Кожная пядзя беларускай зямлі захоўвае памяць аб гераізме савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. У школьным музеі імя І.С. Трацэўскага Слабадакучынскай СШ захоўваюцца ваенны і партыйны білеты, чырвонаармейская кніжка і 15 пасведчанняў аб узнагароджанні ордэнам і медалямі СССР Віктара Юльянавіча Змачынскага. Усе гэтыя каштоўныя рэліквіі ветэран апошняй вайны завяшчаў роднай школе.
[caption id="attachment_76410" align="aligncenter" width="580"]

■ Віктар Юльянавіч Змачынскі[/caption]
Нарадзіўся В.Ю. Змачынскі ў 1924 годзе ў мнагадзетнай сям’і (яшчэ тры браты) лесніка ў вёсцы Пад’ельнікі Уздзенскага раёна. Яго бацька захварэў на сухоты, і сям’я вымушана была пераехаць на Капыльшчыну ў вёску Астрэйкі. Здольны і старанны хлопец, актыўны камсамолец, закончыў сем класаў Слабада-Кучынскай сямігодкі і адзін год адвучыўся ў Старыцкай СШ. Далей не змог — памёр бацька, а за навучанне ў 9-м класе трэба было плаціць, ды яшчэ старэйшы брат Іван быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 16 гадоў ён застаўся за карміцеля і пайшоў працаваць у мясцовы калгас. Дапамагаў конюху даглядаць 30 коней.
Грымнула вайна. Упершыню жыхары Астрэек ворагаў, якія рухаліся на ўсход, убачылі 28 чэрвеня. Усе перажывалі за лёс краіны. Пачалося жыццё ў акупацыі. Новыя ўлады распусцілі калгасы, зямлю, жывёлу і маёмасць падзялілі. Усталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым. На вачах у аднавяскоўцаў фашысты спалілі ў хаце маці партызана, забілі акружэнца Ніпакоева. З гэтым не мог мірыцца 18-гадовы юнак, і ў канцы 1942 года 9 хлопцаў з вёскі Астрэйкі ўступілі ў партызанскі атрад імя Г.К. Жукава брыгады імя Чапаева.
У верасні 1943 года Віктара прызначаюць камандзірам аддзялення, а атрад быў перададзены ў склад 19-й брыгады імя Молатава Баранавіцкага злучэння, месца дыслакацыі — Ляхавіцкі раён. Партызаны мініравалі і ўзрывалі чыгунку на ўчастках Баранавічы – Лунінец, Слуцк – Баранавічы. Ляцелі пад адхон эшалоны, падрывалі машыны на шашы Варшава – Масква, разбуралі масты, знішчалі дзясяткі кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. У час Курскай бітвы ўзарвалі 1,5 км чыгуначнага палатна, а рух цягнікоў быў спынены на двое сутак, чым дапамаглі Чырвонай Арміі. Перад пачаткам аперацыі «Баграціён» каля вёскі Лясная партызаны знішчылі больш за 400 рэек.
[caption id="attachment_76411" align="aligncenter" width="580"]

■ Адно са шматлікіх пасведчанняў аб узнагароджанні В.Ю. Змачынскага[/caption]
Падчас вызвалення Беларусі наша авіяцыя бамбіла Баранавіцкі чыгуначны вузел, і быў падбіты савецкі самалёт, які сеў непадалёку ад нямецкага гарнізона. Група партызан пад камандаваннем Віктара Змачынскага забяспечыла ахову самалёта і лётчыка. Калі ўбачылі нашага лётчыка, то ледзь не задушылі — так хацелася ўсім да яго дакрануцца, паціснуць руку. Вяртаючыся з баявога задання, узялі ў палон дзевяць уласаўцаў і аднаго паліцэйскага, якіх даставілі ў штаб брыгады.
5 ліпеня 1944 года партызаны сустрэліся з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі. Гэта была незабыўная сустрэча, усе абдымаліся, цалаваліся, радаваліся. Партызанская брыгада накіравалася ў Ляхавічы, дзе вопытны баец уліўся ў рады Чырвонай Арміі. Ваяваў на 3-м Украінскім фронце ў складзе 11-й штурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады РГК (рэзерв Галоўнага Камандавання). У брыгаду набіралі выключна моцных, вынослівых і адукаваных спецыялістаў. Вызваляў Запарожжа, Румынію, Венгрыю, штурмаваў г. Будапешт. Сапёр Змачынскі рабіў праходы ў перашкодах з калючага дроту, абясшкоджваў міны і «сюрпрызы», наладжваў пераправы і будаваў камандныя пункты.
