Днямі ў фонды нашых бібліятэк паступіла кніга Ніны Русаковіч «Пра песню народную, «Неруш» і Валянціну».
Па-першае, вялікае дзякуй выдавецтву БДУ за сучасны паліграфічны шэдэўр: кожная частка кнігі мае ілюстраваную застаўку, вельмі якасная папера, фотаздымкі, пастаронкавыя загалоўкі і ў дадатках два электронныя дыскі. Кнігу можна прачытаць, яна вам раскажа і пакажа жыццё калектыву «Неруш». А пакуль будзеце чытаць, паслухаеце ўнікальныя песні, сабраныя і выкананыя ў аўтэнтычнай манеры.
Чытачы ўжо павінны зацікавіцца, дык чаму выданне - краязаўчае?
Па-першае, кіраўнік калектыву Валянціна Гладкая — наша зямлячка, з Праснакоў, па-другое — аўтар Ніна Русаковіч з Жукоў Капыльскага раёна, па-трэцяе — адна частка кнігі называецца «Куток дзівосны гнёздаў салаўіных». Гэтыя крылатыя словы Мікалая Майсюка добра вядомыя нашым землякам, раскрываюць раздзел аб капыльскіх знакамітасцях.
Вялікае дзякуй Ніне Васільеўне Русаковіч. Як чытачку, апантанага чалавека, які любіць, ведае кнігу і ўмее з ёй працаваць, цэнтральная раённая бібліятэка імя А. Астрэйкі ведае даўно. Нашы бібліятэкары здзіўляліся дасціпнасці, захапляльнасці, эмацыянальнасці гэтай чытачкі. Нам давялося быць, мабыць, аднымі з першых чытачоў краязнаўчых матэрыялаў Ніны Васільеўны, які яна назвала «Ах, вы, Жукі, ды Праснакі».
I вось Ніна Русаковіч сваю любоў да роднай зямлі, да роднага слова, сваіх землякоў увасобіла ў кнізе, спалучыўшы ў ёй народную песню, капыльскую зямлю, слынных землякоў. Яшчэ большы гонар за родны край — мы маем цікавае выданне аб нашай таленавітай дзяўчыне з Капыльшчыны, якая стварыла ўнікальны калектыў. I яшчэ адна повязь часу, нават адкрыццё для нас, капылян: «Неруш» ажыццявіў пастаноўку народнай драмы «Цар Максімілян» у жанры фальк-мюзікла. У аснове каляднага абраду «Цары», які стаў вядомы на ўвесь свет, таксама ляжыць драма «Цар Максімілян». Як вядома, абрад жыве на Капыльшчыне, у Семежаве.
Паважаныя чытачы, я думаю, што мы зацікавілі вас. Чакаем вас у нашых бібліятэках для знаёмства з краязнаўчай навінкай.
Таццяна Серая,
дырэктар Капыльскай ЦБС
Комментарии