Ва ўсе часы ва Узброеных Сілах лічыліся прэстыжнымі падраздзяленні спецназа, а тыя, хто трапляў у іх служыць, – элітай. Падчас адбору ў гэтыя падраздзяленні ўлічваюцца не толькі здароўе і жаданне прызыўніка, але і яго падрыхтоўка, загартоўка для службы ў такіх войсках.

Пытанне аб тым, дзе праходзіць тэрміновую ваенную службу, для ўраджэнца в. Смалічы Аляксандра Сергіені
(на здымку) ніколі не стаяла. Яго даўно цікавіла спецыяльная разведка. Па стане здароўя і фізічнай падрыхтоўцы ніякіх праблем не было, таму падчас прызыву яму прапанавалі службу ў спецназе, аб чым марыў з дзяцінства.
— Прапаноў у ваенным камісарыяце было некалькі, але абраў я пятую асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы, у якой служылі многія мае сябры і знаёмыя і не аднойчы дзяліліся сваімі ўражаннямі аб армейскіх буднях, — расказвае Аляксандр.
Яшчэ школьнікам ён захапляўся фізічнай культурай і спортам. Стараннасць, сіла духу, вытрымка, якім хлопец вучыўся падчас трэніровак, вельмі спатрэбіліся яму ў Мар’інай Горцы.
— Уся мая служба, я б сказаў, дзялілася на тры перыяды, — прадаўжае Аляксандр. — Спачатку нас вучылі, затым мы давучваліся і ў выніку ўсё паўтаралі. Вучыліся страляць, асвойвалі падрыўную справу, займаліся ваенна-дэсантнай падрыхтоўкай. Атрыманыя веды адпрацоўвалі падчас вучэнняў. Наогул у арміі ўсё па-сапраўднаму: марш-кідкі, шматлікія бяссонныя ночы падчас заданняў, лясныя паходы — усё гэта загартоўвае і выпрацоўвае характар. Менавіта падчас службы ў мяне з’явіліся такія сябры, на якіх я магу разлічваць цяпер у любой, нават самай складанай сітуацыі. Яны заўсёды гатовы выручыць, прыйсці на дапамогу. У сваю чаргу я зраблю гэтак жа. Дзіўна, як вайсковыя будні аб’ядноўваюць зусім розных людзей з самых розных куткоў краіны. Паўтара года ў арміі — гэта зусім асаблівы час, калі вучышся быць самастойным, дысцыплінаваным, арганізаваным, па-асабліваму шануеш бацькоў і сям’ю, з’яўляюцца зусім іншыя погляды на жыццё.
У планах у хлопца — пайсці на службу ў міліцыю.
— Шчыра кажучы, мне не хочацца губляць тыя навыкі, якія я набыў у войску, — разважае наш суразмоўца. — Таму вырашыў такім чынам прадоўжыць службу. Тым больш абсалютна ўпэўнены, што гэта маё.
Наперадзе ў Аляксандра Сергіені — новая цікавая праца. Вельмі важна, калі ёсць магчымасць займацца любімай справай, каб цалкам рэалізаваць сябе.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии