Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

У Капылі прайшло «Капыльскае кальцо”

22.05.2011
У нядзелю, 15 мая, на фізкультурна-аздараўленчым комплексе адбылося традыцыйнае спартыўнае свята –лёгкаатлетычны прабег “Капыльскае кальцо”. Ён з’яўляецца адным са старэйшых прабегаў у Беларусі і бярэ пачатак у 1989 годзе. Тады на дыстанцыю 20 кіламетраў выйшлі 108 спартсменаў. У мінулым у наш горад прыязджалі бегуны з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, а таксама з усіх рэгіёнаў Беларусі. Пастаяннымі ўдзельнікамі штогод былі клубы аматараў бегу жодзінская “Бадзёрасць”, маладзечанскі “Рэгіён”, барысаўскі “Алімп”, салігорскі “Калабок”, мінскія “Аматар”, “Няміга”, “Атлант”, “Вікторыя”, ”Мэта-42” і шмат іншых. На капыльскіх трасах стартавалі многія выдатныя спартсмены, такія як Алена Цухло, Паліна Грыгарэнка, Уладзімір Шашмурын, Ніна і Сяргей Ковалі. Іх імёны вядомыя далёка за межамі Беларусі. Нельга не ўзгадаць нашых землякоў Рыгора Нікалаеню і Дзмітрыя Булу, якія неаднаразова станавіліся пераможцамі “Капыльскага кальца”. Сёлета лёгкаатлетычны прабег, прысвечаны Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, ужо дваццаць трэці раз сабраў пад свае сцягі аматараў бегу з усёй краіны і нават блізкага замежжа. Удзель- нікаў свята віталі намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі. Старшыня мінскага клуба аматараў бегу “Аматар” Вольга Сірэнка ўспомніла Віктара Новіка, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця. У многім дзякуючы яго намаганням з’явіўся такі цудоўны прабег.  Галоўны суддзя спаборніцтваў Мікалай Жук азнаёміў аматараў бегу з праграмай мерапрыемства і маршрутамі трас. На дыстанцыі 1, 3, 11, і 21 кіламетр (паўмарафон) выйшлі каля 300 удзельнікаў ва ўзросце ад 7 да 82 гадоў.  Але адзначу, што сваю дыстанцыю кожны з іх пераадолеў дастойна. Сярод пераможцаў у многіх узроставых групах гучалі імёны і капыльскіх бегуноў. Самым шматлікім стала прадстаўніцтва юных спартсменаў на дыстанцыі 1 км, дзе асноўную групу складалі навучэнцы гарадскіх і сельскіх школ раёна. У сваіх узроставых групах лепшымі на дыстанцыі сталі Ульяна Шатыка, Ганна Баразнёнак, Ягор Мароз (гімназія №1), Уладзіслаў Князюк (СШ №2) і Арцём Холад (Грозаўская СШ). У ліку прызёраў — юныя спартсмены са Слабада-Кучынкі, Семежава, Доктаравіч. Не менш цікава было сачыць і за бегунамі, якія адправіліся на трохкіламетровую дыстанцыю, дзе разам з юнакамі і дзяўчатамі старт узялі 75-гадовыя спартсмены і старэй. У дзяўчат першыя месцы ў трох групах дасталіся гасцям з Мінска, Самахвалавіч, Салігорска. А вось у юнакоў усе вышэйшыя прыступкі былі за нашымі землякамі - Дзянісам Дубінам (Жыліхаўская СШ), Арцёмам Берднікам (Лясноўская СШ) і Андрэем Фурыкам (гімназія №1). Здавалася, свята бегу толькі пачалося, а ўжо на старт выйшлі аматары і вопытныя спартсмены, якія падалі заяўкі на 11 і 21 км. Адметна, што сярод бегуноў  было шмат маладых капылян. Амаль усе яны сталі пераможцамі ці прызёрамі ў сваіх узроставых групах. А 12-й гадзіне заслужаныя прызы ўжо атрымлівалі пераможцы і прызёры на кіламетровай дыстанцыі. Акрамя медалёў і дыпломаў ім дасталіся і каляровыя плакаты, прысвечаныя Міжнароднаму дню бегу, які святкуецца 16 мая.  Тым часам, пакуль ішлі спаборніцтвы, для дзяцей працавалі надзіманая горка, электрамабілі. Таксама можна было набыць разнастайныя сувеніры і цацкі, а для тых, хто прагаладаўся, гандлёвая палатка Капыльскага райспажыўтаварыства прапаноўвала шматлікія напіткі і прысмакі. Яшчэ задоўга да фінішу апошніх паўмарафонцаў для спартсменаў і гледачоў пачалі канцэртную пра- граму самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры і юныя спевакі. Па прызнанні саміх удзельнікаў, наша спартыўнае мерапрыемства прыцягвае і маляўнічымі ландшафтамі, і складанай дыстанцыяй. Вось што сказаў у інтэрв’ю “СП” Хамід Габрахманаў з г. Казані, Татарстан: — Пра “Капыльскае кальцо” даведаўся з расійскага часопіса “Бег”, дзе змешчаны ўсе графікі, прабегі не толькі Расіі, але і Украіны, Беларусі. Траса выдатная, прыгожыя краявіды. Але яна патрабуе спецыяльнай трэніроўкі. Я ўпершыню пераадольваў такія пад’ёмы. Сваё меркаванне выказаў і Леанід Калодка, г. Жодзіна: — У “Капыльскім кальцы” прымаю ўдзел з 1998 года. Ваш прабег – гэта нешта ўнікальнае. Такая ўзгорыстая мясцовасць, з вялікімі перападамі вышынь. Нездарма Новік Віктар, светлая яму памяць, перамагаў на шматлікіх спаборніцтвах. Тут выдатная база для трэніровак. Пасля падвядзення вынікаў адбылося ўзнагароджванне лепшых спартсменаў. На дыстанцыі 11 км сярод пераможцаў былі адзначаны капыляне Арцём Марушка (Бучацінская СШ), Дзмітрый Парыбак (гімназія №1), на паўмарафоне – Сяргей Ляхаў (гімназія №1), Вольга Сярожкіна (СШ №2), Кацярына Сафонава (в. Дусаеўшчына). А лепшымі ў абсалютным заліку на асноўнай дыстанцыі сталі госці нашага горада Вольга Більдзюкевіч з Салігорска і Аляксандр Клюйка з Мінска, якія пераадолелі 21 км, адпаведна, за 1 гадзіну 30 хвілін і 1 гадзіну 10 хвілін 40 секунд. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей