15 мая ўся краіна адзначыла Дзень сям’і. Прайшло шмат мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму святу. Адно з іх адбылося ў г. Салігорску – IV абласны фестываль сямейнай творчасці “У добрым родзе – усе ў згодзе”, куды з’ехаліся лепшыя сямейныя калектывы Міншчыны.
Сям’я Пацэнкер з Капыля
(на здымку) таксама прыняла ўдзел у гэтым свяце, а менавіта — у выставе работ дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва “Сям’я майстрамі славіцца”, дзе прадставіла тэматычную калядную кампазіцыю.
Кампазіцыя, створаная Валянцінай і Эдуардам Пацэнкер разам з сынам Эдуардам, выклікала ў журы і запрошаных на свята вялікую цікавасць. Адным словам — казка ды і толькі. Капыляне былі ўзнагароджаны дыпломам фестывалю “За зберажэнне мясцовых традыцый “ і каштоўным падарункам.
Іх творчасць – працэс складаны. Яму папярэднічалі доўгія гады пошуку, аналізу, а таксама развіццё і станаўленне асабістых поглядаў, бачання і, безумоўна, багаты практычны вопыт. Эдуард Барысавіч па прафесіі ўрач (зараз на заслужаным адпачынку), а Валянціна Віктараўна працуе выкладчыкам па класе “фартэпіяна” ў Капыльскай дзіцячай школе мастацтваў.
Дом гэтай сям’і ўяўляе сабой музейную міні-экспазіцыю. Прыгажосць такая — ажно нельга вачэй адарваць. І ствараецца яна сэрцамі гэтых таленавітых і творчых людзей. Да кожнага каталіцкага свята яны рыхтуюць цікавую тэматычную кампазіцыю. Вялікую ўвагу надаюць не толькі атрыбутам, але і святочнаму сталу, які з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам. У кожнай іх рабоце – спалучэнне строгасці і дабрыні, цвёрдасці характару і душэўнай цеплыні, патрабавальнасці і справядлівасці. Да сваёй працы падыходзяць адказна і з любоўю. А натхненне для стварэння ўсяго гэтага – глыбокая вера ў Бога.
У Эдуарда Барысавіча і Валянціны Віктараўны шмат планаў і новых задумак. Як гавораць яны самі: “ Ажыццявіць пры жаданні можна любую ідэю, толькі трэба дакладна ведаць, што табе патрэбна”.
Галіна ГУРЛО,
дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры
Комментарии