Сярод асноўных пытанняў, разгледжаных на ХV сесіі Капыльскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання, былі рэалізацыя Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 ад 2 красавіка 2015 г. «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» ў Капыльскім раёне, а таксама стан і ўтрыманне аўтамабільных дарог на тэрыторыі раёна.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк паведаміла, што ў мэтах рэалізацыі Дэкрэта № 3 рашэннем Капыльскага раённага выканаўчага камітэта № 305 ад 9 красавіка 2018 г. створана пастаянна дзеючая камісія і зацверджана палажэнне аб ёй. За кожным членам камісіі замацавана пэўная колькасць грамадзян. Кожны другі і чацвёрты чацвер месяца праводзяцца пасяджэнні камісіі, на якія запрашаюцца не занятыя ў эканоміцы грамадзяне. Таксама арганізаваны выезд членаў камісіі па месцы жыхарства не занятых у эканоміцы. На кожным пасяджэнні камісіі грамадзянам тлумачацца патрабаванні норм Дэкрэта № 3, прапануецца працаўладкаванне на існуючыя вакансіі альбо, па жаданні грамадзян, ажыццяўляецца пастаноўка на ўлік у органы занятасці.
База даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, была сфарміравана на 1 снежня 2018 г. і на 1 красавіка 2019 г., перыядычна абнаўляецца.
Рашэнне аб поўным або частковым вызваленні ад аплаты прымаецца ў выпадку прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць занятасць (копіі працоўных дагавораў, копіі пасведчання аб нараджэнні дзяцей, пасведчання аб рэгістрацыі зямельных участкаў і іншыя дакументы). Акрамя таго грамадзяне звяртаюцца ў камісію з заявай у выпадку якіх-небудзь цяжкіх жыццёвых сітуацый (працяглая хвароба, догляд за хворым членам сям’і і іншыя). На пасяджэннях камісіі дадзеныя заявы разглядаюцца і прымаюцца рашэнні.
Асабісты прыём грамадзян кіраўнікамі і спецыялістамі райвыканкама па пытаннях прымянення норм Дэкрэта № 3 праводзіцца пастаянна, згодна з графікам.
З дакладам па другім пытанні выступіў начальнік філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» — «ДРБУ № 124» Іван Заяц. Як паведаміў Іван Валер’евіч, асноўнай мэтай дзейнасці філіяла з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на задавальненне патрэб прадпрыемства па ўтрыманні, рамонце і развіцці мясцовых аўтамабільных дарог агульнага карыстання.
Таксама неабходна забяспечваць захаванасць мясцовых аўтамабільных дарог агульнага карыстання, паляпшэнне іх тэхнічнага ўзроўню і эксплуатацыйнага стану для задавальнення патрэб эканомікі і насельніцтва ў транспартных паслугах, у тым ліку забеспячэнне круглагадовага бесперабойнага і бяспечнага руху транспартных сродкаў па мясцовых аўтамабільных дарогах.
На дадзены момант у філіяле абслугоўваюць 773 км аўтамабільных дарог агульнага карыстання (з асфальтабетонным пакрыццём — 441 км, гравійным — 270 км, засталіся грунтавымі — 88 км). Таксама на балансе знаходзяцца масты, трубы, аўтобусныя аўтапавільёны, пляцоўкі для прыпынку аўтобусаў.
Для абслугоўвання замацаваных аўтамабільных дарог у філіяле створаны 6 майстэрскіх участкаў. Для паспяховай працы маюцца падсобныя прамысловыя прадпрыемствы — гэта кар’еры «Капыль» і «Скабін», у якіх вядзецца здабыча і перапрацоўка дарожна-будаўнічых матэрыялаў, і асфальтабетонная база.
Філіял стараецца ўтрымліваць свае высокія пазіцыі, і для гэтага ёсць сучасныя матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, багаты кадравы патэнцыял (працуюць 123 чалавекі).
На ўтрыманне 772 км аўтамабільных дарог у 2019 годзе будзе выдзелена 1476 тысяч рублёў, на капітальны рамонт аўтадарогі Капыль-Леніна-Селішча (устаноўка асвятлення) — 160 тысяч рублёў, на бягучы рамонт 12 км аўтадарог — 962 тысячы рублёў.
Падрыхтаваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии