Мне пашчасціла вучыцца ў Цімкавіцкай школе, калі Зінаіда Іосіфаўна Раманенка была дырэктарам. Пад яе кіраўніцтвам зладжана і творча працаваў увесь настаўніцкі калектыў. Кожны настаўнік стараўся правесці свой урок на высокім узроўні, цікава. Працягам змястоўных урокаў была разнастайная пазакласная работа: турыстычныя паходы, лыжныя прабегі, конкурсы “А ну, дзяўчынкі!”, “КВЗ”, “На лепшага чытальніка”, “На лепшую самадзейнасць класа”, спартыўныя спаборніцтвы паміж класамі, заняткі ў філіяле музычнай школы. Дзякуючы гэтаму дзеці з цікавасцю ішлі ў школу. Вучні старэйшых класаў займаліся ў дзіцячай студыі пры народным тэатры. Былі пастаўлены спектаклі “Пунсовая кветачка” С. Аксакава, “Адалень-трава” В. Любімавай, “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці” А. Махнача. Зінаіда Іосіфаўна ставіла сваёй мэтай праз тэатр выхаваць грамадзяніна і сапраўднага чалавека. Каб зблізіць калектыў, яна віншавала кожнага са святамі. Удзельнічаючы ў дзіцячай студыі, многія з нас засталіся сябрамі на ўсё жыццё.
У мяне захавалася паштоўка Зінаіды Іосіфаўны з такім тэкстам: “Дорогая Людочка! Сердечно поздравляю с Новым, 1982 годом, желаю здоровья, успехов в учебе, бодрости, радости, счастья! Пусть искра творческого увлечения театром разгорится в твоей жизни пламенем немеркнущей любви к искусству”.
Менавіта так і атрымалася. Я палюбіла тэатр на ўсё жыццё. Ён дапамагае мне ў працы і зараз. Для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага ў 1998 годзе пры Літаратурным музеі К. Чорнага стварыла студыю аматараў тэатра “Іскрынка”, удзельнікі якой ставяць творы нашага земляка. Пасля экскурсіі наведвальнікам музея прапануецца паглядзець адзін з інсцэніраваных твораў К. Чорнага ў відэазапісе. Толькі тады, калі я ўзялася за гэтую справу, зразумела, якая гэта тытанічная праца – паставіць спектакль і як складана было Зінаідзе Іосіфаўне. Трэба быць сцэнарыстам, рэжысёрам, музычным афарміцелем, касцюмерам, дэкаратарам, рэквізітарам, грымёрам і нават суфлёрам. Трэба быць добрым псіхолагам пры выбары людзей на ролі, каб яны змаглі поўнасцю раскрыць свае патэнцыяльныя творчыя здольнасці. А колькі трэба прыкласці намаганняў падчас рэпетыцый, знайсці індывідуальны падыход да кожнага артыста, зрабіць, каб ён зразумеў і выканаў ролю так, як ты бачыш яе ў спектаклі. І, наогул, чалавек, які прыйшоў і працуе, гэта ж не артыст-прафесіянал, які вучыўся колькі гадоў. Яму трэба паказаць і навучыць, як трэба трымаць сябе на сцэне, якой павінна быць сцэнічная мова, рухі, міміка – навучыць сцэнічнаму майстэрству. І ўсё гэта ў Зінаіды Іосіфаўны добра атрымлівалася.
Захапляючыя, цікавыя, запамінальныя ўрокі сцэнічнага майстэрства, якія нам выкладала Зінаіда Іосіфаўна на працягу некалькіх гадоў, спатрэбіліся мне ў працы. Я ёй вельмі ўдзячна за ўсё гэта і за тое, што яна мне дапамагла адкрыць адну з цікавейшых старонак нашага жыцця – тэатр.
Нельга не сказаць яшчэ пра вялікі пласт работы Зінаіды Іосіфаўны па ўшанаванні памяці сваіх землякоў і стварэнні музеяў Кузьмы Чорнага і 17-га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада. Энтузіязм і жаданне, запал і энергія Зінаіды Іосіфаўны, нібы ланцужковая рэакцыя, перадаліся настаўнікам і вучням, якія актыўна ўключыліся ў работу. Збор экспанатаў, узвядзенне ўласнымі сіламі будынка для музея, выраб у школьнай майстэрні вітрын, афармленне экспазіцыі – усё гэта прыносіла задавальненне і выконвалася з разуменнем і старанна. Адказнай за збор матэрыялаў, стварэнне экспазіцыі, падрыхтоўку экскурсаводаў з ліку вучняў была настаўніца беларускай мовы і літаратуры, заслужаная настаўніца школ БССР Марціновіч Вольга Ільінічна. Сваю працу яна выканала на выдатна.
Зінаіда Іосіфаўна зрабіла многа для школы, Цімкавіч, людзей. Яна заслугоўвае, каб вуліца, на якой яна жыла, была названа яе прозвішчам.
Людміла НІЖЭВІЧ,
дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага
Дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла НІЖЭВІЧ сустрэлася з тымі, хто ў свой час працаваў з Зінаідай Іосіфаўнай Раманенкай, вучыўся, добра ведаў гэтага таленавітага педагога, арганізатара, неардынарную асобу. І вось што яны ўзгадалі:
Выпускніца школы 1966 г. Зоя Канстанцінаўна Лявар:
— Зінаіда Іосіфаўна была валявой, разумнай жанчынай, выдатным настаўнікам, кіраўніком з вялікай літары. Яна не баялася ніякай працы. Сама шыла касцюмы для тэатра, танцавальнага калектыву, добра вышывала. Нават калі рамантавалі школу, сама падбірала колер і змешвала фарбы, не давяраючы нікому. У яе быў адмысловы густ да ўсяго. Я не ведаю чалавека, ёй падобнага, у адносінах да працы, да людзей. У школе было шмат гурткоў. Пад кіраўніцтвам Кляменція Іванавіча Ляткевіча я іграла на домры ў аркестры народных інструментаў. Той час пакінуў у мяне вялікія ўражанні на ўсё жыццё.
Выпускнік школы 1971 года, дырэктар ТАА “Будсэрвіс” г. Ноўгарада Аляксандр Аляксандравіч ЗАРАНОК:
— Была яна інтэлігентнай, гаварыла на прыгожай, чыстай рускай мове. У яе быў заўсёды роўны, добры настрой, ніколі мы, вучні, не чулі ад яе павышанага голасу. Зінаіда Іосіфаўна была выдатным педагогам ад Бога. Яна зрабіла мясцовую школу культурным цэнтрам Цімкавіч і Капыльскага раёна. З якой радасцю вучні хадзілі на спектаклі народнага тэатра, на спартыўныя спаборніцтвы па гандболе, футболе, валейболе, ездзілі ў турыстычныя падарожжы, што арганізоўвалі ў школе. Зінаіда Іосіфаўна заслугоўвае, каб у гонар яе адкрыта была мемарыяльная дошка на Цімкавіцкай школе.
Былы настаўнік англійскай мовы Васіль Паўлавіч ЛОБАН:
— У маёй памяці засталася першая сустрэча з Зінаідай Іосіфаўнай. Іду я з накіраваннем на работу ў Цімкавіцкую школу, а насустрач — інтэлігентная, з густам апранутая жанчына. Я запытаўся: “Дзе можна ўбачыць дырэктара школы?” Адказ быў такі: “Гэта я”. Дарэчы, Зінаіда Іосіфаўна надавала вялікую ўвагу свайму знешняму выгляду. На ёй заўсёды быў апрануты модны касцюм. Кожны год удзельнікі настаўніцкай канферэнцыі меркавалі, якім новым касцюмам, пашытым ёю спецыяльна ў апошнюю ноч, Зінаіда Іосіфаўна здзівіць іх, і з нецярпеннем чакалі выступлення яе з трыбуны, паколькі была выдатным аратарам. Усе члены нашага настаўніцкага калектыву раўняліся на яе.
Мне падабалася ўдзельнічаць у Цімкавіцкім народным тэатры, якім кіравала Зінаіда Іосіфаўна. Мабыць, таму, што яна часта хваліла мяне за добрае выкананне роляў. Як зараз, памятаю сваё першае выступленне ў 1969 годзе ў Мінску. Дзякуючы ёй я палюбіў тэатр, сцэну.
Выпускнік школы 1966 года, былы настаўнік фізкультуры Станіслаў Іосіфавіч Чарняўскі:
— Я Зінаіду Іосіфаўну памятаю з 1956 года, калі пайшоў у 1 клас. Яна любіла мастацтва, заўважала здольных вучняў і запрашала іх удзельнічаць у гуртках: танцавальным, харавым, народным тэатры, аркестрах — духавым, дудароў і народных інструментаў.
Будучы яшчэ вучнем, а потым працуючы настаўнікам, я ўдзельнічаў амаль ва ўсіх гуртках. З канцэртамі і настаўнікамі мы аб’ездзілі ўсе школы раёна, часта выступалі на дэкадах народнай творчасці ў Мінску, ездзілі і ў Расію, ва Украіну. Той час майго жыцця мне запомніўся як самы цікавы.
Выпускнік школы 1958 года Эдуард Абрамавіч Подчаркаў:
— Калі я вучыўся, школа размяшчалася ў пяці хатах на розных вуліцах. Гэта было нязручна і для настаўнікаў, і для вучняў. Зінаіда Іосіфаўна пастаралася, каб у Цімкавічах пабудавалі новую 3-павярховую школу. Будаўніцтва пачалося ў 1958 годзе, а ў 1960 годзе ўжо стаяла прыгожая цагляная школа. На будаўніцтве працавалі рабочыя горада Слуцка, майстрам быў Міхаіл Аляксандравіч Андруковіч, практыкант будаўнічага тэхнікума, не засталіся ў баку і былыя выпускнікі школы, якіх таксама прымалі на работу. Я сам паўгода працаваў на будаўніцтве школы. Зінаіда Іосіфаўна ўнікала ў будаўніцтва, кантралявала яго. Сіламі настаўніцкага калектыву і вучняў-старшакласнікаў былі пабудаваны інтэрнат, майстэрні, гаражы, музей К. Чорнага, цір.
Была ў школе свая грузавая машына — спачатку ГАЗ-51, потым ГАЗ-53 і аўтобус. Пасля арміі я некаторы час працаваў на машыне ў школе. Памятаю, прывозіў з Мінска, Стоўбцаў новыя парты, іншае неабходнае абсталяванне для новай школы.
Зінаіда Іосіфаўна была няўрымслівым чалавекам. Калі яна задумвала што-небудзь зрабіць, то абавязкова дабівалася свайго.
Былая настаўніца біялогіі Марыя Рыгораўна Подчаркава:
— Зінаіда Іосіфаўна была вельмі адказным чалавекам. Патрэбна было выступаць, а адзін з удзельнікаў канцэрта адчуваў сябе не зусім добра, але яна сказала: “Падымайся, паедзем выступаць, бо мы не маем права зрываць канцэрт”. Разам з тым была і добрая. Часта дарыла сваім знаёмым, блізкім рэчы, якія сама шыла, вязала. Вось у мяне і зараз ляжаць яе дзве сурвэткі.
З Латвіі прыехала аднакласніца сына Вальдэмара Тамара Жук і зайшла да Зінаіды Іосіфаўны ў госці. Даведаўшыся, што яна заўтра ад’язджае дамоў, Зінаіда Іосіфаўна захацела зрабіць ёй што-небудзь добрае. За ноч звязала шапачку і шалік.
Валянціна Герасімаўна Лазоўская:
— Зінаіда Іосіфаўна была таленавітым, энергічным, эрудыраваным ва ўсіх пытаннях чалавекам. Яна старалася несці дабро людзям, прывіваць любоў да літаратуры, мастацтва праз самадзейнасць, тэатр. Яна любіла Цімкавічы і рабіла ўсё для таго, каб пра іх ведалі не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Беларусі. У школе вучні атрымлівалі добрыя веды, і многія з іх сталі вядомымі людзьмі не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. Усё сваё жыццё яна аддавала рабоце і людзям.
Выпускнік школы 1964 года, доктар тэхнічных навук, прафесар Маскоўскага авіяцыйнага інстытута Уладзімір Віктаравіч Родчанка:
— Калі было прынята рашэнне пабудаваць музей Кузьмы Чорнага, я разам з вучнямі свайго класа збіраў і вазіў на кані каменні на падмурак будынка, мы расчышчалі тэрыторыю, саджалі дрэвы і кусты.
Зінаіда Іосіфаўна праявіла сябе як выдатны арганізатар, уважлівы настаўнік, улюбёны ў сваю справу чалавек. Яна з’яўлялася прыцягваючым і арганізуючым цэнтрам у культурным жыцці мястэчка. На мой погляд, яна адна з самых яскравых асоб, якія жылі і працавалі ў Цімкавічах. Землякі знаходзяцца ў неаплатным даўгу перад ёй і, безумоўна, трэба было б назваць вуліцу яе прозвішчам і ўстанавіць мемарыяльную дошку на доме, дзе яна жыла.
Комментарии