Вельмі жорсткія баі разгарнуліся ў сакавіку 1945 года ў раёне возера Балатон. Прыйшлося сустрэцца з элітнымі дывізіямі вермахта «Мёртвая галава» і «Лейбштандартэ Адольф Гітлер» 6-й танкавай арміі СС. Фашысцкія танкі «Тыгр» і «Пантэра» рваліся да нафтавых радовішчаў г. Надзьканіжа. Нашы перайшлі да абароны. Адлегласць ад савецкіх да нямецкіх акопаў была да 150 метраў, поле замініравалі абодва бакі. Акопы былі не на ўвесь рост: там, дзе сустракаўся граніт, ні лапаткі, ні лом не бралі цвёрдую пароду. Адбіўшы раз’юшаныя атакі гітлераўцаў, нашы перайшлі ў наступленне. Віктар ішоў у першых радах дэсантна-штурмавога падраздзялення. Пад моцным агнём праціўніка за адны суткі ён здолеў зрабіць праход на мінным полі (зняў 210 мін). За мужнасць і гераізм атрымаў медаль «За баявыя заслугі».
У сталіцы Аўстрыі Вене прыйшлося біцца за кожны квартал, за кожную вуліцу. Сапёры сутыкнуліся з супрацьтанкавымі і супрацьпяхотнымі перашкодамі, разбіралі барыкады і завалы, падрывалі доты. Пры штурмах будынкаў справа даходзіла да рукапашнай, тады ў ход ішлі сапёрныя лапаткі. А яшчэ быў загад камандуючага 3-м Украінскім фронтам маршала Ф.І. Талбухіна: «Берагчы гістарычныя помнікі». Быў размініраваны Райхбруке — самы вядомы венскі мост праз Дунай. Віктар быў лёгка паранены. Толькі праз 20 гадоў за гэту баявую аперацыю яго знойдзе заслужаная ўзнагарода — медаль «За адвагу». 9 мая адважны воін салютаваў са свайго ППШ у неба. Хлебам-соллю, кветкамі і ўсмешкамі віталі аўстрыйцы сваіх вызваліцеляў. На вуліцах горада гучалі і венскі вальс, і наша «Кацюша».
Пасля Перамогі служба ў арміі прадоўжылася яшчэ паўтара года ў Румыніі і Украіне. У маі 1947 года вярнуўся ў родную вёску, у якой праз год узначаліў калгас імя Дзяржынскага і стаў камуністам. Затым працаваў там, куды накіроўвала партыя: старшынёй Слабада-Кучынскага сельсавета, інспектарам па кадрах Забалацкай МТС, інструктарам Капыльскага РК КПБ, узначальваў прафсаюзныя камітэты саўгасаў «Лясное» і «Крыніца». Самыя лепшыя гады былі аддадзены роднаму саўгасу «Крыніца», дзе Віктар Юльянавіч шчыраваў аграномам-насенняводам. Яго вопыт, добрасумленнасць, уменне працаваць з людзьмі здабылі павагу сярод калег па працы. Будучы сямейным чалавекам, здолеў скончыць тэхнікум, прайсці ваенную падрыхтоўку на зборах на пасадзе намесніка камандзіра роты, атрымаўшы званне старшага лейтэнанта запасу. Разам з жонкай Нінай Юльянаўнай (споўнілася 90 гадоў) выхавалі чацвярых дзяцей.
За свае баявыя подзвігі ветэран узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Вены», трыма Падзякамі камандавання і інш.
Віктар Юльянавіч часта выступаў у роднай школе, дзяліўся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі аб днях ваеннага ліхалецця. Гаварыў праўду аб вайне такую, якая яна ёсць на самай справе. На вачах простага чалавека выступалі слёзы — гэта быў не толькі боль ад перажытага, але і падзяка за чулыя адносіны маладога пакалення.
Усё сваё жыццё камуніст Змачынскі быў самаахвярна адданы Айчыне (памёр у 2002 годзе).
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии