Прыемная навіна прыйшла на Капыльшчыну. На ХІ рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Вясновы букет» раённы цэнтр ткацтва ўзнагароджаны дыпломам за першае месца.

З кожным годам цікавасць да свята, арганізаванага Міністэрствам культуры Беларусі, Мінгарвыканкамам, ГА «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», расце. Сёлета на мерапрыемства з’ехаліся каля 300 майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці з усёй Беларусі, якія адкрылі сезон правядзення свят нацыянальных культур. У ім бяруць удзел майстры, якія адра-джаюць рэдкія і забытыя віды беларускай творчасці, а гараджане захоплена з імі знаёмяцца.
Сваё майстэрства на фестывалі 25 мая ў Верхнім горадзе г. Мінска дэманстравалі супрацоўнікі раённага цэнтра ткацтва на чале з народнымі майстрамі Таццянай Волкавай і Верай Васільеўнай Нікалаевіч, а таксама майстрам-метадыстам цэнтра ткацтва Наталляй Сафронавай
(на здымку злева направа). Майстры Капыльшчыны прадставілі традыцыйнае закладное ткацтва чырвона-белых ручнікоў, а таксама ткацтва пояса «на ніту» і «на бердзечку», якія па-сапраўднаму захапілі гараджан і гасцей сталіцы. Сведчанне гэтаму — атрыманая высокая ўзнагарода.
Таццяна БОХАН
Комментарии