У фінале абласнога этапа рэспубліканскага творчага конкурсу «Жывая класіка» навучэнка Дзяржаўнай установы адукацыі «Грозаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа» Юлія Дарашэвіч стала прызёрам.

Конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме» адбыўся на базе ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі». Да ўдзелу ў ім былі запрошаны вучні з усіх раёнаў Мінскай вобласці, якія сталі пераможцамі раённага этапа. Наша зямлячка на суд журы вынесла ўрывак з паэмы Анатоля Вярцінскага «Песня пра хлеб». Падрыхтавала шасцікласніцу да ўдзелу ў конкурсе настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Алена Дубіна.
— Юля — усебакова развітая дзяўчынка, — дзеліцца педагог Алена Хакімаўна. — Сёлета яна стала выдатніцай у раённай алімпіядзе па матэматыцы, а ў раённым этапе конкурсу «Жывая класіка» атрымала Дыплом І ступені. А яшчэ Юля выдатна малюе і цудоўна піша сачыненні. Складана было ўдзельнічаць у абласным этапе, дзе было заяўлена 23 дзіцяці ў групе, палова з якіх займаецца ў тэатральных студыях. Вучняў ацэньвала кампетэнтнае журы, якое складалася з таленавітых пісьменнікаў і паэтаў. Але наша Юля справілася на выдатна: настолькі артыстычна прачытала яна ўрывак, пранікнёна перадала вобразы, прадэманстравала прыгажосць мастацкага слова, чым данесла глыбокі сэнс твораў. І як вынік — Дыплом III ступені ва ўзроставай катэгорыі 5–6 класы.
Шчыра віншуем нашу пераможцу і яе настаўнiцу! Жадаем ім новых поспехаў і дасягненняў!
Таццяна БОХАН
Комментарии