Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

27

Свята народнага волевыяўлення

29.04.2010
У спісы выбаршчыкаў па раёне ўключана 25 313 чалавек. Як паведаміў старшыня раённай выбарчай камісіі Іван Бабко, удзел у выбарчай кампаніі прынялі 24 143 чалавекі, што склала 95,38%, у тым ліку прагаласавалі датэрмінова 9683 выбаршчыкі, па месцы знаходжання (на даму) 2688, у дзень выбараў на ўчастках для галасавання — 11 772 выбаршчыкі. Найбольшая актыўнасць выбаршчыкаў – звыш 99% — назіралася на Канюхоўскім № 2, Сл.-Кучынскім № 6, Песачанскім № 7, Лясноўскім № 8, Пацейкаўскім № 10, Душаўскім № 11, Скабінскім № 22, Новадоктаравіцкім № 23, Быстрыцкім № 25, Ляшнянскім № 26, Руднянскім № 29, Вялікараёўскім № 30, Браткаўскім № 31, Навасёлкаўскім № 32, Бучацінскім № 36 выбарчых участках. Сярод гарадскіх самымі актыўнымі можна назваць Ленінскі ўчастак для галасавання № 18 (93,95%), участак для галасавання № 14 імя 50 год БССР (93,48%) і Дзяржынскі гарадскі № 16 (93,43%). Выбары адбыліся па ўсіх выбарчых акругах у абласны, раённы і сельскія Саветы дэпутатаў. 25 красавіка прэс-група рэдакцыі раённай газеты “Слава працы” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Капыльшчыны” наведалася на некаторыя выбарчыя ўчасткі. У адміністрацыйным будынку ДЛГУ “Капыльскі лясгас” размясціўся Дзяржынскі гарадскі ўчастак для галасавання № 16. З 8 гадзін ён расчыніў свае дзверы для выбаршчыкаў. Урачыстасць мерапрыемству надавала хоць і халоднае, але па-веснавому сонечнае надвор’е. Гучала музыка. А у пачатку дзесятай гадзіны раніцы было асабліва ажыўлена. Каб унесці адзнакі ў бюлетэні, стваралася нават чарга. Аддаць свой голас за кандыдатаў у мясцовыя органы кіравання ішлі і старыя, і маладыя. Калі некаторыя скарысталі магчымасць зрабіць гэта датэрмінова, то вось Марыя Іванаўна Крэпская разам са сваімі сяброўкамі вырашыла прагаласаваць менавіта ў нядзелю, маўляў, адчуць дух свята. “Я ўжо на заслужаным адпачынку. Заўсёды прымала ўдзел у галасаванні. Лічу гэта абавязкам кожнага, — адзначыла Марыя Іванаўна. — За сваё жыццё дзе толькі не працавала: на камбінаце бытавога абслугоўвання, у школе, дзіцячым садку, на ферме. Выгадавала 8 дзяцей, маю 11 унукаў і праўнучку. Хочацца, каб усе жылі шчасліва. За гэта і галасавала”. Многія выбаршчыкі не маглі прайсці міма буфета, адкуль даносіўся прыемны пах самых розных прысмакаў. Гандлёвую кропку тут арганізаваў Капыльскі кааппрам. Святлана Сыс прапаноўвала наведвальнікам прадукцыю прадпрыемства – кандытарскія і хлебабулачныя, каўбасныя, вэнджаныя вырабы. Начальнік вытворчасці Тамара Абрамовіч у гэты дзень адказвала за гандаль, які, дарэчы, уключаў у сябе таксама і вырабы Капыльскага каапхарчу – катлеты, смажаную рыбу, пончыкі… Святочны настрой панаваў і на Ванелевіцкім участку  для  галасавання № 24, які размясціўся ў будынку сярэдняй школы. Як паведаміла старшыня выбарчай камісіі Наталля Пішчэўская, выбаршчыкі вельмі актыўна прымалі ўдзел у галасаванні. Спасылаючыся на занятасць у выхадныя дні, некаторыя прыйшлі і зрабілі гэта датэрмінова. Аднак большасць выканалі свой грамадзянскі абавязак у нядзелю. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла транспарт для дастаўкі выбаршчыкаў з аддаленых вёсак. А хто не змог па стане здароўя прыняць удзел у мерапрыемстве, рабілі заяўкі, каб прагаласаваць дома. Гэта адзін з важных момантаў у арганізацыі выбараў. На ўчастку зарэгістраваны і назіральнікі: ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – Валянціна Дашукевіч, ад раённага Савета ветэранаў – Соф’я Муха, ад ГА “БРСМ” – Святлана Макаранка. На  дзень  выбараў на ўчастку дзяжурства несла і загадчыца Ванелевіцкага ФАПа Валянціна Канончык. Працаваў буфет, гучала ўрачыстая музыка. Менавіта пад яе і аддала свой голас ветэран вытворчасці Ганна Віктараўна Дзіткоўская. Дарэчы, яна абрана ў камісію ад Капыльскага раённага Савета ветэранаў. Пастаянна на працягу многіх гадоў былая загадчыца склада  брыгады “Саўкова” Ганна Віктараўна на выбарах самых розных рангаў прымала  непасрэдны ўдзел. Цяпер яна перадае вопыт малодшым і лічыць гэту справу вельмі адказнай. Члену камісіі важна не толькі правільна афармляць дакументы, але і ўмець тактоўна працаваць з выбаршчыкамі. На Быстрыцкім участку для галасавання № 25 у першай палове дня было таксама шматлюдна. Да будынка мясцовай сярэдняй школы, дзе размясціўся ўчастак, сіламі гаспадаркі быў арганізаваны падвоз выбаршчыкаў з навакольных вёсак. Старшыня выбарчай камісіі Мікалай Трус адзначыў: “Наш участак – адзін з самых буйных сярод сельскіх – у ім налічваецца 1217 выбаршчыкаў. Галасаванне праходзіць па адной акрузе ў абласны Савет дэпутатаў, па дзвюх – у раённы і па дзевяці – у сельскі. У склад камісіі ўваходзяць 11 чалавек, большасць з якіх маюць вопыт работы ў падобных мерапрыемствах. Аб актыўнасці выбаршчыкаў гаворыць той факт, што больш за 40% прагаласавала датэрмінова”. Вызначана і месца для назіральнікаў. Адзін з іх – Іван Уладзіміравіч Мышкавец, які прадстаўляе раённы  Савет  ветэранаў.  Ён адзначае актыўнасць мясцовых людзей. Як вязня лагера “Азарычы”, чалавека, перажыўшага яшчэ дзіцем фашысцкую няволю, голад і нястачу, гэты факт яго вельмі радуе. “Кожны грамадзянін павінен зрабіць свой выбар на карысць міру і спакою ў сваёй Бацькаўшчыне, — зазначае старшыня ветэранскай арганізацыі СВК “Ціміразеўскі”. – У нас налічваецца 140 ветэранаў. На жаль, з кожным годам усё менш становіцца ветэранаў вайны. Сёння з дзесяці чалавек самастойна прыйшлі на выбарчы ўчастак толькі Мікалай Аляксеевіч Ксяневіч і Васіль Трафімавіч Сергіеня. Да астатніх па іх заяўках члены камісіі выедуць па месцы пражывання”. Пакуль мы размаўлялі з Іванам Уладзіміравічам Мышкаўцом, з актавай залы школы ўжо даносіліся гукі акардэона. Па-майстэрску ім валодае мастацкі кіраўнік Быстрыцкага Дома культуры Іван Нічыпурэнка. Выбаршчыкі не разыходзіліся. Прыкупіўшы ў буфеце прысмакаў, яны з нецярпеннем чакалі выступлення  ансамбля  “Быстрычанка”. Семежаўская сярэдняя школа ў гэты сонечны дзень стала сапраўдным цэнтрам увагі ўсяго мясцовага насельніцтва. На ўчастак для галасавання № 34 ішлі і ехалі выбаршчыкі. Нас вельмі ўра-зіла, як некалькі бабуль адна за адной спраўна рухаліся на веласіпедах да навучальнай установы. “Гэта нашы стаханаўкі, — павітаўшыся, сказаў у адрас прыбыўшых былы старшыня калгаса “Семежава” Іван Якаўлевіч Малюжыц. – Я ўзначальваў гаспадарку 31 год. Разам са мной у жывёлагадоўлі, паляводстве працавалі гэтыя рупныя, з семежаўскай хваткай жанчыны”. Старшыня выбарчай камісіі Міхаіл Драцкі, які быў вылучаны на гэту часовую пасаду ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, зазначае, што цікавасць да галасавання праяўляюць і старэйшае, і малодшае пакаленні. Многія прыйшлі з дзецьмі, унукамі. Разам зрабілі выбар, зазірнулі ў буфет і адправіліся на другі паверх, дзе песнямі і танцамі радавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Семежаўскага СДК. Са сваім сынам Кірылам прыйшла на Жыліхаўскі ўчастак  для  галасавання № 35 і Надзея Любанец. Маладая жанчына працуе жывёлаводам у ЗАТ “Жыліхава”, а муж – механізатарам. Для малога хлопчыка пакуль не зразумела, што адзначыла маці ў кабіне і чаму апускала бюлетэні ў урну. Але адно ён зразумеў, што адбываецца нешта святочнае, бо гучыць музыка, усміхаюцца людзі. Старшыня выбарчай камісіі Наталля Абрамовіч зазначае, што ўсё мерапрыемства праходзіць на вялікім арганізацыйным узроўні. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла транспарт для падвозкі выбаршчыкаў на ўчастак. Ужо складзены спіс заявак з пажаданнем прагаласаваць дома. На ахове грамадскага парадку дзяжурства нясуць інспектар ДПС АДАІ Капыльскага РАУС Уладзімір Кажура і старшына ўнутранай службы, супрацоўнік Капыльскага РАНС Андрэй Уласовіч. Дарэчы, трэба адзначыць, што на кожным з 37  участкаў мы маглі бачыць людзей у пагонах. Яны добрасумленна неслі службу на давераных ім участках, гэтак жа, як работнікі культуры, харчавання, аховы здароўя. Свята стваралі ўсе разам, бо ўсім разам жыць і працаваць пад эгідай новых прадстаўнікоў мясцовай улады, якая, верыцца, будзе дзейнічаць на карысць чалавеку, яго дабрабыту, дзеля працвітання роднага краю. Марыя ШЭІНА Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей