Для аграрыяў распачалася новая сельскагаспадарчая кампанія — нарыхтоўка кармоў, якая, па вялікім рахунку, доўжыцца літаральна ўсё лета. У Капыльскім раёне да яе масава пры- ступілі з 26 мая, а напярэдадні, на базе ААТ “Семежава” і ЗАТ “Жыліхава” адбылося выязное пасяджэнне райвыканкама, на якім ішла гутарка пра гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў да “зялёнага жніва”, нагадваліся асноўныя патрабаванні тэхналогіі, абмяркоўваліся іншыя надзённыя пытанні.
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Семежава” да “зялёнага жніва” падрыхтаваліся загадзя, таму тут не ўзнікаюць пытанні накшталт таго, дзе купіць плёнку для закрыцця сянажных траншэй альбо шпагат для прэс-падборшчыкаў, як забяспечыць гаспадарку гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія намаганні прыкласці, каб тэрмінова завяршыць рамонт корма- ўборачнай тэхнікі. На вялікі жаль, такія праблемы — рэаліі дня сённяшняга для большасці сельгасарганізацый раёна. Таму планавае заданне ў 16 700 тон сенажу (з іх 13 000 тон з траў першым укосам), 200 000 тон сіласу і 1600 тон сена, як падзяліўся дырэктар таварыства Іван Лянько, семежаўцы выканаюць у дакладна вызначаныя тэрміны і, як заўсёды, у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі. На скошванні і здрабненні зялёнай масы будуць задзейнічаны пяць самаходных і чатыры прычапныя касілкі, чатыры комплексы КЗР. Трамбоўкай зялёнай масы зоймуцца два “Кіраўцы”, на яе адвозку нацэлены 13 адзінак тэхнікі. Будуць працаваць пяць прэс-падборшчыкаў і два “Нью-Холанды”. Загадзя распрацаваны і зацверджаны комплексны план работ, расцэнкі (павялічаныя ў параўнанні з мінулым годам на 15-20%). Прызначаны адказныя спецыялісты.
Семінар прадоўжыўся аб’ездам ААТ “Семежава”. У гэты дзень у полі працаваў толькі адзін комплекс Е-281, на якім механізатар Іван Ражко касіў люцэрну на корм дойнаму статку, а таксама касілкамі вялося падкошванне пашаў. Асноўныя работы, па сцвярджэнні кіраўніка, распачнуцца на дзень пазней. Начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў семінара (а гэта былі кіраўнікі сельгаспрад- прыемстваў і супрацоўнікі раённых структур АПК) на неабходнасці догляду пашаў, якія ўжо патрабуюць апераджальнага падкошвання і падкошвання пасля страўлівання (як гэта робіцца ў “Семежаве”).
Былі наведаны таксама палеткі з азімай пшаніцай, кукурузай. Тут тлумачэнні даваў галоўны аграном гаспадаркі Юрый Зяньковіч. Акцэнт быў зроблены на неабходнасці дасканалага кантролю за станам пасеваў, каб не прапусціць тэрміны правядзення чарговых апрацовак культур.
Дырэктар ЗАТ “Жыліхава” Аляксандр Кукраш таксама падзяліўся сваімі планамі арганізацыі корманарыхтоўчай кампаніі, адзначыўшы, што нарыхтоўку кармоў з траў першым укосам тут гатовы правесці за 15 дзён. Вельмі добрае ўражанне пакінула наведванне машынна-трактарнага двара гаспадаркі, дзе пануе адмысловы парадак. Такі ж парадак і на тэрыторыях малочнатаварных ферм. Дарэчы, гэта праблема была агучана старшынёй райвыканкама Анатолем Жданенем як адна з самых надзённых. Пра неабходнасць навядзення парадку на прыфермскіх тэрыторыях і МТП гаварылася не адзін раз, аднак не ў кожнай гаспадарцы да гэтага адносяцца на поўным сур’ёзе. Таму ўбачанае падчас семінара павінна хаця б крыху разбудзіць у кіраўнікоў самалюбства і жаданне выглядаць не горш за іншых.
Ля сянажных траншэй галоўны ветурач раёна Леанід Паляшчук яшчэ раз нагадаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў пра асноўныя патрабаванні тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў. Здаецца, нічога новага і складанага няма: скасі траву, не дапусціўшы яе пераспявання, пакінь на нейкі час для правяльвання, здрабні да рэкамендуемых памераў, дастаў у вычышчаную, падрамантаваную, выбеленую сянажную траншэю, трамбуй кругласутачна цяжкавагавымі трактарамі, закрый масу плёнкай. А галоўнае — паспей справіцца з работай за 3-4 дні. І ў выніку — атрымаеш высакаякасныя кармы, якія, у сваю чаргу, дадуць аддачу і ў мясной, і ў малочнай жывёлагадоўлі.
Аднак з года ў год ветслужбы, якія вядуць кантроль якасці кармоў, канстатуюць шматлікія парушэнні тэхналогіі. Атрымліваецца, што элементарнае нежаданне спецыялі- стаў дакладна выконваць свае абавязкі і, магчыма, няўменне кіраўнікоў строга спытаць з іх за выкананую работу, прыводзіць да таго, што кармоў хапае толькі перазімаваць, і карміць жывёлу даводзіцца, што называецца, з калёс. Пра якія прывагі і надоі ў такім выпадку гаварыць?..
Падчас пленарнага пасяджэння старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, звяртаючыся да кіраўнікоў, яшчэ і яшчэ раз гаварыў пра неабходнасць адчуваць сябе гаспадаром, адносіцца да ўсяго, што робіцца ў сельгаспрадпрыемстве, па-гаспадарку, строга пытаць за зробленае з падначаленых і не забываць справядліва аналізаваць сваю дзейнасць. Тады будзе рэзультат.
Было абмеркавана таксама выкананне Праграмы “Малако”, якое ідзе вельмі няпроста, заслуханы тлумачэнні некаторых кіраўнікоў і спецыялістаў, дадзены канкрэтныя рэкамендацыі.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: моманты семінара.
Фота аўтара
Комментарии