У жніўні 2017 года члены клуба «Патрыёты Радзімы» Слабадакучынскай СШ дапамаглі адшукаць магілу партызана атрада імя П.К. Панамарэнкі 27-й брыгады імя Чапаева Віктара Татура, які загінуў 20 чэрвеня 1944 года за тры дні да пачатку аперацыі «Баграціён».
[caption id="attachment_76792" align="aligncenter" width="580"]

■ Віктар Татур, 1937 год[/caption]
73 гады ён лічыўся прапаўшым без вестак. Калі патэлефанавалі са Старых Дарог, Хрысціна Францкевіч адразу ўспомніла прозвішча героя, якое выбіта на помніку. Яна кожны год з сябрамі ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні брацкай магілы воінаў і партызан паміж вёскамі Перавоз і Харытонаўка, добра ведае ўсе прозвішчы загінуўшых.
З вялікім хваляваннем пляменнік Анатоль Станіслававіч Татур з жонкай Ларысай Мікалаеўнай, дачкой Святланай і сынам Анатолем наведалі магілу роднага ім чалавека: усклалі кветкі, запалілі свечкі, паставілі Божы абраз, усыпалі зямлю з магілы маці Алесі Людвігаўны. Доўгі час па крупінках збіралі звесткі, і апошнюю ноч перад паездкай на Капыльшчыну яны амаль не адпачывалі.
Нарадзіўся Віктар Сцяпанавіч Татур у вёсцы Баравішча Макавіцкага сельсавета Глускага раёна Бабруйскай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і, дзе гадавалася сем сыноў. Скончыў сямігодку, працаваў у мясцовым калгасе. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны вучыўся ў школе калгасных работнікаў № 26 горада Барысава. На другі дзень вайны быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваенную часць у хуткім часе перакінулі на Заходні фронт. Трапіў у акружэнне, з групай чырвонаармейцаў прабіваўся на ўсход праз Капыльскі раён і, мабыць, застаўся ў сваякоў. З пачаткам партызанскага руху Віктар Татур становіцца разведчыкам партызанскага атрада імя М.А. Шчорса, а затым імя П.К. Панамарэнкі. Удзельнічае ў шматлікіх баявых аперацыях.
[caption id="attachment_76791" align="aligncenter" width="580"]

■ Пляменнік Віктара Сцяпанавіча Татура Анатоль (першы злева) са сваёй сям’ёй падчас наведвання брацкай магілы ў в. Харытонаўка, 2017 год[/caption]
Пачаўся трэці этап «Рэйкавай вайны». У ноч на 20 чэрвеня 1944 года атрад у поўным складзе выйшаў на чыгунку Баранавічы –Слуцк. Было ўзарвана 200 рэек на ўчастку Чарнагубава – Вясна. У добрым настроі вярталіся з задання на базу, што знаходзілася ў 1 км на захад ад вёскі Карзуны. У Старыцкім лесе іх чакала засада паліцэйскіх і немцаў з Грэскага і Слуцкага гарнізонаў, на ўзбраенні ў якіх былі гармата і мінамёт. У 2-й роты партызан — толькі стралковая зброя. Яны паспелі заняць абарону, праявілі мужнасць і адвагу і далі адпор гітлераўцам. У гэтым баі народныя мсціўцы панеслі страты: загінулі камандзір узвода Міхаіл Бондараў, кулямётчыкі Яўген Новаш і Мікалай Папоў, разведчыкі Іван Юруц і Віктар Татур (першымі ўступілі ў бой). Як крыўдна не дажыць некалькі дзён да пачатку вызвалення роднай краіны!
Спачатку загінуўшых пахавалі на могілках вёскі Карзуны, а да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў перапахавалі ў брацкай магіле на паўночнай ускраіне вёскі Харытонаўка, побач з шашой Узда – Капыль.
З сям’і Татураў на фронце змагаліся яшчэ два сыны — Станіслаў і Тадэвуш (трапіў у палон пад Адэсай), вярнуліся жывымі. Знайшлі месца гібелі Віктара. Родныя лічаць, што свой святы абавязак яны выканалі: сям’я ўз’ядналася. На жаль, Анатоля Станіслававіча не стала ў мінулым годзе. Яму так хацелася яшчэ раз прыехаць на Капыльшчыну, пакланіцца магіле і падзякаваць усім за захаванне памяці.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии