139
Гимназия №1 г. Копыля имени Н. В. Ромашко с гордостью носит имя Героя Советского Союза
29.05.2019
"Гімназісты-рамашкаўцы"
Так называюць нас, бо мы з гонарам носім імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Васільевіча Рамашкі.
Нам вельмі прыемна захоўваць памяць пра нашага знакамітага выпускніка і працягваць традыцыі сваіх папярэднікаў, якія ўнеслі значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення. Словы падзякі мы гаворым старшыні ветэранскай арганізацыі гімназіі Ганне Іосіфаўне Арлоўскай, якая 38 гадоў педагагічнай працы з 45 працавала ў нашай сярэдняй школе № 1, а з 2001 года — гімназіі. Дзякуючы Ганне Іосіфаўне, якая ў 70–80-я гады была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, вучні сярэдняй школы № 1 сталі актыўнымі следапытамі подзвігу Героя Савецкага Саюза Мікалая Васільевіча Рамашкі. Зробленыя фотаздымкі леглі ў аснову музея М.В. Рамашкі. Сувязь з Падольскімі ваеннымі архівамі дапамагла ўстанавіць прозвішчы аднапалчан Героя. А перапіска з сястрой Мікалая Васільевіча Ганнай Васільеўнай і яго жонкай Ганнай Пятроўнай спрыяла назапашванню матэрыялу. Вынікам карпатлівай пошукавай работы было адкрыццё ў школе ў 1988 годзе мемарыяльнага музея. Экскурсаводамі былі тыя ж самыя пошукаўцы — пяцікласніцы і шасцікласніцы. Вельмі ўдзячны ім былі супрацоўнікі райваенкамата, бо дзяўчынкі (Алёна Арлоўская і Лена Траяновіч) праводзілі экскурсіі для прызыўнікоў. Выхаваўчае значэнне музея было зразумела: нават маленькія першакласнікі маглі расказаць з вялікім пачуццём гонару пра Мікалая Васільевіча Рамашку.
Аднак праз чатыры гады давялося арганізоўваць новую пошукавую экспедыцыю на месца пахавання М.В. Рамашкі і яго баявых таварышаў, бо ў памяшканні, дзе размяшчаўся музей, здарыўся патоп — многія экспанаты былі пашкоджаны. Засталася невялікая колькасць уцалелага матэрыялу. У той час дырэктарам школы была Зінаіда Васільеўна Прыміч. Яна стала ініцыятарам адкрыцця музейнай экспазіцыі, прысвечанай М.В. Рамашку.
Пошукавая работа працягвалася. Сабраны матэрыял — гэта вялікая каштоўнасць для цяперашніх і будучых пакаленняў.
Пазней другім дырэктарам гімназіі Ірынай Іванаўнай Абас праводзілася карпатлівая і настойлівая работа з педагагічным калектывам і гімназістамі, каб заслужыць права на прысваенне гімназіі імя Рамашкі. У 2015 годзе пры падтрымцы раённага кіраўніцтва гімназія стала насіць ганаровае імя Мікалая Васільевіча Рамашкі.
У гімназіі праводзіцца шмат патрыятычных мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці знакамітага выпускніка. Асаблівае месца займаюць экскурсіі на малую радзіму героя ў Дусаеўшчыну, патрыятычныя гадзіны, урокі мужнасці, сустрэчы з землякамі Рамашкі, літаратурна-краязнаўчыя гадзіны, конкурс песні і строю, ваенна-спартыўная гульня «Зарніца», музейныя заняткі, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі. Найбольш запамінальнымі і цікавымі з’яўляюцца сустрэчы з Ганнай Іосіфаўнай Арлоўскай — чалавекам з вялікім жыццёвым вопытам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Віялета Астрэйка,
член гуртка па інтарэсах «Юны журналіст» (юнкар «СП»)
Поделиться
Комментарии