Звыш шасцісот удзельнікаў з дзевяці краін у пачатку мая бралі ўдзел у Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі», якая прайшла ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа». Група творчых супрацоўнікаў рэдакцыі газеты «Слава працы» таксама наведалася на форум, які за 15 гадоў свайго існавання набыў заслужаную папулярнасць. Для прадстаўнікоў рэгіянальнай прэсы – гэта своеасаблівая вучоба, сустрэча з калегамі, абмен думкамі. Нагадаем асноўныя моманты незабыўных сустрэч на прадстаўнічым мерапрыемстве. Стэнд «СМІ Мінскай вобласці» быў прадстаўлены 24 рэгіянальнымі дзяржаўнымі газетамі (здымак 1) і 6 шматтыражнымі, абласным радыё «Минская волна». Прыемна адзначыць, што ў дзень адкрыцця выставы Капыльская раённая газета хутка разышлася. Таму на другі дзень па просьбе адказных за стэнд Мінскай вобласці давялося даставіць яшчэ 60 экзэмпляраў «Слава працы», якая заняла пачэснае месца сярод іншых газет. Дарэчы, наша раёнка з’яўляецца адной з самых чытаемых дзяржаўных газет у вобласці – у разліку на тысячу насельніцтва – 152 экзэмпляры. У інтэрвю «Слава працы» галоўны спецыяліст упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Анатоль Шычко (здымак 2) станоўча ацаніў работу рэгіянальнай прэсы Мінскай вобласці, якая, на яго думку, займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне. «Галоўнае – не спыняцца на дасягнутым, – адзначыў куратар СМІ. – Шукаць новыя падыходы, паляпшаць змест матэрыялаў, імкнуцца да таго, каб раёнка была жаданай у кожнай сям’і». На Міжнароднай выставе свае экспазіцыі прадставілі таксама сродкі масавай інфармацыі Расіі, Азербайджана, Украіны, Індыі, Венесуэлы, Кубы, Кітая, Эстоніі і Польшчы. Ля стэнда Кітайскай Народнай Рэспублікі пазнаёмілася са студэнткай універсітэта культуры Валу (здымак 3). Абмяняліся друкаванай прадукцыяй. Яна падзякавала за спецвыпуск «Ля Каменкі бруістай», а мне ўручыла часопіс пра Кітай на рускай мове. Яніна Лычкоўская працуе ў часопісе «Алеся». Калі даведалася, што я зямлячка былога рэдактара выдання Марыі Карпенкі, папрасіла напісаць некалькі слоў у кнігу водгукаў. Я выказала словы ўдзячнасці вядомай журналістцы, пісьменніку за радасць сустрэч, якія адбываліся падчас яе прыезду ў рэдакцыю газеты «Слава працы». У многім маё станаўленне як журналіста адбывалася пад яе ўплывам. Мінчанін Уладзімір Лук’янавіч Голуб (здымак 4) уважліва разглядваў раённую газету “Слава працы”. На пытанне, што Вас зацікавіла ў раёнцы, ён адказаў: «Сябар у мяне быў з Капыля – Павел Канстанцінавіч Бушмар, вучыліся разам у тэхнікуме, пасля ў Тамбоўскім ваенным вучылішчы. Пасля дарогі нашы разышліся, але памятаю, з якой цеплынёй сябар расказваў пра родны край. Ён лічыў, што прыгажэй за Капыльшчыну мясцін няма. Таму мяне і зацікавіла ваша газета». Намеснік галоўнага рэдактара віцебскай абласной газеты Валянціна Маісеева ўжо трэці год прымае ўдзел у выставе і кожны раз яе кранае тое, як людзі старэйшага пакалення прыходзяць, можна сказаць, на спатканне са сваёй малой Бацькаўшчынай. Шукаюць тую ці іншую раённую газету, каб праз гады расстання вярнуцца ў родныя мясціны, парадавацца тым зменам, якія там адбываюцца. Прыемна было сустрэць ля стэнда распаўсюджвальнікаў СМІ зямлячку Дзіяну Талейку. Яна закончыла СШ №3 г. Капыля і паступіла ў Інстытут журналістыкі БДУ. Зараз заканчвае 4 курс і вельмі ўдзячна журналістам «Слава працы», асабліва Таццяне Бохан (на здымку 5 справа) за тое, што карпатліва дапамагалі ў стварэнні творчага альбома, неабходнага для паступлення ў ВНУ. Бранская вобласць (Расія) таксама была прадстаўлена раённымі газетамі, а дзяжурылі рэдактары Святлана Андросава і Ганна Саннікава. Было аб чым пагутарыць калегам. Адзін у аднаго мы цікавіліся тэматыкай, падачай матэрыялаў, арганізацыяй падпіскі, кадрамі. Многае нас аб’ядноўвае, але, калі даведаліся, што ў Капыльскай рэдакцыі ёсць свой паліграфічны ўчастак, у адзін голас сказалі: «У нас таксама некаторыя рэдакцыі маюць свае друкарні і гэта вельмі прэстыжна». Матэрыялы з Міжнароднай выставы «СМІ ў Беларусі» падрыхтавала Марыя ШЭІНА.       Фота аўтара і Таццяны Бохан

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей