Так называецца выстава вядомага беларускага мастака-жывапісца Алеся Філіповіча, якая пачала сваю работу ў ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей”. У яе адкрыцці прынялі ўдзел выхаванцы раённых дзіцячай школы мастацтваў, Цэнтра дзіцячай творчасці і іх педагогі.
На суд гледачоў мастак прадставіў больш за два дзясяткі жывапісных твораў, якія натхнёны любоўю да роднай зямлі, прыгажосцю беларускай прыроды, веліччу архітэктурных помнікаў, рытмамі сучасных гарадоў.
Алесь Філіповіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў сталіцы нашай рэспублікі. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, потым – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Выставачная дзейнасць Алеся Міхайлавіча пачалася яшчэ ў 1982 годзе на першай усесаюзнай выставе маладых мастакоў. Пасля яго карціны пабывалі ў Літве, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Расіі. Многія з іх знайшлі месца ў прыватных калекцыях Беларусі, Амерыкі, Канады, Англіі, Украіны, Германіі, Літвы. Напрыклад, партрэт Ніла Гілевіча ўпрыгожвае Беларускі нацыянальны Гудзевіцкі музей. Радуюць наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі і тры краявіды, напісаныя Філіповічам. У 2003—2004 гадах у Мінску прайшлі персанальныя выставы мастака, прысвечаныя 450-годдзю рэфармацыі на Беларусі. У 2003 годзе ён таксама прымаў удзел у выставе ў горадзе Альбэрабэлла (Італія).
Пейзаж – асноўны жанр у творчасці Алеся Філіповіча. Ён добра вядомы ў прафесійных мастацкіх колах і як партрэтыст. Героі яго партрэтаў – людзі-сучаснікі, у якіх аўтар раскрывае ўнутраны свет, тонкі псіхалагічны настрой, што дазваляе ўтрымліваць светаадчуванне розных культурных эпох, а таксама захоўваць вобразы для будучых пакаленняў.
Практычна ўсе свае творы Філіповіч стварае на ўжо гатовым каляровым палатне. Менавіта таму яму ўласцівы вастрыня, свежасць імгненнага ўражання і святасць разумення колеру. Мастак тут выступае не проста ў ролі пабочнага назіральніка, які суха і метадычна канстатуе факт прыгажосці навакольнага асяроддзя, але ён тонка адчувае прыроду, яе характар і настрой, спрабуе злавіць і перадаць яе дзіўныя нюансы, унесці ў пейзаж свае асабістыя адносіны і эмоцыі, што, у першую чаргу, перадаецца наведвальнікам выставы. Асабліва пранізлівыя і чуллівыя сельскія пейзажы мастака. У асноўным гэта блізкія і родныя яго сэрцу мясціны. Каляровыя ніці таленту, якія звязалі паміж сабой столькі краін, цягнуцца ў невялікую вёсачку на Уздзеншчыне – Куль, якая і стала цэнтрам натхнення. Сюды, у бацькоўскую хату, пераехаў Алесь Філіповіч з сям’ёй з Мінска.
У заключэнні самапрэзентацыі дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова падарыла мастаку кнігу “Памяць. Капыльскі раён” і вытканую сурвэтку ад раённага Цэнтра ткацтва
(здымак).
Жадаючыя пазнаёміцца з творчасцю Алеся Філіпо- віча могуць наведаць выставу мастака, якая будзе працаваць на Капыльшчыне на працягу месяца. Запланавана і правядзенне майстар-класа, падчас якога капыляне яшчэ раз акунуцца ў самабытную творчасць Алеся Філіповіча, што закранае адвечныя ісціны, даючы магчымасць адчуць кроўнасць сваіх каранёў і гарманічна ўспрымаць навакольны свет.
Таццяна БОХАН
Фота аўтара
Комментарии