Традыцыйна ў пачатку мая выставачная пляцоўка БелЭкспа становіцца месцам сустрэчы ўсіх творча працуючых журналістаў. Менавіта напярэдадні Дня друку ў Мінску праходзіць Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». Сёлета — ужо ХХІІІ.
[caption id="attachment_76482" align="aligncenter" width="580"]

■ Прэзентацыя раёнкі[/caption]
На працягу доўгага часу становімся ўдзельнікамі мерапрыемства і мы, супрацоўнікі раённай газеты «Слава працы». Не выключэнне і гэты год. Галоўнымі тэмамі нашага выступлення, зразумела, сталі Год малой радзімы, абвешчаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і 75-годдзе дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыемна, што побач з намі былі нашы сябры і аднадумцы. Адзін з іх — самадзейны артыст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, член літаратурнага аб’яднання «Вясёлка» Мікалай Майсюк, які не толькі сам піша песні, але і выконвае іх. Кожную з тых кампазіцый, якія прагучалі на выставе, нашы госці сустракалі апладысментамі і падтрымлівалі танцамі.
У ліку пазаштатных карэспандэнтаў, якія працуюць амаль нароўні са штатнымі, — член Беларускага саюза журналістаў і Беларускага саюза афіцэраў, намеснік дырэктара Слабадакучынскай СШ Барыс Мікалаевіч Дзенісюк — чалавек, які самааддана працуе на карысць Радзімы. Трэба адзначыць, што дзякуючы намаганням Барыса Мікалаевіча вернута не адно імя загінуўшых воінаў, устаноўлены абеліскі на месцах іх пахаванняў. Разам з вучаніцамі Слабадакучынскай СШ Палінай Пратасевіч і Марыяй Дашкевіч Барыс Дзенісюк расказаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра пісьмы з фронту, узнагароды і іншыя цікавыя тэматычныя рэчы, якія знайшлі сваё месца ў так званым «музеі ў чамадане».
[caption id="attachment_76467" align="aligncenter" width="580"]

■ Госці з Кітая зацікавіліся фотаздымкамі «СП»[/caption]
— Разам з газетай «Слава працы» мы ствараем розныя цікавыя матэрыялы пра гераічнае мінулае нашай краіны, — адзначыў Барыс Мікалаевіч. — Дзякуючы сумесным намаганням і публікацыям мы маем магчымасць адкрываць новыя цікавыя старонкі гісторыі Капыльшчыны. Пасля таго, як людзі прачыталі той ці іншы матэрыял, яны звяртаюцца да нас, прыносяць фотаздымкі, расказваюць пра свой лёс ці лёс знаёмых, сваякоў, якія змагаліся за свабоду роднага краю.
Рэдакцыя газеты цесна супрацоўнічае і з грамадскімі аб’яднаннямі. Адно з такіх — Беларускі саюз афіцэраў. Таму на выставе побач з намі прысутнічаў намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ГА «Беларускі саюз афіцэраў» палкоўнік у адстаўцы Васіль Савельевіч Скрыннікаў, бацька якога, дарэчы, загінуў у час Вялікай Айчыннай.
— Галоўны наш абавязак як людзей старэйшага пакалення — выхоўваць патрыётаў, — сказаў Васіль Савельевіч. — Упэўнены, гэтай высокай мэты мы можам дасягнуць толькі ра-зам, толькі ва ўзаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі. Такое плённае супрацоўніцтва створана ў нас з газетай «Слава працы», на старонках якой шмат увагі надаецца менавіта выхаваўчай тэматыцы.
[caption id="attachment_76468" align="aligncenter" width="580"]

■ Прызы - наша прадукцыя[/caption]
Вось адзін з доказаў таго, што прэзентацыя «СП» была цікавай і шматграннай: карэспандэнт галоўнага беларускага тэлеканала АНТ старанна здымаў яе на відэакамеру.
Асобных слоў заслугоўвае і наш партнёр — Капыльскі кааппрам. Усе тыя, хто завітаў да стэнда «Слава працы» і прыняў удзел у прысвечанай Капыльшчыне віктарыне, змаглі ацаніць якасць вырабаў прадпрыемства. Нашым гасцям вельмі спадабаліся і кукурузныя палачкі, і казінакі, і мясныя вырабы, і, канешне, той самы хлеб-«кирпичик», чый водар добра знаёмы кожнаму з дзяцінства.
[caption id="attachment_76466" align="aligncenter" width="580"]

■ Гледачы і ўдзельнікі мерапрыемства[/caption]
— Дзякуй вам за такія цудоўныя падарункі! — сказала жыхарка г. Мінска Наталля, якая атрымала прыз — бохан. — Хлеб у якасці прыза — гэта геніяльна! Я прыхожу на выставу кожны год і магу з упэўненасцю сказаць, што ваша прэзентацыя — адна з лепшых, якую мне даводзілася бачыць. Тут знайшлі адлюстраванне і падзеі Вялікай Айчыннай, і песні цудоўныя, і прысмакі капыльскія давялося паспрабаваць. Дзякуй!
А яшчэ, як і заўсёды, мы парадавалі нашых гасцей і падарылі ім на памяць пра адбыўшуюся сустрэчу невялічкія сувеніры, якія выпускаюць у вытворчым аддзеле нашай рэдакцыі: календары, блакноты, магніты.

Пагадзіцеся, што пра прыгажосць Капыльшчыны ведаюць далёка за яе межамі. Доказ таму — фотаздымкі карэспандэнтаў «СП» з выявамі прыроды, адметных мясцін горада і падзей, прадстаўленыя на выставе, якая праходзіла ў раёне Ваньчжоу горада Чунцын, з якім падпісана Пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін. Таму мы можам з упэўненасцю сказаць: «Нас ведаюць нават у Кітаі!» Адзін з жыхароў гэтай краіны, які прысутнічаў на выставе «СМІ ў Беларусі», таксама зацікавіўся фотаздымкамі і пільна разглядваў іх. І гэта яшчэ адзін доказ таго, што Капыльшчыне ёсць чым ганарыцца.
Прымалі ўдзел у выставе і нашы юныя калегі — вучні СШ № 3 г. Капыля — разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Таццянай Міхайлаўнай Нядзелькай. На фестывалі «Пунсовыя ветразі» газета названай навучальнай установы «Школьны экспрэс» заваявала ІІІ месца як лепшае школьнае друкаванае выданне, а ўручалі ўзнагароды менавіта напярэдадні Дня друку.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара і Марыі ШЭІНАЙ
Комментарии